Skip to main content
Логотип

Манаства не тайна

изображение viber 2026 02 01 19 45 51 142

“Пакліканыя” – гэта медыйны праект кансэкраваных асоб у Беларусі, які ставіць перад сабой мэту паказаць свету прыгажосць, разнастайнасць і жыццё манаскіх супольнасцей. Іх ініцыятыва прысутная ў Instagram, Tik-tok i Youtube.

“Мы вельмі розныя. Маем розныя харызмы, габіты, характары, здольнасці… Але нас аб’ядноўвае Бог і жаданне Яму служыць”, – гаворыцца ў прэзентацыі праекта на старонцы ў Instagram. Ён стартаваў у верасні 2025 года і ўжо набірае папулярнасць у сацыяльных сетках.

“Ідэя стварыць сучасную платформу, якая б дазволіла прэзентаваць каталіцкае манаства ў Беларусі, прапанавала Аб’яднанне вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця, – распавядае с. Міхаліна Маркевіч OP, адказная за праект. – Было вырашана, што кожная кангрэгацыя вылучыць прадстаўніка, які адказвае за медыя ў іх супольнасці”.

Што сабой уяўляе праект “Пакліканыя”? У кожны першы чацвер месяца – у дзень малітвы аб пакліканнях – публікуюцца сведчанні прадстаўнікоў манаскіх супольнасцей: пра іх жыццё, мэты, перашкоды, яркія моманты. “Свае гісторыі на старонцы ўжо распавялі сёстры шарыткі, браты марыяне, сёстры кармэліткі і сёстры эўхарысткі. Чакаем астатніх!” – заахвочвае с. Міхаліна.

У рубрыцы “Міф ці праўда” абмяркоўваюцца распаўсюджаныя міфы і стэрэатыпы: “Многія лічаць, што манаскае жыццё закрытае, але мы хочам паказаць, што гэта не зусім так. Манаства – гэта адкрыты свет людзей, якія жывуць у служэнні, любоўю і верай”.

Каманда праекта імкнецца данесці, што манаскія асобы – звычайныя людзі, якія выбралі асаблівую дарогу жыцця, каб дапамагчы іншым і свету стаць лепшым.

“Паглядзіце, якія цікавыя асобы служаць Богу і людзям, як гэта робяць і навошта гэта патрэбна”, – запрашае с. Міхаліна. Па словах манахіні, за кожнай кансэкраванай асобай утоена гісторыя, праз якую дзейнічае Бог.

Па зваротнай сувязі відаць, што найбольшую цікавасць выклікаюць адказы на пытанні падпісчыкаў. Увазе аўдыторыі таксама прапануюцца экспрэс-інтэрв’ю і сучасныя трэнды, знятыя з гумарам.

“Важнай часткай нашага праекта стала правядзенне майстар-класаў. Першы быў прысвечаны запісу відэаролікаў, другі, плануецца, – мантажу, – гаворыць с. Міхаліна. – Сёння кожны можа ствараць відэакантэнт, нешта прапанаваць свету. Мы хочам навучыць манаскіх асоб, як быць больш заўважнымі ў інтэрнэце, як выкарыстоўваць сучасныя фарматы, каб наша пасланне – простае, яснае, шчырае – магло пераадолець сцены і адлегласці”.

У планах каманды праекта “Пакліканыя” – аб’яднаць усіх кансэкраваных асоб у Беларусі, каб супольна служыць на Божую хвалу і евангелізацыю, распавядаючы пра сваё жыццё і служэнне.

Калі цікавіцеся гісторыяй манаства, калі задаваліся пытаннем пра сэнс паклікання і яго штодзённасць, калі хочаце даведацца пра колькасць і разнастайнасць кансэкраванага жыцця ў нашай краіне, чакаем вас на старонках @paklikanyja ў Instagram, TikTok і Youtube.

Вольга Сяліцкая