
Цудадзейны абраз перажыў не толькі пакуты і жах сусветных войнаў, але і перанос цэлага горада ў іншае месца. Захаваны веруючымі ў гады антырэлігійнай барацьбы, ён стаў своеасаблівым сімвалам адраджэння Касцёла на Брэстчыне.
Падарунак да Царкоўнага яднання
У XVI стагоддзі невядомым мастаком была напісана копія абраза Маці Божай са славутай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме (Італія). Сюжэт гэтага абраза даволі рэдкі, напоўнены знакавымі асаблівасцямі, бо выяўляе Маці Божую ў малітоўнай паставе, са складзенымі рукамі, позірк якой накіраваны на Немаўля. Побач з Марыяй – юны св. Ян Хрысціцель ў скрусе.
Гэтаму абразу была наканавана сваеасаблівая доля, бо яго шлях накіроўваўся ў беларускі Брэст – горад з такім жа адметным лёсам. Згодна з паданнем, абраз прывёз з Рыма славуты біскуп Адам Іпацій-Пацей, які знаходзіўся там у складзе дэлегацыі, якая рыхтавала ўмовы заключэння Царкоўнай уніі (па выніку – Брэсцкай уніі 1596 года). Менавіта з гэтай нагоды папа Кліменс VIII 23 снежня 1595 года ў прысутнасці 32 кардыналаў і замежных паслоў падараваў біскупу ўзгаданую ікону.
Дапаможніца хворых
Спачатку абраз праз біскупа быў ахвяраваны айцам дамініканцам з мястэчка Шараўка (сучасная тэрыторыя Украіны на Падоллі). У час татарскага набегу яго адтуль вывезлі. Абраз быў выратаваны ваяводам Мікалаем Патоцкім.
Неўзабаве ікону размясцілі ў радавой капліцы Патоцкіх у Брэсце. Тут яна і праславілася сваёй цудадзейнасцю. Як апавядае гісторыя, Маці Божая захавала род Патоцкіх шляхам збаўлення ад цяжкай хваробы самаго князя Мікалая праз штодзённыя малітвы яго жонкі перад выратаваным абразом. З гэтай нагоды жанчына, якая была лютэранкай, перайшла ў каталіцкую веру.
Гісторыя аздараўлення князя стала вядома ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Да іконы пачалося масавае пілігрымаванне. Колькасць цудоўных выпадкаў дапамогі Багародзіцы расла, што спрыяла яшчэ большаму праслаўленню абраза і сярод шляхты, і сярод простых людзей.
Выратаваная
У 1830-х гадах Брэст быў зруйнаваны разам з усімі кляштарамі і святынямі, якія знаходзіліся ў горадзе. На яго тэрыторыі па загадзе імператара Мікалая І пачалося будаўніцтва славутай крэпасці. Сам горад быў перанесены на тое месца, дзе ён і знаходзіцца зараз.
У новым горадзе абраз перажыў часы паўстанняў, рэвалюцый, змены ўлад ды жахі дзвюх сусветных войнаў. Але атрымалася так, што іконе спатрэбілася заступніцтва веруючых людзей у мірныя часы. У савецкія гады брэстчанін Андрэй Чарняк схаваў абраз, каб захаваць яго для Касцёла і людзей. Так ікона “знікла” да часоў палітычнай адлігі.
У 1968 годзе вернікі змаглі асцярожна выставіць рэліквію для малітвы ў хаце на ўскрайку горада. Магчыма, менавіта дзякуючы намаганням веруючых людзей ікона не знікла ў гарніле барацьбы з рэлігіяй. Абраз лічыцца адзіным, які захаваўся, з афіцыйна вядомых 37 абразоў, якія былі ў Брэсце да Другой сусветнай вайны.
Сімвал адраджэння і каранацыя
Напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя ў Брэсце, дзе на той час не мелася дзеючага касцёла (быў зачынены савецкімі ўладамі), пачаўся працэс адраджэння веры. Гісторыя вяртання каталіцкай святыні вернікам расцягнулася на некалькі гадоў праз судовыя працэсы і іншыя перашкоды. У выніку 28 жніўня 1990 года рыма-каталіцкая парафія Узвышэння Святога Крыжа была адноўлена, а роўна праз два гады пасля аднаўленчых работ быў кансэкраваны касцёл. Праз два дні ў муры святыні ўнеслі захаваны вернікамі абраз Маці Божай Брэсцкай.
30 чэрвеня 1996 года кардынал Казімір Свёнтэк і Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Дамінік Грушоўскі ад імя папы Яна Паўла ІІ усклалі на абраз Маці Божай Брэсцкай папскія кароны.
Віктар Малежык





