
Убачыла свет выпраўленае, пашыранае і актуалізаванае выданне кнігі “Хрысціянская педагогіка. Традыцыя – пагрозы – выклікі”. Яе аўтар – доктар гуманістычных навук, шматгадовы выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне а. Казімір Янджэйчак OMI.
Святар займаецца даследаваннем педагагічнай праблематыкі, з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых публікацый. Як адзначыў ва ўступным слове кнігі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, “калі б некалі ў свеце навукі стала чутно пра г. зв. «гродзенскую школу хрысціянскай педагогікі», а. Казімір Янджэйчак мог увайсці ў гісторыю як яе заснавальнік”.
Першае выданне кнігі было адрасавана вузкаму колу чытачоў – як падручнік хрысціянскай педагогікі для студэнтаў духоўных навучальных устаноў. Але кніга набыла папулярнасць таксама ў бацькоў, настаўнікаў і выхавацеляў.
У падручніку па хрысціянскай педагогіцы разглядаецца рэлігійна-псіхічнае фарміраванне чалавека ад прэнатальнага перыяду да позняй даросласці, або старасці.
Асобны раздзел прысвечаны выхаваўчай дактрыне Каталіцкага Касцёла ў святле навучання ІІ Ватыканскага сабору і апошніх Пантыфікаў. Асаблівая ўвага засяроджана на традыцыях сучаснага выхавання, а таксама на антыпедагогіцы і антыхрысціянскіх ідэалогіях.
Папярэднія выданні падручніка сёння добра вядомыя шырокаму колу чытачоў як у Беларусі, так і за яе межамі. “У чым таямніца выдавецкага поспеху гэтай кнігі? Здаецца, галоўная прычына ў прадстаўленні шырокай і складанай педагагічнай праблематыкі ясным, сістэматызаваным, зразумелым, празрыстым спосабам. Мова кнігі навукова дакладная і адначасова лёгкая і камунікатыўная, зразумелая нават людзям, не знаёмым з навуковай тэрміналогіяй, – зазначае біскуп Уладзімір Гуляй. – За кожным новым выданнем гэтай знакамітай кнігі не проста абнаўленне накладу, а новая апрацоўка ўсяго матэрыялу, заснаваная не толькі на ўнясенні неабходных выпраўленняў, а, найперш, на дапаўненні зместу звесткамі з найноўшых дакументаў, навуковых публікацый і вынікаў даследаванняў”.
“Хрысціянская педагогіка” надрукавана на беларускай мове. Убачыла свет тыражом 1000 экземпляраў.
Кнігу можна набыць у курыяльнай краме па адрасе: г. Гродна, вул. К. Маркса, 4.
Ангеліна Пакачайла





