
Манаскае жыццё ў супольнасці вынікае з таямніцы Касцёла. Яно з’яўляецца дарам, які Касцёл атрымлівае ад свайго Пана і які ўдзяляецца пакліканаму Богам верніку ў якасці трывалага жыццёвага стану праз дадзеныя ім абяцанні захоўваць евангельскія парады.
Дар кансэкраванага жыцця ва ўсёй разнастайнасці яго харызмаў і інстытутаў – вялікае дабро і скарб для Касцёла.
“З першых часоў у Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія імкнуліся праз выкананне евангельскіх парад з большай свабодай ісці следам за Хрыстом і больш верна наследаваць Яго, і кожны з іх на свой лад вёў жыццё, прысвечанае Богу. Многія з іх па натхненні Святога Духа жылі ў самоце пустэльніцтва або заснавалі рэлігійныя сем’і (манаскія ордэны, кангрэгацыі, таварыствы апостальскага жыцця), якія Касцёл прыняў і зацвердзіў сваёю ўладаю” (Perfectae caritatis, 1).
Усе кансэкраваныя асобы належаць да супрацоўнікаў пастыра дыяцэзіі. Біскуп заўсёды імкнецца распазнаць новыя дары прысвечанага Богу жыцця, спасланыя Святым Духам свайму Касцёлу. Зацвярджэнне новых форм кансэкраванага жыцця з’яўляецца прэрэгатывай Апостальскай Сталіцы.
Гісторыя пацвярджае вялікія заслугі манаскіх сем’яў у распаўсюджванні веры і стварэнні новых супольнасцей Касцёла – ад старажытных манаскіх інстытутаў і сярэднявечных ордэнаў да сучасных кангрэгацый і таварыстваў апостальскага жыцця. Манаства ў разнастайных яго формах паклікана быць знакам Божай любові, выказанай на мове свайго часу.
У складаны перыяд пасля 1991 года, калі ў новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі адчуваўся недахоп святароў, на дапамогу прыйшлі мужчынскія і жаночыя манаскія супольнасці, якія займаліся пастырскай і катэхетычнай дзейнасцю. Гэта ў значнай ступені паспрыяла адраджэнню Касцёла на Гродзеншчыне.
Сёння ў Гродзенскай дыяцэзіі нясуць паслугу каля 40 манаскіх святароў і больш за 100 братоў і сясцёр. Служэнне многіх ордэнаў і кангрэгацый узбагачае парафіяльныя супольнасці, якія ў адпаведнасці з харызмай заснавальнікаў працягваюць місію сваіх папярэднікаў. Манаскія інстытуты займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, іх члены ўдзельнічаюць у дэканальных і дыяцэзіяльных сустрэчах.
Заснаванне і місійнае пашырэнне Касцёла з самага пачатку евангелізацыі мае патрэбу ў прысутнасці манаства ва ўсіх яго формах. На думку сінадальнай камісіі па справах кансэкраванага жыцця, дзеля духоўнага дабра Касцёла на Гродзеншчыне мэтазгодна было б з дазволу Апостальскай Сталіцы стварыць кантэмпляцыйны кляштар. Праз самотнасць і цішыню, слуханне Божага слова, цэлебрацыю літургіі, практыку асабістай аскезы, малітву і братэрскае адзінства пакліканыя да кантэпляцыйнага жыцця маглі б даць мясцоваму Касцёлу асаблівае сведчанне любові да Пана і чалавека і выпрасіць ласкі, неабходныя для пастырскага служэння.

Як кансэкраваныя асобы сёння ўзбагачаюць наш мясцовы Касцёл? Манаскія святары, напрыклад, апякуюцца парафіямі, прымаючы на сябе абавязкі пробашчаў або вікарыяў паводле дэкрэта біскупа. Жаночыя і мужчынскія супольнасці праводзяць у парафіях заняткі па катэхезе для дзяцей і моладзі. Многія манаскія супольнасці спецыялізуюцца на дапамозе хворым, састарэлым, дзецям-сіротам або людзям і сем’ям у складаных жыццёвых сітуацыях. Манаскія супольнасці таксама арганізуюць рэкалекцыі, місіі і іншыя мерапрыемствы для паглыблення духоўнага жыцця вернікаў. Заклікаем дыяцэзіян горача маліцца аб тым, каб манаскія асобы паглыблялі сваё разуменне харызматычнай прыроды манаскага жыцця, а таксама яго апостальскага вымярэння.
А. Аляксандр Махнач SP, старшыня камісіі





