Skip to main content
Логотип

Сімвалізм пасхальных пальмаў у традыцыі Касцёла

72e7c594 664d 4422 b69b fe68bcd69dc9

У Пальмовую нядзелю падрыхтаваны велікапосным пакаяннем Касцёл пачне перажываць цэнтральную падзею хрысціянскай веры – пасхальную таямніцу Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Збаўцы ў Ерусалім за пяць дзён да Яго ўкрыжавання адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад св. Імшой, а таксама бласлаўляюцца галінкі пальмаў і іншых дрэў (у нас гэта вярба, адсюль і папулярная назва свята – Вербная нядзеля).

Пасхальныя пальмы бласлаўляюць, каб падкрэсліць святасць і ўрачысты характар Пальмовай нядзелі.

Нядзеля Мукі Пана

Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра Муку Пана і рыхтуе вернікаў да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. Евангельскае апісанне пакут Езуса Хрыста і Яго смерці на крыжы чытаецца або спяваецца ў гэты дзень на кожнай св. Імшы. Святары на літургіі апрануты ў арнаты чырвонага колеру, які сімвалізуе кроў і мучаніцтва.

Аднак урачыстасць Пальмовай нядзелі мае і радасны характар, бо гэта прадвесце Уваскрасення. З успаміну Мукі Пана пачынаецца літургічны ўспамін падзей, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

Звычай бласлаўлення пасхальных пальмаў

“У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерусалім, узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: «Гасанна! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»” (параўн. Ян 12, 12–13).
Звычай бласлаўляць пальмавыя галіны і выкарыстоўваць іх у літургіі Пальмовай нядзелі ў Каталіцкім Касцёле быў уведзены ў XI стагоддзі. Хоць працэсіі з галінамі праводзіліся ў Ерусаліме з IV стагоддзя, а ў Рыме – з IX стагоддзя, афіцыйнае бласлаўленне пальмавых галін (або вярбы – у паўночных шыротах) стала абавязковай часткай багаслужэння пазней.

Пальмы, ці вербачкі, бласлаўляюць у святыні, а затым праносяць у працэсіі як напамін пра біблейскую падзею. Шэсце са святочнымі атрыбутамі сімвалічна адлюстроўвае новазапаветны сюжэт: людзі выходзяць насустрач Хрысту падчас Уваходу Гасподняга ў Ерусалім.

Асвечаныя галіны захоўваюць у дамах на працягу года як знак Божага бласлаўлення. Іх па традыцыі прыносяць для спалення перад Вялікім постам. Попелам, які застанецца ад галін, будуць пасыпаны галовы вернікаў на Папялец.

Белыя пальмы

У Эльчэ, на міжземнаморскім пабярэжжы Коста-Бланка ў Іспаніі, распасціраюцца найбуйнейшыя ў Еўропе пальмавыя гаі – пальмераль. Лічыцца, што першыя фінікавыя пальмы высадзілі ў V стагоддзі да н. э. карфагеняне, стварыўшы аазіс у засушлівай мясцовасці. Плантацыя і арашальная сістэма сфарміравалася да канца X стагоддзя, калі большая частка Пірэнейскага паўвострава кантралявалася маўрамі. Сёння тэрыторыя пальмераля займае прыкладна 5 км².

Тут спецыяльна вырошчваюць і адбельваюць пальмавыя галіны, якія затым выкарыстоўваюць у працэсіях Пальмовай нядзелі (Domingo de Ramos). Каб лісце стала белым, за некалькі месяцаў да Вялікадня верхавіны пальмаў звязваюць у конус і закрываюць ад сонечнага святла, каб у зеляніне спыніўся фотасінтэз. Затым майстры “пастрыгаюць” пальмы і высушваюць лісце, з якога потым рамеснікі плятуць сапраўдныя шэдэўры. Па традыцыі вырабы адпраўляюцца ў каралеўскі палац Іспаніі і нават у Ватыкан.

merkur.de

Народнае мастацтва

Маляўнічыя і дэкаратыўныя віленскія вербы шырока вядомыя не толькі ў Літве, але і за яе межамі. Іх сплятаюць на Пальмовую нядзелю (Verbų sekmadienis) з 50 відаў сухіх палявых, лясных і садовых кветак, сабраных у розную пару года для атрымання патрэбнага колеру. Найбольш распаўсюджанай формай з’яўляецца аб’ёмная цыліндрычная вярба, якую часта называюць “валік”.

Майстэрства па вырабе віленскіх вербаў перадаецца з пакалення ў пакаленне. Унікальныя кветкавыя кампазіцыі з’яўляюцца яскравым элементам рэлігійнай і этнічнай ідэнтычнасці.

Кветкавая пасха

У большасці рэгіёнаў Францыі ў Пальмовую нядзелю (Dimanche des rameaux) для працэсіі выкарыстоўваюць галінкі самшыта, радзей – лаўра. Да іх дадаюць першыя вясеннія кветкі, асабліва маргарыткі. У гэты дзень храмы і дамы таксама ўпрыгожваюць кветкамі і галінкамі вечназялёных дрэў, што сімвалізуе радаснае абнаўленне і свята жыцця. З-за гэтага Пальмовай нядзелі тут далі прыгожую назву – “Кветкавая пасха” (Paques-fleuries).

На Корсіцы і ў Ніцы да гэтага часу выкарыстоўваюць плеценае пальмавае лісце. Часам з яго робяць невялікія крыжы, званіцы або зоркі, якія затым прымацоўваюцца ў дамах ці на люстэрках задняга віду аўтамабіляў.

На знак прымірэння

У Італіі на Пальмовую нядзелю (Domenica delle palme) аддаюць перавагу галінкам алівы, якая з’яўляецца галоўным культурным і гістарычным сімвалам краіны. Гэтае дрэва ў розных народаў лічыцца таксама сімвалам жыцця, міру і святасці.

У некаторых рэгіёнах галіны алівы ўпрыгожваюць стужкамі, прысмакамі і прэзентуюць дзецям. Асвечаныя галінкі прынята таксама дарыць сваякам, сябрам і суседзям на знак любові і прымірэння. Іх уручаюць тым, з кім былі ў сварцы або меліся непаразуменні. У многіх месцах гэтыя галінкі так і называюць – la pace, што значыць “мір”.

Аліўкавыя галінкі беражліва захоўваюцца дома. Іх прымацоўваюць да распяцця, над узгалоўем ложка або за рамы абразоў.

У дар для хросных бацькоў

У Германіі да Пальмовай нядзелі (Palmsonntag) рыхтуюць пучкі з вярбы, самшыта або ядлоўца, упрыгожаныя стужкамі і слодычамі. Іх прымацоўваюць на высокія посахі. Па бласлаўленні атрыбуты свята дзеці часта дораць сваім хросным бацькам у знак любові і павагі.

У Ірландыі і некаторых іншых краінах асвячаюць галінкі ціса, піхты і елкі. Імі нярэдка акрапляюць хаты, акунаючы ў святую ваду.

Знак асвячэння жыцця

Бласлаўленне пасхальнай галіны – важны, але не галоўны элемент літургіі Пальмовай нядзелі. Гэта сімвалічнае дзеянне, якое нагадвае вернікам пра тое, як народ усклікаў і вітаў Езуса Хрыста ў Ерусаліме. Гэта таксама знак асвячэння жыцця вернікаў і іх гатоўнасці ісці за Хрыстом, але не самамэта літургіі.

Перад пачаткам св. Імшы ў Пальмовую нядзелю вернікі і святары з пасхальнымі пальмамі і свечкамі ў руках па традыцыі ладзяць урачыстае шэсце па вуліцах ці вакол храмаў, падчас якога спяваюць святочныя антыфоны і гімны. Удзел у літургіі азначае згоду на крыж і пакуты разам з Хрыстом. Гэты дзень павінен таксама нагадаць людзям пра тое, што смерць не з’яўляецца канцом жыцця, а толькі пераходам у новае існаванне ў прысутнасці Бога.

Ангеліна Пакачайла