Skip to main content
Логотип

Паламаная аплатка

паламаная аплатка

Яўгенія хадзіла ў школу. Яна добра вучылася і слухалася старэйшых. Аднойчы дзяўчынка пасварылася з аднакласніцай. Спрэчка ўзнікла з-за часопіса, які Лера забылася аддаць сяброўцы, бо згубіла яго. Яўгеніі вельмі падабаўся часопіс. “Як гэта так? Я ім вельмі даражыла!” – абурылася дзяўчынка. Яўгенія моцна пакрыўдзілася на сяброўку і неахвотна размаўляла з ёй.

Прайшоў час. Набліжаліся Каляды. Моладзь сабралася ў сальцы, каб паламацца аплаткай. Яўгенія таксама прыйшла. Яна з радасцю працягвала аплатку святарам, аднагодкам – засталася толькі Лера.

Яўгеніі вельмі не хацелася падыходзіць да сяброўкі. Дзяўчынцы было цяжка прабачыць Леру, але яна ўспомніла навуку Хрыста: Езус гаварыў, што патрэбна дараваць. Тым больш, як гэта яна сядзе за вігілійны стол і будзе славіць Хрыста, не прабачыўшы бліжняга?

І дзяўчынка зрабіла высілак. Яна падышла да Леры, усміхнулася, працягнула ёй белую аплатку і сказала:

– Я жадаю табе здароўя і ўсяго найлепшага. Са святам!

– Дзякуй. І я цябе віншую! Таксама жадаю ад чыстага сэрца радасці, міру і дабрыні, – шчыра прамовіла Лера.

Дзяўчынкі прабачылі адна адну і абняліся. Цяпер Яўгенія адчувала спакой і палёгку. “Як добра жыць у згодзе”, – думала яна, трымаючы ў руках кавалачак аплаткі.

Алена Запаснік