Skip to main content
Логотип

Дзень святасці жыцця: будзем ратаваць Божы дар

photo 2026 03 22 17 17 07

У календары ёсць асаблівы дзень, калі Касцёл запрашае паклапаціцца аб найменшых, безабаронных, якія знаходзяцца ва ўлонні маці. Яны самі не могуць прасіць аб дапамозе, не могуць нават заплакаць над сваім лёсам, бараніцца ад знішчэння. Але мы можам падтрымаць тых, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Мы можам агарнуць іх выключнай духоўнай апекай у Дзень святасці жыцця, які кожны год адзначаем ва ўрачыстасць Звеставання Пана.

Урачыстасць Звеставання Пана адзначаецца ў Касцёле 25 сакавіка.

Урачыстасць Звеставання Пана нагадвае пра адну з найважнейшых падзей у гісторыі збаўлення – уцелаўленне Божага Сына. Акрамя ўваскрасення Езуса Хрыста звеставанне і звязанае з ім уцелаўленне з’яўляюцца паваротным пунктам у ходзе адкуплення чалавецтва. У той момант Марыя, маладая бедная дзяўчына з Назарэта, сказала Богу “так”, плёнам чаго стала наша збаўленне. Яна сказала “так” не толькі на жыццё Езуса – Яна сказала “так” нашаму вечнаму жыццю.

Гэты дзень павінен нагадваць чалавеку аб пастаянным абавязку ахоўваць і бараніць жыццё. Бог, які з’яўляецца Даўцам жыцця, не жадае нічыёй смерці – ні наймалодшых, ні хворых, каму ў некаторых краінах пагражае эўтаназія. На жаль, пагоня за зямнымі дабротамі і камфортам часта засланяе Бога і Яго закон.

Пятая запаведзь Дэкалога “не забівай” бароніць правы кожнага чалавека на жыццё з моманту зачацця да натуральнай смерці. Адабранне каштоўнага дару Бога ў найбольш безабаронных і нявінных – у дзяцей ва ўлонні маці – з’яўляецца, як пісаў св. Ян Павел ІІ, “жудасным злачынствам”, а “перарыванне цяжарнасці мае рысы, якія робяць гэтае злачынства асабліва сур’ёзным і годным асуджэння” (Evangelium vitae, 58). Святы Айцец падкрэсліваў, што цяжка ўявіць сабе драму больш жахлівую ў маральным сэнсе.

Дар жыцця належыць лічыць найвялікшай ласкай Айца і найкаштоўнейшым скарбам. Згодна вучэнню папы Яна Паўла ІІ, чалавечае жыццё святое і непарушнае ў кожную хвіліну свайго існавання, у т. л. у пачатковай фазе, якая папярэднічае нараджэнню (Evangelium vitae, 53). Ужо ва ўлонні маці чалавек належыць Богу, бо Той, хто паўсюль пранікае і ўсё ведае, утварае яго і фармуе сваімі рукамі, бачыць у яшчэ маленькім бясформенным эмбрыёне дарослага чалавека, якім той стане ў будучыні і дні якога ўжо падлічаны, а пакліканне запісана ў Кнізе жыцця.

Дзень святасці жыцця адзначаецца ў Касцёле за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння. Яго мэта – абуджаць чуласць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця на кожным яго этапе. У гэты дзень ёсць магчымасць прынесці абяцанне духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці ці абавязацца маліцца ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае забойства ва ўлонні маці.

Далучымся ж да гэтай малітвы, каб уратаваць хаця б адно чалавечае жыццё. Уратаваць адно жыццё – значыць уратаваць цэлы свет!

“Духоўнае ўсынаўленне” – гэта малітоўны абавязак канкрэтнай асобы ў інтэнцыі зачатага дзіцяці, жыццё якога знаходзіцца пад пагрозай. Ён складаецца са штодзённай малітвы на працягу дзевяці месяцаў за ненароджанае дзіця, імя якога ведае Бог, і яго бацькоў, з адгаворвання адной з таямніц Ружанца і дабравольнага выканання якой-небудзь рэлігійнай практыкі (напрыклад, посту). Да гэтай справы можа далучыцца кожны чалавек, які палічыць, што зможа выканаць прыняты абавязак.

Кс. Юрый Марціновіч