
Мужчына пакліканы быць дарам любові для тых, хто побач. Рэалізацыя дадзенай місіі патрабуе ўважлівасці да свайго псіхафізічнага стану. Калі ўзваліць на сябе непасільнае, можна папросту зламацца.
З Іванам Пузанавым, клінічным псіхолагам, нейрапсіхолагам, кагнітыўна-паводзінавым тэрапеўтам, тэолагам і членам Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, размаўляем пра тое, чаму мужчыны эмацыянальна стрыманыя і як няпроста быць супергероем.
– Зыходзячы, перш за ўсё, з біялагічных адрозненняў, а пасля – гістарычных і сацыяльных, мужчынская псіхалогія – якая яна?
– Увогуле, тэрміна “мужчынская псіхалогія” як дысцыпліны ці кірунку не існуе. З пункту гледжання кансультавання можна гаварыць пра псіхалогію мужчыны і жанчыны. Такі падыход уваходзіць у катэгорыю псіхалогіі адрозненняў. З пункту гледжання хрысціянскай антрапалогіі Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынай, надзяліўшы іх рознымі, але ўзаемадапаўняльнымі якасцямі.
Гістарычна склалася, што на мужчын ускладзены задачы па забеспячэнні бяспекі, здабычы рэсурсаў, абароне тэрыторыі і сям’і, што пэўным чынам і сфарміравала наш лад мыслення. Мужчыны ў сярэднім схільны ў моманце канцэнтравацца на рашэнні праблемы. Адсюль такое паняцце, як эмацыянальная стрыманасць у мужчын, якая часам успрымаецца як бессардэчнасць. Фактычна гэта проста засяроджанасць на задачы, эмоцыі пражываюцца пазней. Ізноў жа, гэта агульна, бо ёсць розныя мужчыны і розныя жанчыны. Заўсёды можна прывесці прыклад і сказаць: “Вось у мяне сусед ёсць, і ён іншы”.
– Як часта да Вас за кансультацыяй звяртаюцца мужчыны? Ці здараецца, што іх падштурхоўваюць жанчыны?
– Па маёй статыстыцы, прыкладна 25-30% зваротаў – мужчыны. Часцей за ўсё іх прыводзяць менавіта жанчыны: жонка, маці, сястра і г. д. Яны самі сапраўды радзей звяртаюцца за дапамогай.
Нярэдка мужчына пагаджаецца прыйсці, нават не адчуваючы такой патрэбы, а таму што жанчына побач моцна перажывае. Мая ж задача як псіхолага, як тэрапеўта перавесці фокус з “мяне прымусілі” на “мне гэта на самой справе неабходна”. І калі мужчына адчувае, што тэрапія, карэкцыя для яго сапраўды важныя, то ідзе ўжо наперад вялікімі крокамі.

Іван Пузанаў і Наталля Пузанава – сужэнская пара псіхолагаў. Кансультуюць у пытаннях сужэнскіх, сямейных, дзіцяча-бацькоўскіх адносін і г. д. Любяць падарожнічаюць разам, выхоўваюць траіх дзяцей.
– Cярод гэтых зваротаў ёсць святары, манаскія асобы?
– Святары, бацюшкі таксама былі ў маёй практыцы. Па сутнасці, яны мужчыны з такімі ж перажываннямі, унутранымі цярпеннямі. Адначасова іх гісторыі маюць асаблівыя рысы.
– З якімі запытамі да Вас прыходзяць мужчыны?
– Прычыны розныя. Звычайна мужчыны звяртаюцца з пэўнай праблемай, якая не з’яўляецца галоўнай, а пасля мы дакопваемся да сутнасці. Я магу выдзяліць тры асноўныя групы пытанняў, з якімі мужчыны звяртаюцца непасрэдна да мяне.
Першая – гэта крызіс ідэнтычнасці, сэнсу: “Хто я?”, “Чаго я дасягнуў? Навошта прачынаюся раніцай?”. Ён часта перажываецца як крызіс сярэдняга ўзросту, калі ўзнікае разуменне: “Я гэтага доўга дабіваўся, што цяпер?”, “Дзеці выраслі, а што далей?”.
Другая праблема датычыць адносін: з сужонкай, з мамай, непаразуменні з дзецьмі-падлеткамі… Вельмі часта да мяне звяртаюцца мужчыны, якія не спраўляюцца з падлеткавым бунтам. Бацька хаваецца за гневам і тым самым калечыць дзіцяча-бацькоўскія адносіны. Таксама сюды можна аднесці гісторыі тыпу “я ўсё раблю для сям’і, а яны мяне не цэняць”. У працэсе тэрапіі ўсё зводзіцца да адносін з самім сабой.
Трэцяя група – эмацыянальнае выгаранне. Пры пэўнай сімптаматыцы гэта прыводзіць да трывожнага расстройства. Сучасны свет, ведаеце, патрабуе ад мужчыны пастаяннай аддачы, быць супергероем, быць хутчэй-вышэй-мацней. Але мужчына ж таксама чалавек, ён “ламаецца”, часта ўцякае ў трывожныя думкі. Як наступства – апатыя, раздражнёнасць, панічныя атакі.
У псіхалогіі мужчыны абвяргаюцца ўстойлівыя стэрэатыпы тыпу “мужчына не плача”, “мужчына павінен”, а прапануецца рэалістычны погляд на яго асабовыя якасці.
– Як бы Вы заматывавалі мужчын не заставацца адзін на адзін з узгаданымі праблемамі, а разгледзець кансультацыю ці тэрапію?
– Агучыць нейкі агульны заклік да ўсіх не атрымаецца – кожная гісторыя індывідуальная. Першая сесія можа быць такая: “Навошта я сюды прыйшоў?”. А потым мы разам знаходзім ключ, і пытанне змяняецца на наступнае: “Дзе я быў раней?”. Дадзены працэс дастаткова складаны, і тут важная асабовасць самаго тэрапеўта, таму што ў працы з мужчынамі патрэбна цярплівасць, пэўны ўзровень эмпатыі.
– Што можа сігналізаваць аб неабходнасці звярнуцца да спецыяліста?
– Наша псіхіка, цела заўсёды даюць сігналы – задоўга да “катастрофы”. Як гаворыцца, перад тым, як дом згарыць, дзесьці ўжо пахне дымам. Трэба быць вельмі ўважлівым да сябе. Ёсць пэўныя моманты, на якія я прапанаваў бы заўсёды звяртаць увагу. Па-першае, калі ты губляеш смак жыцця. Не атрымліваеш таго, што раней атрымліваў ад працы, хобі, у сям’і. Гэта значыць, ты знаходзішся ў крызісе, з якога верагоднасць, што выйдзеш сам, настолькі малая, што лепш не чакаць, а адразу звярнуцца за дапамогай: чым раней, тым лепей.
Наступны паказчык – немагчымасць кантраляваць свае эмоцыі. Калі церпіш вельмі шмат, у цябе пачынае “закіпаць”: зрываешся на блізкіх, родных. Пасля сорамна за свае рэакцыі, паводзіны, але ты проста не ў стане іх кантраляваць. Вось такая запальчывасць, эмацыянальны дысбаланс гавораць пра тое, што трэба звярнуцца да спецыяліста.
Яшчэ адзін званочак – трывожны стан. Трывога заўсёды гаворыць мовай негатыву. Калі на ўсё, што адбываецца ў жыцці, глядзіш негатыўнымі вачыма, усё абясцэньваеш, могуць з’яўляцца навязлівыя думкі, абсесіі: “Я няўдачнік, у мяне нічога не атрымліваецца”. Мужчына можа паспрабаваць заглушыць эмацыянальны дыскамфорт – ён чэмпіён у гэтым. Але калі псіхіка перастане спраўляцца, уключыцца цела і саматычныя рэакцыі: боль у вобласці сэрца, у спіне, бяссонніца і інш.
Гэта знак “я так больш не магу”. Ігнаруючы такія сігналы, можна дайсці да кропкі незвароту.
І яшчэ адзін важны момант. Калі блізкія звяртаюць увагу на псіхалагічны стан, гавораць, напрыклад: “Штосьці з табой адбываецца. Чаму ты так змяніўся?”. Не варта адмахвацца, карысным будзе прыслухацца.
У працэсе духоўнага росту псіхалогія і псіхатэрапія могуць стаць для хрысціяніна дапаможнымі фактарамі ў галіне наладжвання сямейных адносін, адносін у супольнасці, у сацыяльнай сферы і інш.
– Як тэрапія можа паспрыяць пражыванню і праяўленню веры?
– Гэта цудоўная тэма. Хачу заўважыць, што няма такога паняцця, як “хрысціянская псіхалогія”. Няма хрысціянскіх псіхолагаў, ёсць псіхолагі-хрысціяне. Я не прыхільнік таго, каб псіхалогія ўмешвалася ў справы духоўнасці і наадварот. Скажу толькі, што добрая псіхатэрапія не падмяняе духоўнасці – яна можа “расчысціць завалы”, якія замінаюць чалавеку прыняць Божую ласку.
Лічу, што мужчыне тэрапія неабходна, каб, у першую чаргу, адрозніць сапраўдную пакору ад уяўнай. Мы можам узваліць на сябе непасільнае, цягнуць, потым зламацца. А псіхалогія дапамагае выбудаваць межы. Таксама яна можа дапамагчы ўбачыць свой гнеў, эмацыянальную нестабільнасць, якія часта хаваюцца за маскай болю. Калі мужчына прыбірае сваю абарончую рэакцыю, адкрываюцца пэўныя раны, глыбокія, якія ён, магчыма, сам не бачыў, не адчуваў. І тады з гэтай ранай ён можа, напрыклад, прыйсці да канфесіянала, на споведзь, перастане яе саромецца.
І самае галоўнае, на мой погляд, – уменне прымаць любоў. У мужчыны часта спрацоўвае функцыя “аддаваць”, а прыняць тую ж абарону, клопат, любоў, у першую чаргу, ад Госпада Бога, нам бывае вельмі складана. Тэрапія дадае неабходнай адкрытасці.
Кацярына Паўлоўская





