Skip to main content
Логотип

Маці Божая Гудагайская

IMG 824

Дакладна невядома, калі ў невялікай вёсцы Гудагай з’явілася ікона, якая праславілася сваёй цудадзейнасцю нават без удзелу тагачасных пісьменнікаў ці вядомых людзей. Таму мы маем сёння сціплую гісторыю гудагайскага абраза, але вельмі цікавую тым, што гісторыя гэтая захоўвалася праз стагоддзі дзякуючы народнай пагалосцы.

Загадка з’яўлення

Менавіта народныя пагалоскі захавалі некалькі гісторый з’яўлення іконы. Адна з іх распавядае аб тым, што ў мясцінах, дзе знаходзіцца вёска Гудагай (першыя ўспаміны аб ёй адносяцца да ХVI стагоддзя), у старажытныя часы праходзіў гандлёвы шлях. Вядома, там былі і рабавальнікі, якія мелі жаданне нажыцца на маёмасці заезджых заможных гандляроў і вандроўнікаў. Аднойчы на месцы рабавання засталіся пэўныя каштоўныя рэчы, сярод якіх мясцовыя жыхары і знайшлі ікону, якую перадалі пустэльніку, што жыў непадалёку.

Яшчэ адна легенда сведчыць аб тым, што ікона гэтая была выкінута як смецце з дома аднаго заможнага шляхціча, які ў той час перайшоў у пратэстантызм, аднак выратавана ад знікнення кімсьці з мясцовых жыхароў. Дакладна невядома, але, магчыма, чалавекам, што выратаваў ікону ў абодвух выпадках, быў мясцовы ляснік, аб якім распавядае яшчэ адна легенда. Менавіта ў гэтага лесніка, які адрозніваўся пабожнасцю і асобай пашанай да Багародзіцы, нейкім чынам і з’явіўся абраз Маці Божай.

Ведаючы складаную тагачасную гісторыю, можна адзначыць, што кожная з гэтых легенд мае права на існаванне і з’яўляецца даволі праўдападобнай. У іх нават можна пабачыць агульныя рысы з’яўлення іконы праз праявы зла і выратаванне веруючымі людзьмі.

Абраз Боскай любові

Даследчыкі лічаць, што гудагайская ікона была напісана ў XVI ці XVII стагоддзі. Датыроўка супадае і з адзначаным у адным з кляштарных актаў фундацыі, датуемым 1764 годам, успамінам аб тым, што абраз Маці Божай Гудагайскай славіўся цудамі “ўжо сто гадоў”, то-бок, непасрэдная праява цудадзейнасці іконы адносіцца да сярэдзіны XVII стагоддзя.

Гудагайская ікона выканана ў візантыйскай традыцыі і ўяўляе сабой выяву Маці Божай з Немаўлём Езусам на руках. На думку даследчыкаў, гэты абраз з’яўляецца адным са спісаў шануемага ў праваслаўі абраза Маці Божай Уладзімірскай.

Іканаграфічны тып выявы “Замілаванне” нясе ў сабе непаўторную пяшчотнасць адносін паміж Багародзіцай і Немаўлём Езусам. Адчуванне Боскай Любові перадаецца з дапамогай асаблівай усходняй тэхнікі іканапісу, называнай адваротнай перспектывай.

Слаўная гісторыя

Пачынаючы з ХVІІІ стагоддзя, гісторыя гудагайскага абраза неразрыўна звязана з дзейнасцю ордэна кармэлітаў босых. У 1763 годзе мясцовыя землеўладальнікі з роду Войнаў пабудавалі ў Гудагаі касцёл. Неўзабаве да святыні была прыбудавана камяніца кляштара, куды прыбылі манахі Літоўскай правінцыі кармэлітаў босых.

Адразу пасля прыбыцця айцы перанеслі абраз з капліцы, у якой ён знаходзіўся, у галоўны алтар касцёла. Манахі актыўна пашыралі культ Маці Божай, адначасова развіваючы шкаплернае набажэнства. Так ікона Маці Божай з Гудагая набыла тытул Шкаплернай.

Да цудадзейнага абраза сталі прыязджаць пілігрымы з розных мясцін Рэчы Паспалітай. Ікона славілася цудамі аздараўленняў ад розных хвароб, якія адбываліся ад шчырых малітваў перад абразом.

У 1832 годзе кляштар айцоў кармэлітаў у Гудагаі быў ліквідаваны, а яго маёмасць перададзена дзяржаве. Але цудадзейны абраз у чарговы раз выратавалі. Адзін з апошніх гудагайскіх кармэлітаў а. Урбан Кляпацкі вывез яго разам з вотамі ў Ашмяны.

Тым часам вернікі з Гудагая здолелі абараніць касцёл ад поўнага знішчэння, хоць парафія аднавіла сваю дзейнасць толькі ў 1906 годзе. 15 ліпеня 2007 года адбылася каранацыя гудагайскага абраза Маці Божай, якую здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк. У 2014 годзе касцёл у Гудагаі быў аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай.

Віктар Малежык