
Зіма, якая сёлета, здаецца, у пачатку года ўсталявалася надоўга, – гэта час, калі ў многіх дамах католікаў раздаецца гук званка, а на парозе стаіць святар. Ён прыходзіць з душпастырскім візітам, вядомым у народзе як “каляда”. Для адных гэта добрая традыцыя, да якой ставяцца з вялікай радасцю і чаканнем, для іншых, скажам шчыра, – момант пэўнага стрэсу, калі паспешна прыбіраюцца ў доме і думаюць: “Аб чым ксёндз спытаецца?”. Часам у мітусні штодзённых спраў і абавязкаў людзі губляюць сэнс гэтай сустрэчы, зводзячы яе толькі да прыкрых стэрэатыпаў ці матэрыяльных пытанняў. Варта на хвіліну забыцца аб тым, ці ззяе падлога ідэальнай чысцінёй і ці ўсё належным чынам падрыхтавана, зірнуўшы на каляду вачыма веры і сэрца.
Бласлаўленне – шчыт на ўвесь год
Пераступаючы парог дома, святар прамаўляе словы: “Супакой гэтаму дому”. Гэта не звычайнае “добры дзень”, а магутнае пажаданне і адначасова абвяшчэнне аб Божай прысутнасці ў маленькім свеце, якім з’яўляецца кожнае памяшканне.
Дом – месца, дзе праходзіць сапраўднае, звычайнае жыццё. Яго сцены з’яўляюцца сведкамі нашага смеху, плачу, сваркі і прымірэння. У доме мы выхоўваем дзяцей і змагаемся з хваробамі, праблемамі ці самотнасцю. Каляда неабходна для таго, каб запрасіць Пана Бога ў само асяроддзе гэтай штодзённасці.
Святар прыходзіць у дом, каб у Імя Езуса блаславіць чатыры сцяны і ўсіх, хто ў іх знаходзіцца. Гэтае бласлаўленне павінна стаць шчытом і святлом на ўвесь будучы год. Можам разам папрасіць Бога, каб у нашых сем’ях і дамах панавала любоў, каб абміналі няшчасці, а ўсе, хто тут жыве, мелі сілы для пераадолення цяжкасцей.
Духоўнае ўмацаванне
Ёсць нешта дзіўна ўзрушальнае ў тым моманце, калі жыхары дома спыняюць свае заняткі, выключаюць тэлевізар, адкладваюць тэлефоны і становяцца плячо ў плячо са святаром, каб разам прамовіць малітву “Ойча наш”, якой нас навучыў Езус Хрыстус. У тую кароткую хвіліну пакой ці кухня ператвараецца ў малую святыню, хатні Касцёл. Малітва, якая ўзносіцца ва ўласным доме, мае выключную сілу. Яго жыхары нібы гавораць Богу: “Пане, гэта наша месца на зямлі. Але мы хочам, каб Ты быў тут Гаспадаром. Апякуйся намі, бласлаўляй нас”.
Менавіта ў гэтым сутнасць каляды – духоўнае ўмацаванне. Як усплёск надзеі, напамін, што мы не сам-насам са сваімі праблемамі, а што складаем супольнасць людзей, да якіх прыходзіць пастыр. Гэта шанс абмяняцца са святаром некалькімі цёплымі словамі, адчуць, што з’яўляемся часткай парафіяльнай сям’і. Часам адно добрае слова, кароткая размова ці ўсмешка могуць зламаць лёд і пабудаваць мост, якога нам сёння моцна не хапае.
Падтрымка парафіяльнай супольнасці
Звычайна падчас каляды сям’я складае матэрыяльныя ахвяраванні, якія заўсёды з’яўляюцца дабравольнай падтрымкай парафіяльнай супольнасці (на ацяпленне ў касцёле, на будаўніцтва ці рамонт святыні, на іншыя дабрачынныя мэты). Гэта выраз клопату аб месцы, у якім вернікі збіраюцца на малітве. Але калі матэрыяльнае становішча складанае, калі мы ледзь зводзім канцы з канцамі – няхай гэта не будзе прычынай, каб не запрасіць святара. Ні адзін душпастыр не прыходзіць з калядой дзеля грошай – ён прыходзіць для дабра чалавечых душ.
Варта адчыніць дзверы перад святаром. Нават калі ў нашым жыцці не ўсё ідэальна, нават калі ёсць сумненні ў веры… Каляда можа быць часам кароткай, але шчырай размовы. Яна можа таксама аказацца момантам, калі скажам святару: “Прашу аб малітве, бо нам зараз вельмі цяжка”.
Не будзем жа баяцца гэтай сустрэчы. Няхай гэты час стане нагодай прыпыніцца і сказаць Богу: “Увайдзі, Пане Езу. Гэты дом таксама належыць Табе”. Няхай супольная малітва “Ойча наш”, прамоўленая ў хатнім пакоі, прынясе мір нашым сем’ям!
Кс. Юрый Марціновіч





