
Прыходзячы пасля свайго ўваскрасення да вучняў, якія зачыніліся ў доме, Езус Хрыстус вітае іх словамі: “Спакой вам!” (Ян 20, 19). Гэта не было звычайным прывітаннем. Гэта дар. Гэта плён Яго мукі, смерці і ўваскрасення.
Нядзеля Божай Міласэрнасці сёлета ў Касцёле прыпадае на 12 красавіка.
Спакой, які прыносіць уваскрослы Хрыстос, нараджаецца з прабачэння, а прабачэнне – плён міласэрнасці Бога. Міласэрнасці, якая з’яўляецца не пачуццём, а спосабам дзеяння Бога ў дачыненні да грэшнага чалавека.
Міласэрнасць – гэта не штосьці другаснае ў хрысціянстве, гэта яго стрыжань. Як казаў папа Бенедыкт XVI, міласэрнасць – гэта імя Бога, які з любові стварае, ратуе, вядзе. У Хрысце ўкрыжаваным яна аб’яўляецца найвышэйшым чынам – як “любоў да канца” (параўн. Ян 13, 1), любоў, якая не вагаецца перад смерцю.
Апостал Тамаш не паверыў у вестку аб уваскрасенні Пана. Ён патрабаваў дакрануцца да ран Хрыста (параўн. Ян 20, 25). A Езус, прыходзячы, не адхіляе яго жадання – прыходзіць з ранамі. Менавіта ў іх мы распазнаём праўдзівасць Збаўцы. Раны – гэта не доказ паражэння, гэта пячаць міласэрнасці. Менавіта ў іх знаходзіцца праўда аб тым, кім з’яўляецца Бог: Тым, хто дае сябе зраніць, каб мы маглі быць аздароўлены (параўн. Іс 53, 5).
Гэта незвычайна – уваскрасенне не ліквідуе пакуты, яно іх перамяняе. Крыж становіцца не ануляваным, а праслаўленым. І менавіта ў гэтым аб’яўляецца магутнасць
Божай міласэрнасці – яна не паварочвае час назад, а ператварае раны ў крыніцу ласкі.
Касцёл нараджаецца з прабітага бока Хрыста – з вады і крыві (параўн. Ян 19, 34), сімвала хросту і Эўхарыстыі. Таму міласэрнасць становіцца фундаментам сакраментальнага жыцця Касцёла. Паўсюль, дзе ўдзяляецца хрост, паўсюль, дзе здзяйсняецца Эўхарыстыя – там дзейнічае тая ж самая любоў, якая пралілася з бока Збаўцы.
У сакраманце пакаяння – асабліва важным у свята Міласэрнасці – Бог не толькі прабачае, Ён адкрывае сэрца чалавека. Робіць так, што грэшнік становіцца зноў здольным да любові. Міласэрнасць не спыняецца на прабачэнні – яна вядзе да камуніі.
Св. Ян Павел ІІ, устанаўліваючы свята Божай Міласэрнасці, адказаў на заклік Езуса, звернуты да св. Фаўстыны Кавальскай: “Хачу, каб свята міласэрнасці было прытулкам і сховішчам для ўсіх душ, а асабліва для бедных грэшнікаў [...]. У гэты дзень адкрыты ўсе Божыя глыбіні, праз якія сыходзяць ласкі; няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі як барва” (Дз. 699). Але Папа таксама і распазнаў знакі часу. У свеце, які просіць аб справядлівасці,
Касцёл пакліканы паказваць міласэрнасць не як слабасць, а як магутнасць праўды і любові.
Міласэрнасць – гэта не абвяржэнне справядлівасці, гэта яе паўната. Бог не адмаўляецца ад праўды аб чалавеку, але ў Хрысце бярэ на сябе наступствы людскога граху. І менавіта таму можа прабачыць, не замоўчваючы нашай віны.
Няхай гэты дзень стане нашым асабістым “дакрананнем да ран”. Як св. апостал Тамаш, якога называюць “няверуючым”, будзем будаваць блізкасць з Езусам – нават праз недахоп веры, сумненні, усведамленне сваёй слабасці. Менавіта там, дзе чалавек сутыкаецца з уласнай немаччу, аб’яўляецца любоў, якая ніколі не падводзіць.
Не будзем жа баяцца сказаць Пану: “Пан мой і Бог мой!” (Ян 20, 28). Гэтыя словы апостала няхай стануць нашым актам веры, прамоўленым з глыбіні сэрца, бо хто спазнаў міласэрнасць, той не можа жыць інакш – ён мусіць ёю дыхаць, мусіць яе абвяшчаць, мусіць ёю станавіцца.
Кс. Юрый Марціновіч





