
Навошта і як быць пакорнымі
У фрагменце з кнігі прарока Сафоніі чуем словы аб важнасці і каштоўнасці пакоры: “Шукайце справядлівасці, шукайце пакоры; можа, вам удасца схавацца ў дзень гневу Госпада” (Саф 2, 3). І яшчэ: “Я пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны, і яны будуць шукаць прытулку ў імені Госпада” (Саф 3, 12). Заклікі да пакоры ставяць часам у віну хрысціянству. Яны нібыта прыніжаюць чалавека, не даюць развівацца яго талентам. Але ці на самой справе гэта так?
Яшчэ ў IV стагоддзі св. Базыль Вялікі пісаў: “Сапраўдная пакора – у тым, каб лічыць сябе тым, кім чалавек на самой справе ёсць, г. зн. памятаць: адкуль прыйшоў і куды ідзе”. Пакора – гэта не прыніжэнне сябе, гэта аб’ектыўны погляд на чалавека. Так, у нас ёсць добрыя якасці, але ёсць і недахопы, з якімі трэба змагацца. І, канешне ж, сапраўдная пакора не можа існаваць без хрысціянскага бачання чалавека. Мы створаныя Богам па Яго вобразе і падабенстве, мы адкупленыя Крывёй Езуса Хрыста, а мэта нашага жыцця – вечнае шчасце ў Божым Валадарстве. Якое ж тут прыніжэнне чалавека?
Св. Базыль дае цікавыя парады, як быць пакорнымі ў штодзённым жыцці: “Няхай твой знешні выгляд і вопратка, хада і сядзенне, ежа і ложак, памяшканні і ўся абстаноўка ў доме будуць простыя. Падобным чынам і твая гаворка, і спеў, і сустрэчы з блізкімі, – усё гэта няхай будзе лепей сціплым, чым пустым”.
Сёння існуе такая жыццёвая з’ява – стыль мінімалізму, прыхільнікі якога імкнуцца адмовіцца ад лішняга, каб гэта не адцягвала іх ад таго, што прыносіць сэнс і свабоду. Відавочна, што дадзены стыль сучасная культура пазычыла ад хрысціянства. Дык ці не варта нам вярнуцца да вытокаў, не шукаць лішняга і сканцэнтравацца на галоўным?
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду





