
Выратаваны сёстрамі назарэтанкамі, ён прысвяціў жыццё ўшанаванню памяці манахінь. Дзякуючы намаганням святара, 11 бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка сёння вядомыя ва ўсім каталіцкім свеце.
У 2012 годзе стартаваў інфармацыйны працэс, які распачаў падрыхтоўку да беатыфікацыі кс. Аляксандра Зянкевіча. У 2024 годзе матэрыялы пачала разглядаць Апостальская Сталіца.
Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1910 года. Паходзіць з парафіі Дунілавічы, што на Віцебшчыне. Пасля падзелу Расійскай імперыі ў пачатку ХХ стагоддзя апынуўся на баку Польшчы і абраў шлях святарскага служэння.
У 1924 годзе паступіў у Ніжэйшую духоўную семінарыю ў Навагрудку. Пазней працягнуў фармацыю ў семінарыі ў Драгічыне-над-Бугам. Таленавітага юнака заўважылі выкладчыкі, і ў 1931 годзе ён быў накіраваны ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Паспяхова скончыў яе, а ў 1938 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў мясцовым катэдральным касцёле.
Амаль адразу кс. Аляксандр быў накіраваны ў родны для яго Навагрудак. Там служыў капеланам манаскай супольнасці сясцёр назарэтанак і рэктарам фарнага касцёла. Прызначэнне святара супала з пачаткам Другой сусветнай вайны.
У 1942 годзе мясцовая парафія страціла 60 вернікаў, у т. л. двух ксяндзоў з навакольных тэрыторый. Нямецкія захопнікі расстралялі іх проста за тое, што былі палякамі і католікамі.
Летам 1943 года ў Навагрудку прайшлі масавыя арышты. 18 ліпеня акупацыйныя ўлады схапілі больш за 120 чалавек, сярод іх – кс. Аляксандра. Некалькі тыдняў іх трымалі пад вартай і ўрэшце вынеслі смяротны прысуд – расстрэл. Тады сёстры назарэтанкі пайшлі на адважны крок і прапанавалі гестапа свае жыцці замест арыштаваных. Кс. Аляксандра і іншых мужчын выпусцілі на волю, а 1 жніўня с. Марыю Стэлу і 10 яе паплечніц расстралялі на світанні ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам.

Рэктаральны касцёл у Навагрудку, дзе падчас Другой сусветнай вайны служыў кс. Аляксандр Зянкевіч. Зараз гэта месца ўшанавання памяці бласлаўленых сясцёр назарэтанак.
Намаганнямі духоўнага айца сясцёр назарэтанак іх целы былі знойдзены і перапахаваны. Жыхары Навагрудка пад кіраўніцтвам кс. Аляксандра шмат рупіліся аб ушанаванні памяці гераічных манахінь, імкнуліся праславіць іх мужны подзвіг.
Пасля завяршэння вайны кс. Аляксандр быў вымушаны выехаць у Польшчу. Першым месцам яго служэння стаў Сыцаў. Неўзабаве святара абралі рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вроцлаве. Там ён стаў адным з самых папулярных каталіцкіх выкладчыкаў і вядомым душпастырам моладзі. Студэнты лагодна называлі яго “дзядзькам”.
Падчас служэння ў Вроцлаве кс. Аляксандр распрацаваў уласную мадэль моладзевага асяродка рэлігійнай культуры і хрысціянскага выхавання (асобная ўвага мусіла звяртацца на падрыхтоўку маладых людзей да сямейнага жыцця). Асабістым дэвізам святара было крэда “заўважаць кожнага чалавека”.
Кс. Аляксандр не пераставаў таксама клапаціцца аб тым, каб сёстры назарэтанкі, якія ахвяравалі сваё жыццё за навагрудчан падчас Другой сусветнай вайны, былі беатыфікаваны. Адышоў у вечнасць 21 лістапада 1995 года. У 2000 годзе сёстры мучаніцы былі ўзнесены да хвалы алтара папам Янам Паўлам ІІ.
Святаслаў Вараб’ёў





