Skip to main content
Логотип

15 лютага – каментарый да першага чытання на VI Звычайную нядзелю (Сір 15, 15–20)

6 1 1 3 1 1

Наш уласны выбар

Думаю, многія задавалі сабе пытанне, чаму, нягледзячы на нашы намаганні, словы, малітвы, пэўныя людзі застаюцца пры сваім выбары жыць удалечыні ад Госпада. Некаторыя тэолагі даюць такі адказ: Бог стварыў адных людзей для збаўлення, іншых жа – на асуджэнне. Ці сапраўды гэта так?

Аўтар кнігі Мудрасці Сіраха піша: “Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць” (Сір 15, 20). Нашыя грахі – гэта не вынік Божага “плану”, а наступства асабістага свядомага выбару. Такое сцвярджэнне – не толькі папрок чалавеку, што выбраў грэх, але, у першую чаргу, добрая вестка пра магчымасць пакаяння і змены ўласнага лёсу.

Сёлета на 15 лютага ў Грэка-Каталіцкай Царкве прыпадае Нядзеля сырапусная. Яна распачынае апошні тыдзень падрыхтоўкі да Вялікага посту. Літургічныя тэксты візантыйскай традыцыі на гэты дзень, якія заклікаюць нас да пакаяння, сугучныя словам Мудрасці Сіраха: “Ён паставіў перад табою агонь і ваду, а ты працягні руку сваю да таго, чаго захочаш” (Сір 15, 16). Айцы Царквы заклікаюць пачаць змаганне супрацы зла ў сабе: “Поле змагання за дабрадзейнасці адкрытае. Прыходзьце ўсе ахвочыя, падрыхтуйце сябе подзвігам посту, бо ўсе, што добра змагаюцца, атрымаюць узнагароду”.

Ад нашага ўласнага рашэння, а не ад якога-небудзь наканавання залежыць, будзем мы збаўленыя ці асуджаныя. Пра гэта гаворыцца ў кнізе Мудрасці Сіраха:“Калі захочаш, захаваеш запаведзі і застанешся верным Яго ўпадабанню” (Сір 15, 15). Пра гэта і спевы візантыйскай традыцыі: “Калі жадаем быць жыхарамі раю, адвернемся ад некарысных спраў. Вытрывалаю малітваю і гарачым маленнем суцішым нашыя душэўныя хваляванні, адгонім цялесныя пажаданні”.

“Перад чалавекам жыццё і смерць, і што спадабаецца, будзе дадзена яму” (Сір 15, 17). Няхай жа жыццё будзе і нашым выбарам, і нашай узнагародай.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду