
У пасланні на ХХХIV Сусветны дзень хворага папа Леў ХІV адзначыў, што любоў патрабуе канкрэтных жэстаў блізкасці, з дапамогай якіх мы бярэм на сябе пакуты іншых, асабліва тых, хто знаходзіцца ў стане хваробы. Пантыфік пажадаў, каб “нашаму хрысціянскаму ладу жыцця ніколі не бракавала гэтага братэрскага, «самарыцянскага» вымярэння, інклюзіўнага, адважнага, адданага і падтрымліваючага”. Праяўленне клопату аб бліжнім, па прыкладзе самараніна, садзейнічае з’яднанню людзей і нават грамадства, што мабілізуе іншых дапамагчы і суцешыць чалавека ў цярпенні.
11 лютага – Сусветны дзень хворых
Гісторыя №1: Выратавальны званок
Каля 30 гадоў мы жывём па суседству з Лёняй, адзінокай жанчынай. Былы фельчар, ужо шмат гадоў на пенсіі. Жылі мы дружна; святы, радасці, нягоды – усё разам. Мой сын часта ў дзяцінстве любіў бегаць да суседкі ў госці.
Апошнія некалькі гадоў Лёня часта скардзілася, што губляе прытомнасць. Былі пераломы, сатрасенні. Мы знаходзіліся побач, дапамагалі ёй. Сваякі наведваліся нячаста.
Аднойчы я стала заўважаць у Лёні дзіўныя паводзіны. То суседка не магла самастойна запісаць паказанні прыбораў уліку за газ і святло, бо “забылася, як пішуцца некаторыя лічбы”. То распавядала пра сяброўку, якая прыязджала да яе з іншага горада і скрала лепшыя сукенкі. Я стала падазраваць у Лёні прыкметы дэменцыі і прапанавала – далікатна – звярнуцца да неўролага. Яна пакрыўдзілася і перастала са мной размаўляць.
На днях мой сын патэлефанаваў суседцы, каб даведацца, як у яе справы. Лёня распавяла, што ўвесь дзень адчувае, як “дрыгаціць сэрца”. Сын патэлефанаваў у хуткую і разам яны паехалі ў шпіталь.
Мы адшукалі нумар тэлефона дальніх сваякоў Лёні і звязаліся з імі. Пляменніца абяцала забраць цётку са шпіталя і некаторы час пажыць з ёю, каб “ацаніць сітуацыю”. Магчыма, жанчына аформіць догляд за пажылым чалавекам.
У размове з намі пляменніца Лёні прызналася, што шмат гадоў таму паабяцала сваёй маці наглядаць за яе малодшай сястрой. Але так склалася, што паглынулі іншыя турботы… “Я прыеду. Мы ўсё вырашым”, – запэўніла жанчына.
Гісторыя №2: Млечны шлях
У 21 год я нарадзіла дачку, якая з’явілася на свет на 25 тыдні цяжарнасці. Урачы прагназавалі, што дзіця можа застацца глыбокім інвалідам.
З першых дзён мы з мужам змагаліся за здароўе нашай Веры. Спярша ёй быў пастаўлены дыягназ ДЦП, пасля выявілі лёгачную гіпертэнзію. Жыццё паміж бальніцамі, рэабілітацыямі, аналізамі, кропельніцамі і… надзеяй.
У трохгадовым узросце Вера папаўзла, а ў пяць – зрабіла першыя крокі. Мы перасталі будаваць вялікія планы: маем “сёння”, і сёння – гэта ўжо шчасце. Пачалі цешыцца днямі, якія проста не прыносілі дрэнных навін. Так, Бог падараваў нам дачку з асаблівасцямі, але, разам з тым, падараваў таксама асаблівыя і шчырыя моманты: раптоўны выхадны на лецішчы, ноч без кіслароднай маскі… Восенню зайка пайшла ў першы клас: распачала хатняе навучанне. І вось калі ўсё ў нашым жыцці, здаецца, стала добра і адносна стабільна… Ён забраў Веру. З дачкой памерла і я.
Як пачаць новае жыццё пасля страты дзіцяці? Не ведаю… Але я знайшла ў сабе сілы – хоць не адразу – прыняць тое, што цяпер мая крывіначка ў лепшым свеце, дзе няма болю і цярпенняў. Мне ўсё гэтак жа цяжка, горка і крыўдна. Аднак нічога ўжо не змяніць, застаецца толькі жыць далей...
Часам цішыня аглушае, і я ўдзячная людзям, якія побач. Бабуля штодня гатуе мне абед, прасуе адзенне. Сяброўка выводзіць гуляць на вуліцу: мы часта ідзём моўчкі. Я стала часцей наведваць храм, углядацца ў неба…
Дачушка назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. Яна навучыла мяне быць моцнай, ісці наперад, не зважаючы ні на што, радавацца дробязям, любіць без умоў. Мабыць, Вера зрабіла мяне той, кім я павінна была стаць. Зорачка мая, свяці мне з неба ярчэй!
Гісторыя №3: Не салодкае, але і не горкае жыццё
“Міхаіл, у Вас цукровы дыябет другога тыпу”, – словы доктара ашаламілі мяне. Я ні на што не скардзіўся, адчуваў сябе абсалютна здаровым. Невялікае адхіленне цукру ў аналізе крыві (6.8 ммоль/л) прымусіла прайсці пашыранае абследаванне, што і пацвердзіла насцярожанасць доктара.
На той момант мне было 55 гадоў. Я займаў кіруючую пасаду, шмат працаваў і ніколі ні на што сур’ёзнае не хварэў. Спачатку ўспрыняў дыягназ як прыгавор, таму што чуў: дыябет нельга вылечыць. Могуць з’явіцца язвы на нагах, аслепнуць вочы. Але я папросту не мог гэтага дапусціць! У мяне сям’я, дзеці, хутка народзіцца ўнук…
На прыёме ў эндакрынолага мы пачалі выбудоўваць стратэгію, як трымаць дыябет пад кантролем. “Калі навучыцца кіраваць хваробай, ускладненняў можна пазбегнуць”, – запэўніла доктар.
Яна навучыла мяне вымяраць цукар крыві пры дапамозе глікометра, весці дзённік самакантролю. Склала для мяне індывідуальны рацыён харчавання – я прынёс яго дадому жонцы. Любая арганізавала “тэхнічны бок” харчавання, за што ёй вельмі ўдзячны. З дому зніклі ўсе забароненыя прадукты, і сама яна стала харчавацца гэтак жа, каб у мяне не было спакусы з’есці штосьці не тое. Мы пачалі разам займацца спартыўнай хадой, шмат часу праводзіць на свежым паветры.
Мінула ўжо 5 гадоў ад часу пастаноўкі дыягназу. Я па-ранейшаму працую з умеранымі нагрузкамі, дачакаўся яшчэ двух унукаў. Прымаю неабходныя медыкаменты, рэгулярна здаю аналізы. Дзіўна, але сёння дзякую Богу за сваю хваробу. Дзякую Яму за тое, чаго не заўважаў, за тое, што паглядзеў на жыццё зусім іншымі вачыма.
Хвароба – гэта сур’ёзнае выпрабаванне, якое дапамагае чалавеку прыняць сваю ўразлівасць і пазнаць свае слабыя месцы. Часта яно прымушае запаволіць рытм жыцця, спыніцца, паразважаць. Усё, што да гэтага моманту здавалася важным, губляе сваю каштоўнасць: у чым сапраўдны сэнс? У пошуках адказаў на фундаментальныя пытанні чалавека нярэдка вядзе сам Бог, каб праз цярпенне паказаць яму штосьці больш важнае.
Ангеліна Пакачайла





