Skip to main content
Логотип

Некалькі ўрокаў з жыцця Францішка Сальскага

SnapInsta.to 493934605 1275127767732954 4252459608381744447 n

Св. Францішак Сальскі (1567–1622) – адзін з самых вядомых духоўных дзеячаў Каталіцкага Касцёла XVII стагоддзя, Настаўнік Царквы. Быў біскупам Жэневы (сёння Швейцарыя), вядомым багасловам, пісьменнікам. Яго жыццё – гэта прыклад лагоднасці, мудрасці і сілы слова, якое здольна перамяняць сэрцы.

У 1923 годзе папа Пій XI абвясціў св. Францішка Сальскага апекуном пісьменнікаў і журналістаў.

Духоўны рост даступны кожнаму

Францішак Сальскі вядомы сваімі шматлікімі работамі аб духоўным жыцці (пакінуў пасля сябе шырокую спадчыну з 14 тамоў). Пісаў так, што нават складаныя багаслоўскія тэмы былі зразумелыя звычайным людзям. Яго стыль – ясны, просты, без жорсткасці і крытыкі. Францішак паказаў, што журналістыка і літаратура могуць быць не толькі сродкам інфармацыі, але і шляхам да духоўнага ўзбагачэння.

Вера – гэта не збор правіл, а лад жыцця

У 1608 годзе Францішак Сальскі выдаў кнігу “Уводзіны ў пабожнае жыццё” (Introduction to the Devout Life). Спачатку яна была адрасавана пэўнай жанчыне, якая шукала духоўных парад, але хутка стала папулярнай ва ўсёй Еўропе. Кніга перакладалася на многія мовы і да сённяшняга дня застаецца актуальнай. Аснова яе зместу – як жыць верай у штодзённасці.

Смеласць і адвага ў складаныя часы

У часы Рэфармацыі Францішак Сальскі распачаў місію ў рэгіёне Шабле, дзе амаль усе жыхары былі кальвіністамі. Прамыя пропаведзі былі небяспечныя, таму ён прыдумаў новы спосаб: пісаў кароткія лісткі з тлумачэннем каталіцкай веры і развешваў іх на дзвярах і сценах дамоў. Дзякуючы вынаходлівасці святара тысячы людзей вярнуліся да каталіцызму.

Не асуджаць, а праяўляць клопат

Францішак Сальскі пакінуў велізарную эпісталярную спадчыну. У сваіх лістах ён падтрымліваў сяброў, суцяшаў засмучаных і натхняў тых, хто сумняваўся. Яго словы былі жывымі, поўнымі цяпла і чалавечнасці. Сёння гэтыя лісты чытаюцца як узоры духоўнай літаратуры, дзе глыбіня спалучаецца з пяшчотай.

Лагоднасць як сіла

Францішак Сальскі вядомы як “святы лагоднасці”. Яго дэвізам было: “Нічога сілай, усё любоўю”. Верыў, што мяккасць і дабрыня здольныя змяніць больш, чым суровыя загады. Нават у спрэчках з апанентамі заставаўся спакойным і паважлівым, што рабіла яго словы яшчэ больш пераканаўчымі.

Св. Францішак Сальскі – гэта ўзор таго, як слова, прасякнутае любоўю і лагоднасцю, можа стаць магутным інструментам перамен у грамадстве. Яго спадчына актуальная і сёння, асабліва для тых, хто працуе са словам.

Падрыхтавала Вольга Сяліцкая