
Кс. Збігнеў Драгула CSMA служыць пробашчам у парафіі ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат). Святар захапляецца фатаграфіяй, робіць партрэты парафіян і паштоўкі, якія можна атрымаць у парафіі за ахвяраванне.
Падтрымка неабходная
Кс. Збігнеў называе сябе аматарам, не прафесіяналам. Святар захапіўся фатаграфіяй яшчэ ў падлеткавым узросце, маючы 15 гадоў. Навучацца фотамайстэрству пачаў самастойна, калі быў яшчэ клерыкам ніжэйшай семінарыі. “Перад адным з фацімскіх набажэнстваў я купіў сабе савецкую «Змену» і пачаў фатаграфаваць пакуль без плёнкі, – распавядае кс. Збігнеў. – Пасля набажэнства настаяцелі паклікалі нас і папрасілі мяне паказаць фатаграфіі. Тады я ім усё распавёў”.
Кс. Збігнеў узгадвае, што выхаваўцы з усмешкай успрынялі яго зацікаўленасць і падтрымалі фінансава, убачыўшы здольнасці семінарыста. Юнак працягнуў развіваць сваё хобі, па просьбе сабратоў фатаграфаваў на розных мерапрыемствах.
Веды і практыка
Пасля прэзбітэрскага пасвячэння кс. Збігнеў некаторы час служыў у парафіі Маці Божай Каралевы Анёлаў у Варшаве (Польшча). У 1999 годзе, па рашэнні Кангрэгацыі св. Міхала Арханёла, быў адпраўлены ў парафію свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Васілішках, дзе і нясе паслугу па сённяшні дзень.

Тут, у невялікай вёсцы, у спакойным і размераным пасля мегаполіса рытме жыцця святар стаў больш часу прысвячаць свайму захапленню. Чытаў шмат адмысловай літаратуры, эксперыментаваў з наладамі фотаапарата. “Якасныя і цікавыя здымкі не робяцца толькі на аўтаматычным рэжыме. Трэба шмат ведаць і разумець, як ствараць добрыя фота ў розных умовах. Калі я буду здымаць пры яркай крыніцы штучнага святла, то фотаапарат зробіць на ім акцэнт. Калі змяню адпаведныя налады, то атрымаецца эфект рэфлектара”, – заўважае кс. Збігнеў.
Развіццё таленту
Па словах святара, для стварэння прыгожых фотаздымкаў не заўсёды патрэбна асаблівая тэхніка – якасны вынік можна атрымаць і з дапамогай недарагіх мадэляў фотаапарата. “Каштоўную тэхніку варта набываць, калі будзеш карыстацца яе магчымасцямі”, – упэўнены кс. Збігнеў. Сам ён сёння здымае на Nikon D5600. Гаворыць, што “пакуль такога дастаткова”.
Найважнейшае ў фатаграфіі – гэта ўбачыць і мець жаданне паказаць. “Трэба захацець узяць фотаапарат у рукі, каб захаваць асаблівы момант. Выйсці, напрыклад, уначы і зрабіць здымак, бо месяц прыгожы ўзышоў”, – адзначае святар.
Па яго словах, калі ты маеш здольнасці, але не будзеш практыкаваць свае ўменні, то “нічога не атрымаецца”. “Вось пазаўчора была шэрань. Я зрабіў каля трохсот фота ваколіц, з якіх 10-12 можна паказаць, – гаворыць кс. Збігнеў. – Не варта чакаць нейкага «запрашэння», а выходзіць і рабіць. Я лічу, што раз Бог даў талент, то трэба яго развіваць”.
Захапленне наваколлем
Найчасцей у аб’ектыў святара трапляе прырода, якую ён здымае ў вольны час. “Мяне найбольш гэта чапляе: кветка, дрэва, шэрань... Пана Бога ніхто не перасягне. Летам, восенню, калі хачу адпачыць, іду па грыбы. І звычайна больш фота зраблю, чым грыбоў прынясу”, – дзеліцца кс. Збігнеў.
Пасля з найлепшых здымкаў святар робіць электронныя і папяровыя паштоўкі, дорыць парафіянам, сабратам ці родным. А калі прыехаць у касцёл у Старыя Васілішкі, то можна за ахвяраванне ўзяць магніт, кубак ці сцяжок з маляўнічай выявай святыні, і, канешне, паштоўку аўтарства пробашча.
Больш чым фота
У архіве кс. Збігнева каля паўмільёна фота. Многія ўнікальныя, таму што на іх святар паспеў захаваць не толькі вясковыя хаты, якіх ужо няма, але і жыхароў навакольных мясцовасцей, якія адышлі да Пана. “Некалькі гадоў таму з нагоды парафіяльнага юбілею мы праглядалі фотаздымкі разам з парафіянамі, іх кроўнымі, якія я зрабіў за час свайго служэння. Праглядалі па тры разы, каб убачыць чыюсьці цёцю ці маці, якія ўжо памерлі”, – дзеліцца пробашч старавасілішкаўскай парафіі.
Робіць партрэты кс. Збігнеў і сёння. Нагодай можа быць святкаванне юбілею шлюбу, Першая Камунія ў дзяцей альбо калядныя адведзіны ў старэйшых парафіян.
Апошніх святар фіксуе на фота найчасцей. Пасля ўсе здымкі друкуе на фотапаперы на звычайнай друкарцы і абавязкова дорыць на памяць.
“Сёлета быў па калядзе ў бабулі, сфатаграфаваў яе і апублікаваў фота на Фэйсбуку, ведаючы, што яе родныя назіраюць за маім профілем. Аказалася, што ўсе дзеці патэлефанавалі да маці з вітаннямі”, – з цяплом дзеліцца ксёндз міхаліт.

Заўважыць талент
Больш за 20 гадоў таму кс. Збігнеў захапіўся і стварэннем відэа. Як распавядае, усё пачалося з неабходнасці зрабіць відэазапіс для архітэктара падчас рамонту звана.
Яшчэ падчас пандэміі святар стварыў відэаролік Крыжовага шляху, дадаючы ў мантаж выявы стацый з касцёла ў Старых Васілішках і голас за кадрам з тэкстам набажэнства. Сярод шматлікіх відэаработ ёсць памятныя ролікі з паездак па вясковых дарогах, запісы святочных пастановак на Божае Нараджэнне і шмат чаго іншага.
Кс. Збігнеў не дае сабе засумаваць. Часта бярэ ў рукі гітару альбо іграе на аргане. Гаворыць, што ўсё пачалося менавіта з музычнага таленту. Святар падкрэслівае, што ў жыцці кожнага чалавека важна, каб было месца інтарэсам, развіццю. Варта заўважыць свой талент і праслаўляць праз яго Бога.
Кацярына Паўлоўская





