
Душастырская дзейнасць – гэта арганізаванае служэнне Касцёла, заснаванае на абвяшчэнні Божага слова, здзяйсненні сакрамантаў (літургіі) і хрысціянскім сведчанні жыцця, накіраванае на евангелізацыю і духоўны клопат пра вернікаў. Уключае ў сябе парафіяльнае і спецыялізаванае душпастырства, што ажыццяўляецца праз хрысціянскую фармацыю і дыялог.
Душпастырская дзейнасць часта заснавана на адносінах душпастыр-вернік і адаптуецца да патрэб канкрэтных асяроддзяў.
лічваючы гістарычную спадчыну Касцёла на Гродзеншчыне, які мае свае традыцыйныя карані веры, можна адзначыць, што сёння ў душпастырскай дзейнасці існуе задача абуджаць ва ўсіх вернікаў большую свядомасць духоўнага жыцця. Пры гэтым неабходна адкрытасць як душпастыраў, якім даверана кіраўніцтва супольнасцямі, так і вернікаў на сучасныя патрэбы і выклікі часу. Першая фармацыя адбываецца на ўзроўні кожнай парафіі або асобнай душпастырскай групы, у якой мае месца непасрэдны кантакт вернікаў з душпастырамі.
Сярод прыярытэтаў душпастырскай дзейнасці, згодна з вучэннем Касцёла, з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова. Яно распачынаецца падчас катэхізацыі дзяцей і няверуючых з мэтай прывесці людзей да веры і аказаць падтрымку ва ўсталяванні асабістай сустрэчы з жывым Богам. Далейшым крокам душпастырскай дзейнасці з’яўляецца паглыбленне ў вернікаў свядомасці сакраментальнага жыцця, дапамога з боку душпастыраў, каб яны маглі больш плённа перажываць кожную св. Імшу і сустрэчу з Хрыстом у Эўхарыстыі.
Душпастырскае служэнне накіравана не столькі на ўдасканаленне чалавека, колькі на аднаўленне адзінства чалавека з Богам.
Вялікая роля ў душпастырскай дзейнасці адводзіцца добра падрыхтаваным святарам, якія разумеюць і любяць даручаную ім задачу як служэнне на ўзор Езуса Хрыста, Добрага Пастыра, у адносінах да ўсіх людзей без выключэння. Сёння існуе вострая патрэба ў тым, каб душпастыры сваім уласным сведчаннем жыцця і нястомным абвяшчэннем Божага слова дапамагалі вернікам выпрацоўваць хрысціянскі стыль жыцця.
У справе агульнага душпастырства ў парафіях існуе неабходнасць працягваць фармацыю ў душпастырскіх групах, якія называюцца спецыяльнымі. Напрыклад, у нашым мясцовым Касцёле гэта групы вернікаў з парушэннямі слыху, мовы ці групы вернікаў паводле прафесійнай прыкметы: працаўнікі сферы адукацыі і выхавання, медыцыны, чыгункі, спорту і г. д. Да груп персанальнага душпастырскага клопату адносяцца студэнты, вязні, асобы, якія жывуць у несакраментальных сужэнствах, і іншыя.

Вялікую ўвагу сёння трэба таксама звярнуць на людзей, якія перажываюць крызісныя моманты: асоб з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю і сузалежных. Сёння асобнага клопату патрабуе душпастырская дзейнасць у сферы евангелізацыі харызматычнага напрамку. Гэта супольнасці, якім патрабуецца адкрытасць і адвага з боку душпастыраў у прыняцці выклікаў новай евангелізацыі.
Існуе вялікая патрэба ў актыўным удзеле свецкіх людзей у арганізацыі душпастырства. Неабходны аніматары, якія будуць заангажоўвацца ў фармацыйную дзейнасць: напрыклад, праводзіць катэхезу, сустрэчы і інш. Маецца досвед, калі будучых аніматараў душпастыры адпраўляюць вучыцца ў духоўныя навучальныя ўстановы: тэалагічныя і катэхетычныя каледжы, місійныя школы. Пасля атрымання неабходных кампетэнцый свецкія вернікі ініцыятыўна праяўляюць сябе ў дапамозе святару. У нас такая тэндэнцыя назіраецца ў апошнія гадоў дзесяць: людзі адчуваюць усё большую адказнасць за сябе і Касцёл. Задача нашых душпастыраў сёння – шукаць і падтрымліваць зацікаўленых асоб, каб разам рэагаваць на сучасныя выклікі, распальваць агонь веры ў супольнасцях і свеце.
Кс. Валерый Лісоўскі, старшыня камісіі





