
Барацьба і радасць
Апостал Пётр перадае тую атмасферу радасці, якая, напэўна, пасля святкавання Уваскрасення Хрыста пануе і ў нашых сэрцах: “Бласлаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых” (1 П 1, 3). У той самы час Апостал суцяшае сваіх чытачоў: “Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная ваша вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста” (1 П 1, 6–7).
Напэўна, мы неаднаразова маглі дасведчыць, што хрысціянскае жыццё – гэта барацьба. Барацьба са знешнімі спакусамі, са злом унутры нас. “Цяперашняе жыццё – гэта барацьба, подзвіг змагання, а будучае – заплата, вянец, узнагарода”, – пісаў св. Ян Залатавусны.
Уваскрасенне Хрыста – не толькі радасная падзея з гісторыі, гэта таксама ўмацаванне нас у барацьбе са злом – знешнім і ўнутраным. Тыя, хто вераць у Хрыста, удзельнічаюць у Яго перамозе. Цудоўна сказаў аб гэтым св. Базыль Вялікі: “Ты ідзеш за Валадаром-Пераможцам, які хоча зрабіць цябе ўдзельнікам сваёй перамогі.
Таму, нават паміраючы, не будзеш пераможаны, наадварот, менавіта тады пераможаш, бо зберажэш непарушную праўду і свабоду яе вызнаваць”.
Няхай жа радасць вялікай перамогі Хрыста і радасць нашых малых перамог над уласнай слабасцю і грахом напаўняе сэрцы ўсіх, хто святкуе Уваскрасенне Госпада.
А дэвізам нашай барацьбы няхай стане парафраз радкоў з 67 Псалма, які неаднаразова гучыць падчас велікодных набажэнстваў візантыйскай традыцыі: “Хай уваскрэсне Бог і разбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавіснікі Яго”.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду





