
Вялікдзень – галоўнае хрысціянскае і сямейнае свята. Традыцыйна ў гэты дзень блізкія збіраюцца разам, каб адзначыць Уваскрасенне нашага Збаўцы Езуса Хрыста, пачаставацца асвячонымі стравамі і падзяліцца вялікай радасцю. Аднымі з самых пазнавальных і любімых атрыбутаў свята з’яўляюцца пафарбаваныя яйкі і пасхальны куліч.
Чаму велікоднае яйка сімвалізуе ўваскрасенне?
Яйка здаўна лічылася сімвалам новага жыцця і ўрадлівасці. У дахрысціянскіх культурах яно сімвалізавала таксама вясновае адраджэнне прыроды, сонца і стварэнне свету, з прыходам хрысціянства набыло новае духоўнае значэнне: яйкі нагадваюць пра пустую грабніцу Хрыста пасля Яго змёртвыхпаўстання. Як з яйка з’яўляецца новае жыццё, так і ўваскрасенне Езуса дае вернікам надзею на жыццё вечнае.
Традыцыя фарбавання яек сягае ў глыбокую старажытнасць. Згодна з паданнем, Марыя Магдалена пасля ўваскрасення Хрыста прыйшла да імператара Ціберыя ў Рым і прынесла ў падарунак яйка. Паднесла яго са словамі: “Хрыстос уваскрос!” – і пачала распавядаць пра свайго Настаўніка. Імператар усклікнуў, што чалавек не можа ўваскрэснуць, як не можа белае яйка стаць чырвоным. У тую ж хвіліну яйка ў руках жанчыны зрабілася чырвоным, а Ціберый пасля прыняў хрост.
Паступова фарбаванне яек стала масавым феноменам. Спярша папулярнасцю карысталіся натуральныя фарбавальнікі (адвар кары дуба, лупіны ад цыбулі, бурак – чырвоны колер як сімвал крыві Хрыста), пасля на яйкі пачалі наносіць узоры, арнаменты ў якасці ўпрыгожання, кожны з якіх меў сваё значэнне. І дагэтуль разіваюцца розныя мастацкія тэхнікі, якія дазваляюць стварыць унікальныя атрыбуты свята (дэкупаж, гравіроўка, 3D-друк і інш.).
Велікдзень нагадвае нам, што нават пасля самай цёмнай ночы наступае світанак і ўваскрасенне.

Сапоцкінская пісанка – адзін са старажытнейшых народных відаў роспісу. Для яго выкарыстоўваецца спецыяльны самаробны інструмент: “шпілька” ці “пісачок”– палачка з убітым у тарэц цвічком. Над свечкай расплаўляецца пчаліны воск і на яйкі наносіцца ўзор. Затым іх апускаюць у натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дуба, альхі, альховых шышак і іржавага жалеза, у выніку чаго атрымліваюцца светлыя ўзоры на фоне колеру фарбы.
Сапоцкінская традыцыя роспісу велікодных яек уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
У Сапоцкіне дзейнічае Музей пісанкі, дзе сабрана больш за 1500 яек, сярод якіх не толькі работы мясцовых майстроў, але і “нетрадыцыйныя” пісанкі, выкананыя з керамікі, крышталю, саломы.
Вялікдзень без куліча ўявіць немагчыма
Велікодныя пірагі – неад’емная частка хрысціянскай культуры. Традыцыя іх выпякання сыходзіць каранямі ў сярэднявечча, калі хрысціяне пачалі ўпрыгожваць і асвячаць хлябы, якія сімвалізуюць цела Хрыстовае. Пышная форма, якая падыходзіць на дражджах, сімвалізуе ўзлёт да неба, сувязь зямнога з духоўным. Унутры цеста часта хаваюць разынкі, цукаты або арэхі – сімвалы пладоў райскага саду.
Раней велікодныя пірагі выпякалі на вёсках цэлай грамадой: хтосьці рыхтуе начынку, хтосьці замешвае цеста… І да сёння вельмі цэніцца хатняя выпечка, у якую ўкладваецца душа і найлепшыя пажаданні.
Сумесная падрыхтоўка і раздача куліча сімвалізуюць адзінства сям’і. Святочны стол, дзе з’яўляецца куліч, аб’ядноўвае людзей у радаснае святкаванне.
Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне – гэта ўнікальны каляндарна-абрадавы звычай, уключаны ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Адметнасцю з’яўляецца выпечка вялікіх, багата ўпрыгожаных караваяў (часта на Вялікдзень), якія робяць жанчыны-каравайніцы, перадаючы сакрэты адмысловай рэцэптуры з пакалення ў пакаленне.
Велікодныя святы – час умацавання роднасных сувязей.

Па традыцыі, велікодныя пірагі выпякаюць толькі ў гарачую (Чырвоную) пятніцу. Для іх вырабу рыхтуецца асаблівае цеста, якое замешваецца з пэўным намерам. Напрыклад, пірог “Пасха” выпякаецца для асвячэння, пірог “Мазурка” – для прыёму гасцей. Пірог “Пляцёнка”, аздоблены пераплеценымі жгутамі з ягадамі, прызначаецца для частавання валачобнікаў. “Бабкіны пірагі” ўпрыгожаны фігуркамі жывёл, кветкамі, выпякаюцца для частавання дзяцей. Пірог “Крыжык” раней насілі на могілкі, каб ушанаваць памяць продкаў, а пірог “Чырвоная горка” прызначаўся для хатняй жывёлы. Сам працэс выпечкі велікоднай здобы звычайна суправаджаецца малітвай і спевамі.
Традыцыйнае хрысціянскае прывітанне “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” гучыць ужо на працягу амаль дзвюх тысяч гадоў. Яно паказвае веру ў тое, што Езус Хрыстус перамог смерць, выказвае радасць і прызнанне гэтай вялікай падзеі.
Святлана Пышынская, парафія Перамянення Пана ў Вавёрцы
З распачаццем Вялікага посту душа нібы засыхае, адчуваючы духоўную смагу. І каб напіцца жыватворнай вады, мы на працягу 40 дзён молімся, удзельнічаем у набажэнствах Крыжовага шляху і Песнях жальбы, устрымліваемся ад забаў, робім пастановы. Іншымі словамі, засяроджваемся на сваім духоўным аднаўленні.
І вось доўгачаканае “Хрыстос уваскрос!”. Гэта не проста прывітанне, гэта Перамога! Цяжар грахоў змылі мукі Езуса Хрыста, і душа перажыла аднаўленне. Значыцца, усё было не дарма.
Віктар Палтавец, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне
Велікоднае прывітанне “Хрыстос уваскрос!” – гэта радасць, якой я хачу дзяліцца з астатнімі. Пасля цёмнай ночы граху наступіў світанак перамогі, святло перамагло цемру!
Вялікдзень – прычына, па якой Хрыстос збірае нашы сем’і разам. У гэтае свята блізкія і родныя з’язджаюцца часам з розных куткоў краіны, каб павіншаваць адзін аднаго з вялікай радасцю: уваскрос наш Пан! Мы таксама святкуем Вялікдзень усёй сям’ёй. Цешымся ўзаемна, па традыцыі б’ёмся пафарбаванымі яйкамі і частуемся кулічамі. Верым, што разам з намі цешыцца і ўваскрослы Хрыстос.
Эвеліна, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне
Вялікдзень асацыіруецца ў мяне з самым прыгожым сямейным святам. Гэта вялікая радасць, калі мы ідзём увечары ў суботу ў касцёл, каб блаславіць стравы на велікодны стол, у нядзелю збіраемся разам на ўрачыстым абедзе.
Мне падабаецца, калі мы сустракаемся вялікай сям’ёй. Падабаецца ехаць на свята ў вёску да маёй прабабулі, якой ужо 93 гады. Кожны прывозіць прыгожае печыва, і мы абдымаемся, радасна вітаючы адзін аднаго словамі: “Хрыстос уваскрос!”.
Юрый Карпач, парафія Маці Божай Анёльскай у Гродне
Для мяне велікоднае вітанне “Хрыстос уваскрос!” – гэта, перш за ўсё, надзея на тое, што жыццё заўсёды мацнейшае за смерць, а святло перамагае любую цемру.
Дадзеныя словы прымушаюць спыніцца, задумацца пра вечнае і адчуць сапраўдную радасць ад таго, што ўсё можна пачаць з чыстага ліста. Вялікдзень – вельмі цёплая традыцыя, якая яднае сям’ю і нагадвае, што любоў і дабро – самыя галоўныя рэчы ў свеце.
Іна Дашкевіч, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах
“Хрыстос уваскрос!” – гэта не проста рэлігійны лозунг, а ўнутраны заклік не здавацца, верыць у лепшае і кожны дзень выбіраць святло замест цемры.
Уваскрасенне заклікае кожнага з нас да ўваскрасення душы, яшчэ пры жыцці. Гэта адмова ад старога “я”, якое жыве ў крыўдзе, страху, і нараджэнне “новага чалавека”, здольнага любіць і дараваць. Збаўца паказвае шлях: праз ахвярнасць і любоў.
А яшчэ Уваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца доказам таго, што цемра заўсёды часовая. Для кожнага чалавека гэта азначае, што любая “пятніца” (час болю і страты) абавязкова скончыцца “нядзеляй”.
Фотаздымкі са свята-кірмаша вырабаў рамеснікаў “Гарадзенскія традыцыі да свята Вялікадня 2026”
Матэрыялы паласы падрыхтавалі Ангеліна Пакачайла і Вольга Сяліцкая





