
На пачатку года арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч адсвяткаваў сваё 80-годдзе. З гэтай урачыстай нагоды заслужаны іерарх даў спецыяльнае інтэрв’ю для “Слова Жыцця”, у якім падзяліўся ўспамінамі з жыцця і паразважаў над тым, якой яму бачыцца будучыня Касцёла.
Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў Адэльску пад Гродна. Служыў у Літве, а таксама ў Расіі і Беларусі, дзе аднаўляў структуры Касцёла ў часы перабудовы і пасля падзення камуністычнай сістэмы. Падчас свайго біскупскага служэння спрыяў вяртанню і адкрыццю зачыненых касцёлаў, заснаванню духоўных навучальных устаноў, стварэнню выдавецкіх цэнтраў і дабрачынных арганізацый, выданню літургічнай літаратуры і інш. У 2021 годзе папа Францішак прыняў просьбу арцыбіскупа аб адстаўцы ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту, згодна з Кананічным правам. Уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС). Валодае беларускай, рускай, польскай, літоўскай, англійскай і італьянскай мовамі.
– Эксцэленцыя, 80 гадоў – колькі гэта ў маштабах чалавечага жыцця?
– Святое Пісанне гаворыць, што мерай жыцця чалавека з’яўляецца 70 гадоў, а для моцных – 80. Ці Бог мяне залічыў да моцных? Падаецца, што так, бо ў маштабах чалавечага жыцця 80 гадоў – гэта нямала.
За плячыма доўгі шлях. Але, нягледзячы на ўсе складанасці жыцця, святарскага і біскупскага служэння, якія давялося прайсці, сёння хачу сказаць толькі адно: Deo gratias, або “Дзякую Богу”. У сваім жыцці заўсёды імкнуўся быць верным біскупскаму дэвізу: Quis ut Deus (“Хто ж як Бог”). Ці годна яго выканаў? Няхай судзяць Бог і вернікі, для якіх я быў біскупам і разам з якімі стараўся быць хрысціянінам. Хачу далей працягваць служыць Богу, Касцёлу і людзям.
– Ці адчуваеце менш адказнасці за наш Касцёл з выхадам на эмерытуру?
– Адышлі адмінстратыўныя абавязкі, але абавязак служэння Богу і Касцёлу застаецца. Біскуп да канца свайго жыцця застаецца біскупам і, найперш, павінен прысвячаць сябе абвяшэнню Божага слова і асвячэнню людзей праз цэлебрацыю сакрамантаў. Таму стараюся далей служыць людзям, таксама дапамагаю іншым біскупам радай ці замяняю іх у біскупскай паслузе.
– Пры нагодзе і магчымасці Вы заўсёды наведваеце родны Адэльск, Гродна… Якія ўспаміны ў Вас звязаны з малой радзімай?
– Малая радзіма заўсёды ў сэрцы. Тут нарадзіўся, вучыўся, узрастаў у гадах і цнотах. Гэтага нельга забыць.
Я адэльшчанін і граднянін. Сюды вяртаўся, калі служыў далёка, пры магчымасці прыязджаю і цяпер. Мне падабаецца быць з людзьмі, з якімі рос, і з іх нашчадкамі.
Падабаецца ім служыць і асабліва прапаведаваць Божае слова.

– Большую палову жыцця Вы служыце Богу і людзям, 45 гадоў з якіх – у святарстве і 36 – у біскупстве. На Вашых вачах разгортвалася сапраўдная гісторыя сучаснага лакальнага Касцёла: ад ганенняў да адраджэння веры на нашых землях. Касцёл у Беларусі сёння – які ён?
– Так, сапраўды, пройдзены велізарны шлях. За апошнія больш чым тры дзесяцігоддзі Касцёл у Беларусі адрадзіўся, як фенікс з попелу. У яго ёсць свае развітыя структуры. Добра пастаўлена катэхізацыя, арганізавана спецыялізаванае душпастырства розных груп вернікаў, у т. л. моладзі.
У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне вядзецца падрыхтоўка будучых святароў. Каледжы ў Мінску, Гродне і Баранавічах рыхтуюць катэхетаў і іншых касцёльных спецыялістаў. Каталіцкія медыя не толькі інфармуюць, але таксама духоўна фарміруюць людзей. Паспяхова дзейнічае “Карыстас” і іншыя дабрачынныя арганізацыі. Асабліва трэба падкрэсліць ролю розных санктуарыяў, якія наведваюць тысячы пілігрымаў.
Беларускі католік стаў больш свядомым вернікам, які бярэ на сябе ўсё большую адказнасць за Касцёл і яго пастырскую, дабрачынную, выдавецкую, катэхетычную, інфармацыйную і іншага роду дзейнасць. Наш Касцёл сёння добра вядомы за межамі краіны.
У той самы час неабходна заўважыць, што Касцёл у Беларусі ўсё яшчэ перажывае складаны працэс станаўлення і трансфармацыі ад традыцыйнага душпастырства да адпавядаючага выклікам часу, калі неабходна змагацца з секулярызацыяй і культурнымі зменамі. Пад уплывам гэтых выклікаў хрысціянства становіцца традыцыяй без духоўнага складніка. Божы закон нам дадзены не для таго, каб ад яго адмаўляцца ці змяняць, але каб выконваць. У адваротным выпадку будзем мець хрысціянства без Хрыста, што па сваёй сутнасці з’яўляецца абсурдам.
Галоўнымі праблемамі, з якімі змагаецца Касцёл у Беларусі, з’яўляюцца, найперш, крызіс веры, сям’і і жыцця, малая колькасць пакліканняў, павярхоўная і вонкавая рэлігійнасць. Фармацыя да святарства і кансэкраванага жыцця патрабуе якаснага ўдасканалення ў адпаведнасці з выклікамі часу і канкрэтнай сітуацыяй Касцёла ў Беларусі, які падвяргаецца разбуральным тэндэнцыям секулярызму і маральнага рэлятывізму.
Сацыяльнае вучэнне Касцёла яшчэ мала вядома вернікам, што неабходна для будавання цывілізацыі любові, жыцця і міру, а таксама адэкватнага адказу на актуальныя праблемы. Неадкладным заданнем Касцёла з’яўляецца грунтоўная евангелізацыя, катэхізацыя і выхаванне ў духу sensus Ecclesiae (з лац. “пачуццё Царквы” – заўв. аўт.) як дзяцей, так моладзі і дарослых. Словам, пасля структурнага адраджэння неабходна духоўнае.
– Ці згодныя Вы з тэорыяй пакаленняў Штрауса–Хау, што складаныя часы нараджаюць моцных людзей, а моцныя людзі ствараюць лёгкія часы; лёгкія часы нараджаюць слабых людзей, а слабыя людзі ўтвараюць складаныя часы? У сувязі з гэтым, якім Вам бачыцца Паўсюдны Касцёл праз 15-20 гадоў?
– Так, аналізуючы сучаснае развіццё свету і сітуацыю веры ў ім, згодны і часта карыстаюся гэтай тэорыяй. Сапраўды, у складаныя часы ваяўнічага атэізму былі людзі, якія трывалі ў веры, захавалі яе і пераказалі маладому пакаленню. Сёння бацькі радуюцца таму, што Касцёл рыхтуе дзяцей да першай споведзі і Камуніі, але потым часта не клапоцяцца пра іх далейшае рэлігійнае выхаванне. Самі не прымаюць удзел у набажэнствах і не прыводзяць дзяцей у касцёл. У выніку чаго ў часы свабоды веравызнання мы трацім веру.
Касцёл будачага, якім ён будзе – гэта ведае толькі Бог. Хацелася б, каб Касцёл перамог тыя праблемы і складанасці, з якімі змагаецца цяпер, і стаў Gaudium et spes (“Радасцю і надзеяй”) чалавецтва. І ён будзе такім, калі застанецца верным Евангеллю і здаровай Традыцыі, якая вытрымала выпрабаванне часам.
Касцёл востра мае патрэбу ў новай евангелізацыі і стварэнні прасторы для дыялогу паміж іерархіяй і свецкімі вернікамі, асабліва моладдзю. Думаю, што праз 15-20 гадоў Касцёл адыдзе ад масавасці і накіруецца да практыкавання веры ў малых супольнасцях з рознымі харызмамі, на што звяртаў увагу папа Бенедыкт XVI. Гэта павінна спрыяць удасканаленню духоўнай фармацыі вернікаў і дапамагаць у будаванні адпаведнай хрысціянскай самасвядомасці, каб лёгкія часы свабоды веравызнання не нараджалі духоўна слабых людзей, якія могуць ізноў стварыць складаныя часы.
– Што падтрымлівала і падтрымлівае Вас у нялёгкія перыяды жыцця?
– Малітва, вера ў Бога і давер Яму, а таксама апека Маці Божай. Мая мама, калі я моцна хварэў, была ў шпіталі, які знаходзіўся ў былым гродзенскім францысканскім кляштары. Яна пайшла ў касцёл, паклала мяне на алтар і сказала: “Марыя, аддаю табе яго. Рабі з ім што хочаш”.
Мама аддала мяне пад апеку Маці Божай, і я адчуваю Яе дапамогу. Колькі разоў у жыцці, святарскім і біскупскім служэнні здвалася, што знаходжуся ў бязвыхаднай сітуацыі… Я звяртаўся да Марыі – і Яна дапамагала.
– Якія слушныя парады Вам давалі ў жыцці? Якой мудрасцю хацелася б падзяліцца з сучаснікамі?
– Quis ut Deus – на першым месцы ставіць Бога. Гэтаму мяне вучылі бацькі і вучыць Касцёл. Нездарма св. Аўгусцін гаворыць, што дзе Бог на першым месцы, там усё астатняе становіцца на сваё месца. Згодна з такой думкай, правільная расстаноўка прыярытэтаў накіроўвае наша жыццё ў згодным з Божай воляй напрамку. Гэта ключ да ўнутранага спакою і гармоніі.
Жадаю сабе і ўсім вернікам, калі спаткаемся з Богам тварам у твар, пачуць ад Яго словы: “Дзякую за тое, што ты быў паслухмяны Мне”.
Фінальны бліц
Любімая страва?
Зімой – капуста са спечанай у вясковай пячы бабкай, летам – халаднік.
Футбол ці тэніс?
Футбол.
Кніга на паліцы?
Энцыкліка св. Яна Паўла ІІ Redemptor hominis (“Адкупіцель чалавека”).
Не ўяўляю свой дзень без…
Малітвы і ранішняй гімнастыкі.
Шмат думаю пра…
Будучыню Касцёла.
Хацеў бы яшчэ раз…
Наведаць Вострую Браму, Рым і Ватыкан.
Галоўнае – …
Быць добрым для іншых і несці святло Хрыста людзям.
Ангеліна Пакачайла





