
Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі выпусціла ў друк зборнік спеваў з запісамі нот “Наша надзея ў Табе”, які змяшчае больш за 300 музычных твораў на беларускай мове.
Нотнае выданне з’яўляецца незаменным дапаможнікам для касцёльных музыкантаў, асаблівым чынам для арганістаў, бо змяшчае спевы на ўвесь літургічны год і важныя цэлебрацыі. Яго рэпертуар складаецца са сталых частак св. Імшы, а таксама песень на розныя літургічныя перыяды (Адвэнт, Божае Нараджэнне, Вялікі пост, Вялікдзень). Акрамя гэтага, выданне ўключае багатую падборку папулярных рэлігійных спеваў да Маці Божай, Сэрца Пана Езуса, Найсвяцейшай Тройцы, Святога Духа і інш.
Зборнік спеваў убачыў свет у кніжным фармаце. Складаецца з твораў, узятых з раней выдадзеных спеўнікаў: “З надзеяй, Ойча, да Цябе” (Гродна, 1999), “Аднаві маю надзею” (Гродна, 2024), “Малы дапаможнік для арганістаў” (Гродна, 2025), а таксама традыцыйных і новых спеваў. Для зручнасці пошуку яго змест таксама прадстаўлены ў алфавітным парадку.
Асобна выдавецтвам былі надрукаваны спеўнікі меншага, кампактнага фармату з тэкстамі спеваў. Яны прызначаны для выкарыстання вернікамі ў парафіях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі





