Skip to main content
Логотип

Максімільян Кольбэ

photo 2026 01 25 13 00 47

Разам з дзевяццю зняволенымі ён быў зачынены ў камеры лагера смерці. Там людзі павольна паміралі ад голаду і абязводжання. Іх трымала толькі тое, што побач святар: з ім спявалі, маліліся… Праз два тыдні айцу францысканцу і тром яшчэ жывым сукамернікам зрабілі смяротныя ін’екцыі, каб “пачысціць блок №11”.

З 1922 па 1927 год Максімільян Кольбэ жыў у Гродне, нёс служэнне ў францысканскім касцёле Маці Божай Анёльскай. У галоўным алтары святыні, пад кампазіцыяй, якая паказвае Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, змешчаны партрэт святога, а ў дворыку кляштара – яго скульптура.

А. Максімільян Марыя Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 года ў сям’і простых рабочых у польскай Здуньскай-Волі, пры хросце быў названы Раймундам. Ужо ў падлеткавым узросце ён адчуў моцнае жаданне стаць святаром.

У 1907 годзе Раймунд разам са сваім братам Францішкам паступіў у ніжэйшую францысканскую семінарыю ў Львове. У 1914 годзе – склаў вечныя манаскія абяцанні і прыняў імя Максімільян Марыя. Вучыўся ў Рыме, у 1918 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.

Праз год вярнуўся дадому. Першым месцам яго святарскай паслугі стаў горад Гродна. Вёў тут актыўную душпастырскую дзейнасць: прымаў споведзі, даваў духоўныя парады, адукаваў дзяцей і дарослых. Заўсёды быў цярплівым і ўважлівым да патрэб вернікаў.

Зразумеўшы неабходнасць прапаведавання праз сродкі масавай інфармацыі, святар заснаваў пры кляштары францысканцаў выдавецтва, якое пачало выпускаць часопіс “Рыцар Беззаганнай”. Яго друкавалі ў Гродне. Ёсць сведчанні, што час ад часу карысталіся Кракаўскай друкарняй. Нейкая колькасць экземпляраў распаўсюджвалася і ў старажытнай сталіцы Польшчы.

У той жа час пад Варшавай па ініцыятыве а. Кольбэ пабудавалі францысканскі кляштар, шырока вядомы як Непакалянаў. Галоўнай уласнасцю супольнасці ордэна былі друкарскія станкі, дзе шырока развярнулася выдавецкая дзейнасць.

Пасля служэння на польскіх і цяперашніх беларускіх землях а. Максімільян накіраваўся ў Японію. Там ён заснаваў місіянерскі асяродак, які ўзначальваў цягам шасці гадоў. Вярнуўшыся на радзіму, працягнуў служэнне ў Непакалянаве.

На пачатку Другой сусветнай вайны, 17 лютага 1941 года, святара арыштавала гестапа. Яго накіравалі ў варшаўскую турму Павяк, а 28 мая перавялі ў канцэнтрацыйны лагер у Асвенцыме. Там ён цяжка працаваў на прымусовых работах і працягваў сваю пастырскую справу сярод зняволеных, суцяшаючы людзей.

Пасля ўцёкаў аднаго з вязняў намеснік каменданта лагера адабраў 10 смяротнікаў, якім было наканавана памерці ад голаду. Сярод іх не было а. Кольбэ, але апынуўся польскі салдат Францішак Гаёўнічак. Той у роспачы закрычаў, што ўжо ніколі не ўбачыць сям’ю. Тады а. Максімільян прапанаваў сябе замест яго.

Францішак Гаёўнічак пражыў ажно да 1995 года, стаўшы сведкам подзвігу суайчынніка. Як ганаровы госць ён прысутнічаў на кананізацыі а. Кольбэ, якая адбылася 10 кастрычніка 1982 года ў Рыме, дзе распавёў сваю гісторыю. Пад апладысменты 200 тысяч вернікаў Максімільян Кольбэ быў афіцыйна прылічаны папам Янам Паўлам II да ліку святых мучанікаў.

Да смерці Гаёўнічак наведваў парафіі, прысвечаныя свайму выратавальніку. Ён лічыў доўгам распавесці свету аб тым, якім неверагодным чалавекам і шчырым вернікам быў св. Максімільян Кольбэ.

Цікавыя факты

У 1915 годзе Максімільян Кольбэ атрымаў доктарскую ступень па філасофіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце, у 1919 годзе – доктарскую ступень па тэалогіі ў Папскім універсітэце св. Бонавентуры (вядомым яшчэ як Серафікум). Адзін з прафесараў аднойчы выказаўся, што яго студэнт настолькі геніяльны, што мог бы атрымаць Нобелеўскую прэмію, каб не вырашыў стаць святаром.

Падчас місіянерскай дзейнасці ў 1930-х гадах Максімільян Кольбэ заснаваў у Нагасакі францысканскі манастыр. Ён цудам ацалеў падчас атамнай бамбардзіроўкі ў 1945 годзе, бо быў пабудаваны ў месцы, якое ад горада аддзяляла гара.

Святаслаў Вараб’ёў