
Сёлетні Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціян, які праходзіў у Касцёле 18–25 студзеня, стаў запрашэннем да супольнага сведчання надзеі, якая грунтуецца на адзінстве цела і духу ў сучасным свеце. Вось ужо на працягу многіх гадоў гэтая ініцыятыва аб’ядноўвае на малітве розныя хрысціянскія канфесіі ў агульным імкненні да ўзаемаразумення і братэрскай любові.
Якая розніца паміж экуменізмам і рэлігійнай талерантнасцю?
Згодна з дакументам Dignitatis Humanae (“Годнасць чалавечай асобы”), прынятым ІІ Ватыканскім саборам у 1965 годзе, талерантнасць – гэта грамадзянскае права, якое звязана з павагай да чалавечай годнасці і свабоды сумлення. Рэлігійная талерантнасць – паважлівае і памяркоўнае стаўленне да рэлігійных перакананняў, практык іншых людзей, нават калі яны адрозніваюцца ад уласных. Яно прадугледжвае прызнанне права кожнага чалавека вызнаваць сваю рэлігію (ці не прытрымлівацца ніякай рэлігіі) без дыскрымінацыі, пераследу або прадузятасці.
Экуменізм – гэта актыўнае імкненне да аднаўлення бачнага адзінства ўсіх хрысціян праз малітву, дыялог і супрацоўніцтва, заснаванае на агульнай веры ў Езуса Хрыста і Хросце. Абодва паняцці дапаўняюць адзін адно, але адрозніваюцца тым, што экуменізм тычыцца толькі хрысціян, а талерантнасць – усіх рэлігій.
Як экуменізм праяўляецца ў жыцці Касцёла?
Экуменізм – гэта рух, накіраваны на ўмацаванне адзінства і ўзаемаразумення паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі і іншымі рэлігіямі. Ён грунтуецца на павазе, узаемным прызнанні адрозненняў і жаданні знаходзіць агульную мову, што дапамагае ствараць атмасферу даверу і ўмацоўваць мір у грамадстве. У жыцці праяўляецца ў розных формах і мерапрыемствах, якія садзейнічаюць дыялогу і супрацоўніцтву.
Сумесныя набажэнствы: правядзенне супольных малітваў ці царкоўных службаў, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі розных канфесій.
Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціян – міжнародная штогадовая падзея, якая праводзіцца з мэтай умацавання ўзаемаразумення, адзінства і супрацоўніцтва паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі. У рамках актавы ў святынях чытаюцца спецыяльныя малітвы і пропаведзі аб адзінстве Хрыста і Яго Царквы. Гэта важна для садзейнічання хрысціянскаму дыялогу, а таксама прызнання агульнай спадчыны і закліку да міру і любові.
Грамадскія ініцыятывы: сумесная дзейнасць па сацыяльных і дабрачынных праектах, накіраваных на дапамогу тым, хто жыве ў нястачы, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці.
На адной з апошніх аўдыенцый папа Леў XIV адзначыў сумесную дэкларацыю праваслаўных, лютэран і католікаў Фінляндыі, накіраваную на развіццё паліятыўнай дапамогі. Ён назваў гэтую краіну “ўзорнай” у пытаннях экуменізму, дзе хрысціяне розных традыцый разам прасоўваюць культуру годнасці і спачування.
Міжрэлігійныя мерапрыемствы: удзел і арганізацыя свят, канферэнцый, форумаў, дзе прадстаўлены розныя рэлігіі для абмену вопытам і ўмацавання міру.
“Дыялог рэлігій – сінергія для будучыні” – пад такім дэвізам у верасні 2025 года ў сталіцы Казахстана прайшоў VIII Кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, на якім сабраліся прадстаўнікі з 60 краін. Каталіцкі Касцёл на форуме прадстаўляў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу кардынал Джордж Коавакад.
Вынікам сустрэчы стала падпісанне мірнай дэкларацыі. Кангрэс праводзіцца кожныя тры гады.
Працоўныя групы і камітэты: стварэнне спецыяльных структур, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі розных канфесій.
У 1992 годзе ў Беларусі было ўтворана Біблейскае Таварыства, заснавальнікамі якога з’яўляюцца хрысціяне розных канфесій і супольнасцей. Члены міжканфесійнага рэлігійнага брацтва займаюцца перакладам Бібліі на беларускую мову, а таксама распаўсюджваннем Святога Пісання і іншай духоўнай літаратуры ў краіне.
![]()
Асвета і адукацыя: атрыманне ведаў аб іншых рэлігіях і канфесіях для пераадолення прадузятасці і стэрэатыпаў.
У рамках праграм падрыхтоўкі святароў і місіянераў часта ёсць курсы і спецыялізацыі па міжрэлігійным дыялогу. Яны ўключаны ў навучальны працэс для разумення, развіцця цярпімасці і навыкаў вядзення дыялогу паміж прадстаўнікамі розных рэлігій.
Экуменізм на практыцы – гэта таксама духоўны абавязак кожнага хрысціяніна, які праяўляецца ў малітве, унутраным навяртанні, дыялогу і сумесных справах. Як гаворыцца ў дэкрэце Unitatis Redintegratio (“Аднаўленне адзінства”), прынятым на ІІ Ватыканскім саборы, змена сэрца, святасць жыцця і малітва за адзінства хрысціян – душа ўсяго экуменічнага руху.
Такім чынам, можна зрабіць высновы, што практычны экуменізм – гэта не толькі ініцыятывы Касцёла, але і паўсядзённыя дзеянні вернікаў, якія ўмацоўваюць сувязі з іншымі хрысціянамі: членамі сям’і, калегамі, сябрамі і г. д.
10 запаведзяў у духу экуменізму
1. Будуй жывыя адносіны з Богам у супольнасці. Развівай сваю духоўнасць з дапамогай братоў і сясцёр у веры – гэта натхняе і ўмацоўвае ў веры.
2. Любі бліжняга свайго безумоўна, незалежна ад веры і перакананняў. Май адкрытае сэрца да прадстаўнікоў розных канфесій і рэлігій.
3. Паважай права кожнага чалавека на свае погляды і веру. Развівай у сабе шчырае жаданне прыняць іншага з яго “непадабенствам”.
4. Памятай, што ўсе людзі створаны на вобраз Божы. Стаўся да кожнага чалавека як часткі тварэння Бога.
5. Вучыся знаходзіць агульнае ў веравучэннях і каштоўнасцях, якія аб’ядноўваюць грамадства. Шануй і паважай духоўнае адрозненне людзей, шукай адзінства і прымірэнне.
6. Будзь міласэрным і спагадлівым, служы грамадству і тым, хто жыве ў нястачы. Праяўляй любоў праз справы, якія аб’ядноўваюць людзей.
7. Прапаведуй мір і згоду, пазбягай рознагалоссяў і канфліктаў. Садзейнічай дыялогу і разуменню паміж людзьмі, нягледзячы на непадабенства.
8. Не дапускай канфрантацыі і правакацый, якія выклікаюць нянавісць ці падзел. Навучай іншых любові, цярпімасці і павазе да адрозненняў.
9. Будуй масты паміж культурамі і рэлігіямі. Удзельнічай у асветніцкіх, адукацыйных і міжрэлігійных мерапрыемствах, якія спрыяюць міру і супрацоўніцтву.
10. Імкніся да адзінства хрысціян, да братэрства і служэння ў імя Хрыста. Прыкладвай намаганні да аб’яднання вернікаў ва ўсіх канфесіях дзеля міру і духоўнага дабра.
Ангеліна Пакачайла





