
Змяняць аблічча зямлі
Езус Хрыстус, навучаючы верны народ, ужываў узятыя з жыцця метафары, каб людзі змаглі Яго зразумець. Ён выкарыстоўваў вобразы, добра вядомыя ўсім: напрыклад, соль і святло.
Соль захоўвае стравы ад псавання. “Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям” (Мц 5, 13b). Пан Езус паказвае вучням, што яны павінны даваць сведчанне пра Бога ў гэтым свеце на прыкладзе ўласнага жыцця, увасабляючы Любоў сярод людзей праз учынкі міласэрнасці.
Святло неабходнае для забеспячэння жыцця на Зямлі. Светач ставяць на свечніку, каб ён “свяціў усім у доме” (параўн. Мц 5, 15). Вучань Езуса павінен быць святлом, якое праз яго паводзіны паказвае іншым добры шлях і правільны кірунак.
Кожны хрысціянін павінен быць у свеце соллю і святлом, каб такім чынам іншыя “бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5, 16). Бог хоча прысутнічаць у гэтым свеце праз жывое сведчанне вызнаўцаў Езуса Хрыста там, дзе яны вучацца і працуюць, у сямейным і прафесійным асяроддзі.
Католікамі мы з’яўляемся не толькі ў касцёле, павінны быць імі і ў штодзённасці – у сваіх рашэннях, словах, адносінах з іншым чалавекам. Для хрысціяніна такія паводзіны павінны быць відавочнымі, а жыццё з Богам – натуральнае, як дыханне. Праява вернасці Богу ў дзесятках малых спраў, нават калі часам гэта здаецца цяжкім, крок за крокам вядзе да збаўлення.
Быць соллю зямлі і святлом свету – азначае любіць, маліцца і працаваць, а таксама ўплываць на абставіны і людзей, якія вакол нас. Таму давайце жыць так, каб мы, як соль, маглі змяняць смак і аблічча гэтай зямлі, каб праз святло, якое паходзіць ад Бога, дапамагалі іншым людзям убачыць Айца, спазнаць Яго дабрыню і прыйсці да Яго.
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду





