
Дзень трыумфу
Уваскрасенне Пана – вялікі дзень перамогі, які не мае сабе роўных. Смерць сустрэлася з жыццём у бітве, і жыццё перамагло. Пераможца паўстаў з магілы! Хрыстос – хоць памёр на крыжы – валадарыць сёння жывы! Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень (параўн. Дз 10, 40). “Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?” (1 Кар 15, 54–55).
Езус перамагае, каб адчыніць нам брамы, якія вядуць у краіну вечнага жыцця. Ён вызваляе з граху, які не дазваляе чалавеку цешыцца паўнатой жыцця і прыводзіць у роспач. Настаўнік з Назарэта перамагае сатану, які спакушае людзей на зло. Атрымлівае перамогу над чалавечай слабасцю, даючы прыклад і ўдзяляючы сваю моц, каб мы за св. апосталам Паўлам маглі сказаць: “Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч? Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас” (Рым 8, 35–37).
Божы Сын атрымаў перамогу над смерцю, грахом і сатаной, каб мы самі маглі перамагаць праз Пана Езуса Хрыста (параўн. 1 Кар 15, 57). Дзякуючы хросту мы сталі ўдзельнікамі смерці і ўваскрасення Збаўцы. З Хрыстом былі ўваскрошаны да жыцця (параўн. Кал 3, 1), каб аб’явілася ў нас моц уваскрослага Пана. Дзякуючы сакраментальнай ласцы становімся здольнымі да таго, каб усё наша жыццё зрабіць сведчаннем Хрыстовага ўваскрасення.
Пасхальныя святы павінны стаць нагодай дзяліцца з іншымі асабістымі зносінамі з уваскрослым Панам, асабістым сведчаннем веры. Давайце ж на ўзор вучняў Езуса захочам “убачыць і паверыць” (параўн. Ян 20, 8), a досвед Марыі Магдалены, цяжкі, але прыгожы (менавіта ёй было дадзена першай убачыць Уваскрослага), няхай стане і нашым досведам.
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду





