Дарагія Чытачы!
Пальмовая нядзеля ў многіх асацыіруецца з прыгажосцю рознакаляровых пальмавых галін, з якімі вернікі ў гэты дзень прыходзяць у святыні. Аднак гэта не толькі выраз маляўнічага народнага фальклору, але і своеасаблівае канцэнтраванне на найважнейшых таямніцах хрысціянскай веры. Езус Хрыстус адкрывае перад намі гэтыя таямніцы, паколькі яны былі аб’яўлены моцай сакраманту святога хросту, які мы прынялі.
“Я ўжо не называю вас слугамі, […] назваў сябрамі вас” (Ян 15, 15), – сказаў Настаўнік з Назарэта апосталам і гаворыць таксама нам. Ён дазваляе паглыбіцца ў справу Адкуплення, якое прадказалі прарокі з прыйсцем на зямлю Месіі. Мы, хрысціяне, удзельнічаем ва ўсім гэтым духоўна. Усё гэта становіцца таксама і нашай справай.
У нядзелю Мукі Пана ўваходзім у “духоўную браму”, за якой адкрываецца “панарама” Вялікага тыдня. Яго высілак мусіць стаць для вызнаўцаў Хрыста ачышчэннем, намашчэннем і смерцю для зла і граху.
Будзем жа старацца правесці гэты час паглыблена, узбагачаныя плёнам Вялікага посту і адкрытыя на бясцэнныя скарбы Мукі, Смерці і Уваскрасення Божага Сына.





