
З 2017 года трывае І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога – “Жыць Евангеллем”. Ён быў распачаты біскупам Аляксандрам Кашкевічам для апісання і вызначэння аблічча партыкулярнага Касцёла. Прапануем увазе чытачоў матэрыялы, якія тлумачаць сутнасць Сінода і яго ролю ў мясцовым Касцёле.
Што такое Сінод?
Слова synodos з грэчаскай мовы азначае “спусціцеся ўніз і ідзіце супольнай дарогай”. Ужо з ІІ стагоддзя слова “сінод” набыло рэлігійнае значэнне – як сход і прыняцце агульнага шляху дзеяння на карысць мясцовых Касцёлаў, якія знаходзіліся ў адзінстве з Паўсюдным Касцёлам.
Рашэнні першых хрысціянскіх Сінодаў мелі абавязковы характар і ўплывалі на жыццё лакальных Касцёлаў.
Якая мэта Сінода?
На аснове норм Кодэкса кананічнага права і вопыту, назапашанага ў перыяд пасля прыняцця Кодэкса, Кангрэгацыя па справах біскупаў і Кангрэгацыя па справах евангелізацыі народаў 19 сакавіка 1997 года апублікавалі інструкцыю De Synodis dioecesanis agendis, у якой апісаны важныя ўказанні пра мэты дыяцэзіяльных Сінодаў:
аднаўленне рэлігійнага жыцця душпастырства і заканадаўства ў дыяцэзіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі ІІ Ватыканскага сабору;
аказанне святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі дапамогі дыяцэзіяльнаму біскупу ў вырашэнні задачы кіравання дыяцэзіяй, а перш за ўсё – у выкананні заканадаўчай улады;
заклік да ўсіх вернікаў дыяцэзіі быць адказнымі за агульнае дабро мясцовага Касцёла і клапаціцца пра яго справы.
Як праходзіць Сінод?
Біскуп зацвярджае склад сінадальных камісій, якія прапануюць асноўныя пытанні і вызначаюць праблематыку Сінода. Затым праводзіцца апытанне і збор меркаванняў вернікаў па асобных пытаннях. Кожная камісія рыхтуе і накіроўвае ў дэканальныя камісіі Сінода працоўны статут. Праекты статутаў накіроўваюцца біскупу дыяцэзіі, які разам з галоўнай камісіяй зацвярджае гэтыя статуты і дае дазвол на друк сінадальных дакументаў.
Задача святароў і свецкіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у дыяцэзіяльным Сінодзе, – падрыхтаваць яго статуты праз дасведчанасць, інфармацыю, меркаванне – тое, што называецца дарадчым голасам.
На якім этапе зараз знаходзіцца дыяцэзіяльны Сінод?
За тыя гады, на працягу якіх дзейнічае І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, быў падрыхтаваны яго працоўны статут і сабраны анкеты ад некаторых вернікаў і дэканальных камісій. У дадзены момант вядуцца заключныя працы па зацвярджэнні і выданні яго афіцыйнага статута.
З пачатку 2026 года ў касцёлах дыяцэзіі штомесячна будзе праходзіць азнаямленне вернікаў з вынікамі прац кожнай сінадальнай камісіі.
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй
Час трывання Сінода – гэта час выклікаў і новых задач, якія ставіць перад намі і нашым Касцёлам на Гродзеншчыне ўсемагутны Бог у Тройцы Адзіны. Маю надзею, што І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі дапаможа нам ісці ў будучыню з большай упэўненасцю і з поўным даверам Божаму Провіду, разам будуючы на нашай зямлі Божае Валадарства.
16 лістапада 2026 года, ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, запланавана ўрачыстае заканчэнне сінадальных прац. Яшчэ ёсць кароткі час, каб завяршыць апошнія выніковыя работы. У сувязі з ходам Сінода кожную трэцюю нядзелю месяца ў касцёлах і капліцах нашай дыяцэзіі будзем слухаць падрыхтаваныя кожнай сінадальнай камісіяй казанні пра Сінод і пра дзейнасць гэтых камісій, а таксама пра ролю, якую адыгрывае Сінод у нашай дыяцэзіі.
У наступных нумарах “Слова Жыцця” будуць публікавацца матэрыялы, якія знаёмяць з працай сінадальных камісій.





