Skip to main content
Логотип

Чалавек, які побач з табой

photo 2026 02 08 13 43 32

Кірыл ехаў у аўтобусе. За акном мільгалі гарадскія пейзажы. Адна адну змянялі шыльды і рэкламныя банеры. Рытмічны рух суправаджала музыка ў слухаўках.

На адным з прыпынкаў увайшоў малады хлопец: белабрысы, высокі. Па камплекцыі ён выглядаў моцным, мускулістым. Кірыл акінуў вокам хлопца і працягнуў назіраць за тым, што адбываецца за акном. Людзі стаялі на прыпынку, прытуліўшы каўнеры да сябе. Напэўна, дзьмуў халодны вецер.

На наступным прыпынку жанчына саступіла месца маладому хлопцу.

– Сядай, калі ласка, – прапанавала яна.

“Здаравяк гэтакі, а яму яшчэ месца саступаюць!” – падумаў Кірыл. І раптам ён убачыў, што хлопец накульгвае. Кірылу стала сорамна, што ён не адразу звярнуў увагу на чалавека, які знаходзіўся побач з ім і патрабаваў спагады. “Я мог бы прапанаваць яму сесці, мне гэта зусім не цяжка”, – разважаў пра сябе Кірыл.

Як часта мы не заўважаем тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Насамрэч, кожны чалавек чакае разумення, прыняцця і павагі.

Алена Запаснік