Skip to main content
Логотип

Маці Божая Тракельская

trokelska

“Кожны дзень, душа мая, Марыю праслаўляй”. Менавіта такія словы занатаваны на старонках малітоўніка св. Казіміра на абразе Маці Божай Тракельскай. Гэты выраз стаў адлюстраваннем сутнасці іконы, якая заклікае да малітоўнай шчырасці і шанавання Багародзіцы.

З’яўленне іконы

Першы ўспамін аб Тракелях адносіцца да 1433 года, калі мясцовасцю валодаў буйны землеўладальнік Вялікага Княства Літоўскага Ян Гаштольт. Яго нашчадкамі (дакладна невядома, кім з іх) каля 1500 года тут быў пабудаваны першы касцёл. Пазней – прыкладна ў канцы ХVI ці ў пачатку ХVII стагоддзя – у Тракелях пасяліліся айцы езуіты, якія і гаспадарылі там да скасавання ордэна. Гісторыя апісванай іконы напрамую звязана з іх місійнай дзейнасцю.

Лічыцца, што айцы езуіты ў ХVII стагоддзі і прывезлі ў Тракелі ікону, якая адносіцца да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя “Снежная”. Менавіта імі ў тыя часы распаўсюджваўся і падрымліваўся культ абразоў, якія з’яўляліся спісамі вядомай іконы “Мадонна Снежная” з рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.

Прывезеная ікона была адразу размешчана ў галоўным алтары касцёла і неўзабаве стала вельмі шанаванай, бо ўжо ў 1644 годзе існаваў складзены ў яе гонар спеў.

Тэкст гэтага спеву быў знойдзены сярод дакументаў мясцовага шляхціча Міхала Сулкоўскага ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Цудоўныя выратаванні

У 1656 годзе, падчас руска-польскай вайны, мястэчка Тракелі было захоплена маскоўскім войскам. Касцёл згарэў, але на пажарышчы захавалася адна рэч – ікона Маці Божай, якую, па паданні, знайшоў сляпы чалавек. У выніку гэтага выпадку ён цудоўным чынам аздаравіўся ад сваёй хваробы.

Неўзабаве касцёл адбудавалі на новым месцы, і выратаваная ікона была зноў размешчана ў галоўным алтары святыні. Яе шанаванне ўзрастала дзякуючы ласкам выздараўленняў і ацаленняў вернікаў, якія шчыра маліліся перад абразом.

У пачатку XVIII стагоддзя тракельскі касцёл зноў быў знішчаны пажарам. Але ў другі раз ікона Маці Божай, за якой ужо тады замацаваўся тытул Тракельскай Уладальніцы, не была пашкоджана агнём.

Згодна з запісамі ў інвентарах касцёла, пачынаючы з 1720 года, абраз Маці Божай лічыўся цудадзейным. Да нас не дайшлі дакументальныя запісы цудаў, якія адбыліся перад іконай (хутчэй за ўсё, загінулі ў складаныя часы), але ў старых інвентарах яна прама называецца цудадзейнай.

Абраз шчырай малітвы

Пасля чарговага аднаўлення касцёла ў 1738 годзе абраз Маці Божай Тракельскай быў размешчаны на сваім ранейшым месцы, але ўжо са значнымі зменамі. Па замове айцоў езуітаў да іконы невядомым майстрам была дапісана фігура св. Казіміра каралевіча, заступніка зямель Вялікага Княства Літоўскага. На абразе ён адлюстраваны ў моманце малітвы, што невыпадкова. Св. Казімір асаблівым чынам шанаваў Маці Божую, давяраў Яе заступніцтву.

Менавіта ў такім выглядзе ікона і дайшла да нас праз стагоддзі, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, у т. л. якія тракельскі касцёл перажыў і ў часы багаборніцтва ХХ стагоддзя. Дзякуючы мясцовым вернікам касцёл быў захаваны і сёння з’яўляецца адным з марыйных цэнтраў пілігрымавання ў Беларусі.

У 1994 годзе тракельскаму касцёлу быў нададзены статус дыяцэзіяльнага санктуарыя, а ў 2009 годзе з Рыма паступіў прывілей папы Бенедыкта ХVІ на ўскладанне на ікону Маці Божай Тракельскай папскіх карон. У той жа год абрад каранацыі абраза быў праведзены кардыналам Казімірам Свёнтэкам.

Віктар Малежык