
Хвала Хрысту, шаноўная рэдакцыя “Слова Жыцця”! Піша вам верніца з парафіі св. Мікалая, біскупа, у Міры. Першае маё сведчанне было апублікавана ў газеце ў 2012 годзе пасля шчырай споведзі з цэлага жыцця, другое – у 2017 годзе. Сёлета 18 сакавіка ў нашага пробашча кс. д-р. Аляксандра Севасцьяновіча юбілей – 50 гадоў. Маю надзею, што гэты ліст стане для святара невялікім “прэзентам” да дня нараджэння, выразам удзячнасці за яго любоў да людзей, за яго добрае, чыстае, чулае сэрца.
28 лістапада 2008 года ў нашу парафію ў Міры быў прызначаны першы пасля Другой сусветнай вайны пробашч – кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Пасля трох гадоў малітваў і працы я прыняла для сябе важнае рашэнне прыступіць да генеральнай споведзі, сказаўшы Богу “так”, а д’яблу – “не”. І ўжо тады пачала задавацца пытаннем: дзе знайсці той ліфт, каб падняцца ў неба?
Гэта словы св. Тэрэзы з Лізьё. Ад яе кнігі “Дзеі душы” я была пад вялікім уражаннем. Не раз перачытвала духоўны дзённік Аліцыі Лянчэўскай. Парой здавалася, што гэта не Аліцыя размаўляе з Езусам, а я. “Не хвалюйся, мая дарагая, што ты ўпадзеш – Я бачу твае намаганні. Ваша людская грэшнасць знаходзіцца ў кожнай клетцы жывога арганізма яшчэ з часоў Адама і Евы. Але калі ты бачыш свае падзенні, ты ідзеш па дарозе святасці”, – гаворыць праз Аліцыю Пан Езус. Гэтае пасланне для кожнага з нас, хто будзе чытаць мае радкі. Яны напісаны са слязьмі на вачах, але гэта слёзы радасці і надзеі.
Ад кс. Аляксандра я даведалася таксама аб містычным вопыце стыгматкі Каталіны Рывас. Шмат чытаю пра жыццё святых, запрашаючы іх у свае малітвы, іншай духоўнай літаратуры, якой дзеліцца наш ксёндз. Малюся штодня за душы ў чыстцы і ведаю: яны таксама моляцца ў маіх намерах.
Вельмі дапамагаюць прамовы нашага пробашча і іншых святароў, якіх я слухаю ці гляджу з вялікім інтарэсам. Вучуся любіць, прабачаць і сведчыць аб Божай любові. Як вынік – гляджу на людзей іншымі вачыма. Але гэта не адразу, гэта шлях.
Шукаю адказы на пытанні таксама ў Бібліі. Заклікаю гімнам Святога Духа, каб напоўніў маё сэрца Любоўю. Трымаюся штодзённага рахунку сумлення – некалькі хвілін шчырасці перад сабой у прысутнасці Бога. Святая Камунія як Крыніца жыцця...
Кожны дзень я знаходжуся ў касцёле – і ў малітве, і ў працы. Шмат людзей прыязджаюць да нас, каб паглядзець на Мірскі замак. Некаторых Святы Дух вядзе ў касцёл. Я сустракаю гасцей, бо маю ключы ад святыні. Вучуся па прыкладзе нашага пробашча запрашаць людзей ад імя Езуса Хрыста. Распавядаю пра гісторыю касцёла, дзялюся Божай любоўю і ўласным сведчаннем жыцця.
Шмат людзей просяць мяне аб малітве, або сам Святы Дух натхняе маліцца ў пэўных інтэнцыях. Штодня прашу за людзей, якія не пазналі Божай любові.
Адгаворваю Ружанец да Крыві Хрыста. Вельмі люблю набажэнства Крыжовага шляху – часта малюся і сама, і разам з турыстамі, калі яны просяць распавесці пра пэўную стацыю.
Каля 12 гадоў таму пробашч пазнаёміў нас з Пампейскай навэннай. З таго часу я аддала сябе і родных заступніцтву Маці Божай. Спярша былі інтэнцыі, а зараз – не. Ты ўсё, любая Мама, ведаеш... Пачынаю 27 дзён просьбаў на Ружанцы, затым 27 дзён падзякі – і так без канца.
Схіляю калені перад Богам з удзячнасцю за тое, што 17 гадоў таму Ён паслаў у нашу парафію кс. Аляксандра. Пробашч прыкладвае шматлікія намаганні па рамонце касцёла, каб у Божым доме было цёпла і ўтульна. Няхай добры Айцец узнагародзіць святара за ўсё, што ён робіць, і адорыць яго сіламі і цярпеннем для рэалізацыі планаў і задум адносна нашай святыні.
Кс. Аляксандр, ад імя парафіян і гасцей парафіі прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем 50-годдзя! Мы шчыра ўдзячныя Вам за любоў, дабрыню, мудрыя парады, за тое Божае святло, якое нясеце нашай супольнасці вернікаў і ўсім людзям добрай волі. На Вашых жыццёвых прыкладах мы вучымся сапраўднай любові да бліжняга. Няхай Ваша святасць і далей прыцягвае ўсіх да Крыніцы міласэрнасці, вучыць нас быць сведкамі вернасці нашаму Пану. Вы, як святар радасці, і далей нясіце надзею, а мы будзем праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу і Маці Божую за Вас!
У малітве дзякуем Вашым бацькам за сына святара. Спадарыні Генувэфе выпрошваем неабходных ласкаў у Святога Духа, а для таты просім у Бога аб вечнай радасці ў небе!
Марына Езерская, Мір





