
Прадвесце ўваскрасення
Аповед пра ўваскрашэнне Лазара належыць да найбольш кранальных у Евангеллі. Ён паказвае, што смерць была пераможана Езусам і ператворана ў месца сустрэчы з Богам, у пераход да ўваскрасення. Разам з Мартай і Марыяй мы запрошаны выйсці з дому жалобы і горкага плачу на сустрэчу з Панам жыцця, які прыходзіць.
Езус любіў сям’ю з Бэтаніі, быў яе сябрам. Гэтая любоў знайшла адказ у жыцці простых людзей. Яе выразам было як сардэчнае служэнне, якое здзяйсняла Марта, так і праліванне Марыяй каштоўных алеяў на ногі Хрыста – знак хвалы, боскай адарацыі і найвышэйшай любові.
У Евангеллі Марта і Марыя паведамляюць Езусу пра смяротную хваробу свайго брата. Ён прыходзіць у чалавечым уяўленні занадта позна. Марта, якая не разумее прычыны гэтага “спазнення”, выходзіць насустрач Хрысту і, хоць не хавае расчаравання і болю, прызнаецца, што верыць у Збаўцу. Гэтая вера запэўнівае яе давяраць слову Езуса насуперак чалавечай логіцы, згодна якой, смерць – канец усялякай надзеі.
Плач Хрыста над магілай сябра паказвае, што Ён, хто з’яўляецца Уваскрасеннем і Жыццём, збаўляе людзей, перажываючы разам з намі мукі смерці (параўн. Гбр 5, 7), каб знайсці кожнага ў сваёй самотнасці. Клічучы памерлага Лазара па імені, Езус аб’яўляе моц любові Бога, які не пакідае чалавека ў праху смерці, а выводзіць са смерці да жыцця: “Мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і якія пачуюць, ажывуць” (Ян 5, 25).
Хоць уваскрашэнне Лазара толькі часовае і ён раней ці пазней павінен будзе вярнуцца ў магілу, але гэты цуд у Бэтаніі паказвае, што смерць ужо не валадарка над чалавекам, а толькі прадвесце ўваскрасення і вечнай супольнасці любові з Богам. Яна не завяршаецца сконам, а будзе доўжыцца вечна.
Няхай апошнія дні Вялікага посту абудзяць у нас жаданне Бога, каб калісьці ўваскрэснуць да вечнага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду





