Skip to main content
Логотип

25 студзеня – каментарый да Евангелля на ІІІ Звычайную нядзелю (Мц 4, 12–23)

6 1 1 3 1

Запросім Езуса

Евангелле паказвае нам, як Езус пакідае свой родны Назарэт і ідзе ў Кафарнаум, на памежныя тэрыторыі, якія належалі і Ізраэлю, і язычнікам. Прыморскі край, які Хрыстос выбраў і палюбіў, становіцца Яго домам.

Кафарнаум быў вядомы як месца гандлю, размяшчаўся на гандлёвых шляхах. Многія яго жыхары знаходзіліся ў добрым матэрыяльным становішчы, жылі ў дастатку. Нямала там было таксама людзей згубленых, якія калісьці страцілі кірунак у сваім жыцці і не ведалі, куды рухаюцца. Ідучы, яны блукалі ў цемры, страціўшы сэнс жыцця. Езус прыйшоў са святлом – са словамі Евангелля, Добрай Навіны: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 4, 17). Хрыстос – як сонца, якое ўзыходзіць над краінай змроку. Ён Той, хто са сваім прыбыццём прынёс Божае Валадарства, якое – нібы бачныя прамяні сонца – перамагае начную імглу.

Езус не пакідае чалавека ў самоце, прыходзіць і хоча пасяліцца сярод людзей у іх штодзённасці. Ён хоча прысутнічаць не толькі ў тых сферах жыцця, дзе ўтульна і чыста – як у гасцінай, куды праз хвіліну павінен увайсці святар з калядой. Езус хоча прыйсці і запаліць святло сваёй прысутнасці паўсюль, таксама і ў цёмным, захламленым скляпенні, якога мы, можа, саромеемся.

Збаўца прагне ўвайсці ва ўсё тое, што цяжкае, грахоўнае, і дапамагчы нам выбрацца з заблытаных сітуацый, дапамагчы прывесці ўсё гэта ў парадак. Хоча ўнесці ў наша жыццё святло, без якога няма сапраўднага шчасця. Толькі з Богам і ў Богу чалавек здольны знайсці праўдзівы сэнс.

Навернемся ж да Бога ўсім сэрцам і душой, пакуль яшчэ ёсць час. Запросім Езуса падтрымаць нас у гэтым.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду