Skip to main content
Логотип

Праз творчасць – з верай

photo 2026 04 07 16 51 44

Большую частку жыцця Марыя Гаўраш прысвяціла Касцёлу як мастачка, рэстаўратар, скульптар, дэкаратар. За кожнае заданне бралася з ахвотай і адказнасцю, рэалізоўваючы свае таленты.

Шляхам мастацтва

Марыя Гаўраш з маленства “пры Касцёле”. Яе мама, Адальфіна Шоцік, усё жыццё ангажавалася ў парафіяльную дзейнасць. Належала да касцёльнага камітэта ў Ляцку. Была адказнай за арганізацыю працэсій, там жа стварала святочныя дэкарацыі. “У нашай вёсцы, у Еўлашах, касцёла не было, і мы пешкі хадзілі ў Ляцк, – распавядае спадарыня Марыя. – Калі там святыню зачынілі, мама вазіла нас у Жалудок, Астрыно, Каменку. Яна перадала нам першыя іскрынкі веры”.

Атрымаўшы профільную адукацыю, Марыя Гаўраш працавала мастаком-афарміцелем на гродзенскіх прадпрыемствах. Адначасова з гэтым, дапамагала ў святынях, якія з мамай наведвала з маленства. То стацыі Крыжовага шляху трэба перамаляваць, то з абразамі дапамагчы. Як гаворыць, “што прасілі, тое і рабіла”.

“Я шмат працавала на Шчучыншчыне: у Ляцку, Жалудку, Астрыне, Дзембраве. Дзесьці рабіла канкрэтныя, адзінкавыя рэчы, дзесьці на даўжэй затрымлівалася.

Была ў Суботніках, Дзярэчыне. У Казловічах многае аднаўляла. У Васілішках нешта рабіла, вельмі даўно. З апошняга – дапамагала ў Пагаранах”. Узгадваючы, колькі ўсяго было зроблена за дзесяткі гадоў, жанчына шкадуе, што не вяла летапісу сваіх работ.

Некаторыя праекты мастачка і рэстаўратар рэалізоўвала разам з сужонкам. “Ён маляваў, але радзей. Часцей адліваў скульптуры, – дзеліцца спадарыня Марыя. –Супольна мы зрабілі стацыі для касцёла ў Астрыне. Я ляпіла іх у пластыліне, а ён адліваў у метале – меў прыватную ліцейку ў нас на дачы”.

“Патаемная” копія абраза

У 1986 годзе Марыю Гаўраш з мужам запрасіў на сустрэчу кс. Юзаф Грасевіч, тагачасны пробашч у Каменцы. Гэта ён прычыніўся да захавання абраза Езуса Міласэрнага, напісанага паводле ўказанняў св. Фаўстыны Кавальскай. Святар звярнуўся да мастачкі з просьбай напісаць копію арыгінальнага абраза, які тады знаходзіўся ў касцёле ў Новай Рудзе. У 1970 годзе будынак святыні перарабілі ў склад, з таго часу знакамітая ікона знаходзілася пад пагрозай знішчэння.

“Кс. Грасевіч распавёў, як абраз трапіў у беларускую вёску, і растлумачыў, што трэба тэрмінова зрабіць копію, бо яго могуць забраць. Я адказала, што пастараюся, – распавядае мастачка. – Святар раздаваў абразкі «Езу, давяраю Табе». Я таксама мела. І спачатку думала, што з яго і намалюю. Але засумнявалася і папрасіла аб магчымасці дакладна паглядзець на арыгінал у святыні. Памятаю, парафіяне патаемна адкрылі нам касцёл. Я стала на хоры і, гледзячы на колеры іконы, падбірала фарбы, імітавала, нібы з натуры раблю адразу. Малявала маленькія пробнікі, каб потым супаставіць і прыйсці да найбольш дакладных колераў”.

IMG 20260330 WA0014

Зрабіўшы частку працы ў святыні, спадарыня Марыя яшчэ каля некалькіх тыдняў пісала абраз Езуса Міласэрнага ў майстэрні, з эпідыяскопам. Памер – метр на два.

Узгадвае, што потым яшчэ шмат копій дадзенага абраза стварыла.

Мастачка прызнаецца, што малітва і старанне дапамаглі. Узгадвае, як была ўзрушана, калі кс. Грасевіч прыбыў на “прыёмку” абраза, асвяціў яго і ўсе, хто быў у пакоі, укленчылі і памаліліся перад іконай, якую яна пісала сваімі рукамі… “Я проста дакранулася да гэтага ўсяго. Ведаеце, любая другая мастачка магла быць на маім месцы. Я проста ездзіла па касцёлах, даўно знаёмая была з кс. Грасевічам... Ды і што я? Дзякуй сваёй маме скажу. Гэта яна мяне ўсюды вадзіла”, – дзеліцца спадарыня Марыя.

Арыгінал абраза пазней знялі, схавалі. Святар распавядаў, што яго патаемна даставілі ў касцёл Святога Духа ў Вільні. Зараз ён знаходзіцца ў мясцовым касцёле Святой Тройцы, які мае статус санктуарыя Божай Міласэрнасці.

З верай у Божую міласэрнасць

Розныя іконы пісала мастачка па замове. Некаторыя знаходзяцца нават у Польшчы, Нарвегіі. “«Апошнюю вячэру» ў мяне шматразова прасілі, – дзеліцца Марыя Гаўраш. – У каплічках маленькіх, шпітальных мае абразы ёсць. У гродзенскім бернардынскім касцёле (Узвышэння Святога Крыжа – заўв. аўт.) абраз бл. Юрыя Папялушкі я пісала, св. Яна Паўла ІІ”.

Шмат гадоў спадарыня Марыя стварала таксама дэкарацыі на Вялікдзень, Божае Нараджэнне, Божае Цела. Каля 12 гадоў “рабіла прыгажосць” для бернардынскага касцёла. “Тут я рэстаўрыравала алтары – усе скульптуры, свечы. Папсаваныя – венецыянкай папраўляла, выконвала роспісы, – узгадвае яна. – Памятаю, калі нехта прыязджаў на экскурсію, то я пакідала працу і вадзіла людзей па святыні, як экскурсавод. Тлумачыла, асабліва пра каплічку Божай Міласэрнасці, распавядала пра сімвалізм. Некаторыя не ведалі, што трэба маліцца да міласэрнага Бога, што па Божай міласэрнасці нам грахі адпускаюцца”.

Акрамя ўсяго, Марыя Гаўраш піша вершы, марыць выдаць зборнік сваіх твораў. Шмат якія з іх перадаюць унутраныя перажыванні, звязаныя з верай. “Можа, яны будуць карыснымі для кагосьці, – сціпла заўважае жанчына. – Вера з’яўляецца маёй канстантай. Трымаюся таго, што ёсць адзіны Бог, наш Айцец. Усё аддаю Яго міласэрнасці”.

Кацярына Паўлоўская