
Пра рэлігійнасць
Сёлета ў Пальмовую нядзелю чытаецца Мука Госпада з Евангелля паводле Мацвея. Мы ведаем, што гэты апостал паходзіў з габрэйскага асяроддзя, і тэкст пісаўся, у першую чаргу, для тых, хто глыбока ведаў старазапаветны юдаізм. Напрыклад, першасвятары і кніжнікі ў Мацвея не проста насміхаюцца з Укрыжаванага, а гавораць яшчэ словы: “Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: Я – Сын Божы” (Мц 27, 43).
Напэўна, для Мацвея абуральным было тое, што рэлігійныя лідары народа, якія павінны былі рыхтаваць прыйсце Збаўцы, спрычыніліся да Яго пакут. Старажытныя хрысціяне спрабавалі асэнсаваць гэты антыпрыклад. Падчас Ютрані ў Вялікую пятніцу вернікі візантыйскай традыцыі спяваюць такія словы: “Няздольныя зразумець Закон у сваёй нязбожнасці, дарма вывучаюць словы прарокаў: як Ягнё на зарэз, павялі Цябе, Уладара ўсіх, якога мы ўзвялічваем”. Паводле старажытных усходніх аўтараў, хрысціяне маюць права папракнуць рэлігійных лідараў часоў Хрыста за тое, што тыя не пазналі прыйсця Збаўцы.
Мы добра ведаем каштоўнасць Старога Запавету: ён быў падрыхтоўкай да Новага, шмат у чым дапамог (і дапамагае) людзям прыняць Хрыста і Яго Евангелле. Але ў пэўны момант для кніжнікаў і святароў рэлігійнасць стала інструментам не духоўнага развіцця, а дасягнення ўласных інтарэсаў. “Кніжнікі і святары, поўныя зайздрасці і злосці, аддалі на смерць Жыццё, існага Жыццядаўца, якога мы ўзвялічваем”, – спяваюць усходнія хрысціяне ў Вялікую пятніцу.
У гэтыя дні, калі перажываем Муку Госпада, паставім сабе пытанне: а чаму служыць мая рэлігійнасць? Напэўна, у ёй ёсць шмат недасканалага. Але калі за ўсім гэтым мы не забываемся шукаць Госпада, калі імкнёмся ачысціць свае намеры і любіць Бога дзеля Яго самога, то мы на правільным шляху.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду





