Skip to main content
Логотип

Будні палескага святара

photo 2026 04 07 16 18 17

На Палессі, у Ляхавічах, жыве і працуе кс. Дзмітрый Кернога, які з’яўляецца адказным за шэсць (!) парафій. Часам, каб даехаць у дальнюю вёску і ўдзяліць сакрамант споведзі хворай бабулі, святару даводзіцца карыстацца паромнай пераправай.

Кс. Дзмітрый Кернога паходзіць з Новай Мышы, што недалёка ад Баранавічаў. Скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне ў 2005 годзе.

Сёння нясе паслугу ў Лунінцы, Мікашэвічах, Жыткавічах, а таксама апякуецца парафіямі ў Асавой, Століне і Давыд-Гарадку.

– Кс. Дзмітрый, як Вы ўсюды паспяваеце?

– Гэта ўжо маё восьмае ці дзевятае месца служэння, нават не памятаю... Зараз мая рэзідэнцыя ў Лунінцы. Кожны дзень адпраўляю службы толькі тут, бо, прабачце, не наездзішся. Да Мікашэвічаў 50 кіламетраў, а да Жыткавічаў – 80. Можна палічыць, колькі кіламетраў трэба наматаць у нядзелю.

У верасні мінулага года біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка выдаў мне дэкрэт яшчэ на тры парафіі: Асавая, Столін і Давыд-Гарадок. Там з’яўляюся настаяцелем і адказным за ўсе гаспадарчыя справы.

– А хто там служыць Імшы?

– У Асавой і Століне – ксяндзы з Пінска, яны там блізка знаходзяцца. У Давыд-Гарадок ксёндз з Лельчыцаў у нядзелю даязджае. А калі якія-небудзь справы, напрыклад, што да хворых ці на пахаванні, то ўжо вырушаю я.

– Гэтыя ж парафіі знаходзяцца на другім беразе Прыпяці, як Вы туды дабіраецеся?

– У нас ёсць паром – так значна бліжэй. Але бліжэй не значыць лепш. Дарога благая, няма асфальту. А калі ехаць у аб’езд, то гэта каля 150 кіламетраў. Але што зробіш… У вас на Гродзеншчыне такога няма (усміхаецца – заўв. аўт.).

– А што наконт парафіян? Колькі людзей прыходзіць у касцёл, каб памаліцца?

– У нядзелю ў Лунінцы каля 17 чалавек, у будні – 2-3. У Мікашэвічах – 13 чалавек, у Жыткавічах 6-8. Я ўжо дзевяты год тут служу. Раней было болей, але адышлі да Госпада нашыя любімыя бабулькі…

– А як з новым пакаленнем? Ці ходзіць да касцёла моладзь?

– На жаль, не. Вось толькі двое дзяцей маю ў парафіі: маладыя сем’і пераехалі з вашых краёў. З Пінска да іх катэхетка прыязджае.

– Кс. Дзмітрый, чым Вы займаецеся ў вольны час, каб не засумаваць?

– Насамрэч, мне некалі сумаваць. Возьмем самае прымітыўнае – перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый. Уявіце сабе, што ў мяне шэсць парафій! На ўсе трэба зрабіць новыя пячаткі, пайсці ў падатковую службу, бюро тэхнічнай інвентарызацыі… І гэта ўсё для кожнай парафіі асобна.

Мала хто ведае, што работа сучаснага ксяндза не толькі ў тым, каб адправіць Імшу. Калі акунуцца ў працу з галавой, то не будзе калі і носа выцерці.

– Вы казалі, што колькасць парафіян невялікая, то, зразумела, і за тэрыторыяй, і за парадкам у святынях Вы сочыце?

– У Мікашэвічах і Жыткавічах парафіяне дапамагаюць даглядаць. Давыд-Гарадок і Асавая – на мне, у Століне – таксама парафіяне.

У Лунінцы, канешне, вельмі стараюцца людзі. Але іх пераважная частка – жанчыны сярэдняга і сталага ўзросту, таму, у асноўным, уся цяжкая праца, нейкія тэхнічныя пытанні ляжаць на мне. Жанчыны кветкі пасадзяць, а ўжо касіць я іду. Але мяне не напалохаць гэтым. Такія цяжкасці ўспрымаю як служэнне.

Два гады таму яшчэ рабілі рамонт лунінецкага кацёла, біскуп пераасвячаў яго. Святыня доўга была зачынена, потым яе перадалі Хрысціянам Веры Евангельскай (ХВЕ – буйны кірунак у пратэстантызме – заўв. аўт.). Толькі праз суд будынак вярнулі католікам. Гэта калі коратка.

– Чым адметнае жыццё палескага святара? У чым спецыфічнасць яго паслугі?

– Дапусцім, патэлефанавалі мне, што заўтра трэба ехаць на пахаванне ў Жыткавічы. Амаль дзве гадзіны дарога займае, а яшчэ сам памінальны абрад… Ці трэба ехаць да хворай бабулі, каб яе паспавядаць, на другі бок Прыпяці. Паром уже не працуе, а гэта больш за 100 кіламетраў у аб’езд. Увечары яшчэ служба ў Лунінцы, трэба вяртацца. Вось дзень і прайшоў.

Такі стыль жыцця, стыль паклікання… Мяне семінарыя добра выхавала, добра сфарміравала. Таму ніякіх праблем ці прэтэнзій няма, чаму я тут, у гэтым месцы.

Канешне, хочацца калі-нікалі з’ездзіць да святара-сябра на каву. Але як падумаеш, што да яго ехаць 60-70 кіламетраў, то ўжо і не хочацца (усміхаецца – заўв. аўт.).

– Я чуў, Вы праводзіце рэкалекцыі?

– Так, але я не шукаю рэкалекцый, Гасподзь сам дае магчымасці. Куды клічуць, туды і еду. На Гродзеншчыне таксама быў. Добрыя святары заўсёды падтрымліваюць малыя парафіі, за што я ім вельмі ўдзячны.

Тэма вельмі далікатная. Мае 17 парафіян і за газ, і за святло плацяць. А калі не хапае, напрыклад, зімой, то трэба заўсёды мець нешта для такіх спраў. Па-рознаму было, у пандэмію нават і на паліва грошы цяжка было дастаць, але касцёл не закрывалі – заўсёды былі службы. Пан Бог не пакідае.

Ведаю, што на вялікіх парафіях ксяндзам таксама цяжка, можа, яшчэ і болей. Але тут гаворка ідзе пра людзей: на такіх малых парафіях іх вельмі шкада. Ты не можаш іх пакінуць: даязджаць раз на месяц ці на два месяцы. Агонь веры трэба падтрымліваць, каб ён не пагас.

Я бачу і веру, што вельмі патрэбны гэтым людзям. Але ніхто не вінаваты, што такія адлегласці… Жніво вялікае, а работнікаў мала (параўн. Лк 10, 2). На жаль не хапае сёння святароў.

Паглядзіце, у многіх гарадах у Гомельскай вобласці зусім няма нічога каталіцкага. Гэта і Добруш, і Буда-Кашалёва… А, напэўна, там 1-2 католіка і знайшлося б. Трэба маліцца за хлопцаў, за пакліканні, каб не баяліся ісці за Езусам, несці людзям гэты агонь веры.

Павел Якуць