
Хрост з’яўляецца пачаткам новага шляху з верай у Езуса Хрыста, Збаўцу. Чаму людзі ў дарослым жыцці прымаюць рашэнне ахрысціцца? Што важна пры падрыхтоўцы да атрымання першага сакраманту? Якая роля ў гэтым святара?
Кс. канонік Антоній Грэмза на працягу 18 гадоў служыць у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне і з самага пачатку рыхтуе дарослых вернікаў да прыняцця сакраманту хросту. Па словах святара, “гэта даволі рэдкая практыка, якая ўсё яшчэ прысутнічае ў сучасным Касцёле”.
Патрэба нязменлівага
Амаль штогод некалькі жадаючых звяртаюцца да рэктара гродзенскага пабрыгіцкага касцёла з просьбай аб удзяленні сакраманту хросту. “У мінулым годзе былі ахрышчаны чатыры асобы: дзве жанчыны з Гродна і дзве дзяўчыны, студэнткі з Нігерыі і Камеруна”, – распавядае кс. Антоній.
Святар гаворыць, што ў асноўным прыходзяць людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту. “Апошнім разам была 48-гадовая жанчына з анкалагічным дыягназам.
Магчыма, хвароба пабудзіла яе задумацца над вечным жыццём. Жанчына атрымала хрост восенню і сёння перажывае гэты шлях з Богам”, – разважае кс. Антоній.
Па назіраннях святара, галоўнай матывацыяй да атрымання хросту ў свядомым узросце з’яўляецца менавіта пошук сэнсу жыцця: “З гадамі людзі робяць высновы, што па-за зямным ёсць нешта нязменлівае, вечнае, духоўнае. Прыходзіць усведамленне патрэбы веры ў жыцці чалавека, а з ёй – і неабходнасці хрышчэння.
Заўважаю, як пасля людзі пачынаюць хадзіць у касцёл, як змяняюцца, у добрым сэнсе... Гэта вельмі цешыць”.
Убачыць матывацыю
Зразуменне, чаму чалавек хоча пахрысціцца, з’яўляецца асноўным момантам у працэсе падрыхтоўкі дарослага да атрымання сакраманту хросту. Кс. Антоній зазначае, што матывацыяй павінна быць любоў да Бога, а не страх перад пакараннем за грахі.
“Многія баяцца вечнага асуджэння, калі не будуць ахрышчаныя, – дзеліцца святар. – Такія негатыўныя адносіны перашкаджаюць. Сапраўдная прычына павінна заключацца ў любові і вызнанні веры ў Езуса Хрыста, які дае жыццё вечнае, гатоўнасць жыць паводле праўдаў хрысціянскай веры”.
Зараз у пабрыгіцкім касцёле падрыхтоўку да сакраманту хросту праходзіць будыст са Шры-Ланкі. Разам са сваёй дзяўчынай-каталічкай з гэтай жа краіны малады чалавек наведвае англамоўныя св. Імшы. “Абранніца падштурхоўвае яго, каб стаў католікам, каб мелі магчымасць узяць шлюб. У такім выпадку мне неабходна глыбей пазнаць сітуацыю, намеры хлопца: дзеля шлюбу ён жадае ахрысціцца ці свядома хоча быць хрысціянінам”, – разважае кс. Антоній.
Па словах святара, гэта вялікая адказнасць для яго як для душпастыра: “Пры неабходнасці варта пачакаць, каб кандыдат усвядоміў важнасць сакраманту, які дае новае жыццё ў Езусе Хрысце і праз які ён становіцца Божым дзіцём”.
Варта падтрымаць
Часта зацікаўленыя ў хросце асобы звяртаюцца да сваіх знаёмых, якія наведваюць касцёл, і ўжо тыя прыводзяць іх да святара. Але здараецца, што нехта прыходзіць і самастойна.
Нярэдка кандыдатамі да хрышчэння становяцца выпускнікі евангелізацыйнага Альфа-курса, які праводзіцца на базе пабрыгіцкага касцёла. Альбо тыя, хто хацеў даведацца пра курс больш, але вырашыў найперш прыняць сакрамант хросту ў Касцёле.
Падрыхтоўка дарослых да хросту доўжыцца тры месяцы. Сустрэчы праходзяць раз на тыдзень. “Вядзецца катэхізацыя, закранаюцца агульныя тэмы: веры, малітвы, сакрамантаў, Божай ласкі. Калі чалавек ужо мае пэўны фундамент ведаў, то хрост можа адбыцца раней, – тлумачыць кс. Антоній. – Далей неабходна, каб біскуп дыяцэзіі сваёй уладай пацвердзіў хрост дарослай асобы. Для гэтага да ардынарыя кіруецца просьба аб дыспенсацыі, а разам з ёй – і дазвол на ўдзяленне сакраманту канфірмацыі”.
Гатовую да хросту асобу святар рыхтуе да наступных сакрамантаў – пакаяння, Эўхарыстыі, а таксама канфірмацыі. “Калі хтосьці знаходзіцца ў грамадзянскім саюзе, то рыхтуецца разам з сужонкам яшчэ да сакраманту шлюбу”, – адзначае кс. Антоній.

Тата быў камуністам, займаў кіруючую пасаду. Мама з веруючай каталіцкай сям’і. Вельмі перажывала з-за таго,што не магла пахрысціць сваіх дзяцей. Я ёй паабяцала, што пахрышчуся. Пасля выйшла замуж за праваслаўнага чалавека, які, аднак, у Бога не верыў.
Так ішоў час. Муж захварэў, памёр. Дачка яшчэ раней пераехала за мяжу. Я згубіла сэнс жыцця… У той час мне ўзгадалася абяцанне, дадзенае маме. Я папрасіла пляменніцу, якая хадзіла ў касцёл, паразмаўляць з ксяндзом. Вельмі хвалявалася, што нічога не ведаю і не разумею. Але мы сустрэліся са святаром, пагаварылі. Я прайшла вучобу. І вось настаў чаканы дзень. Унутры было хваляванне, але і нейкая радасць, і супакой.
Я атрымала хрост у пабрыгіцкім касцёле з рук кс. Антонія Грэмзы 4 чэрвеня 2022 года, маючы 67 гадоў. З гэтага дня ў мяне пачалося новае жыццё. З’явілася разуменне таго, для чаго ты жывеш. З’явіўся сэнс, які я страціла пасля смерці мужа і пераезду дачкі ў іншую краіну.Цяпер жыву па запаведзях. У нядзелі перастала працаваць на лецішчы, трымаю пост па пятніцах. Хаджу ў касцёл на сустрэчы – ёсць вялікае жаданне развівацца далей. А галоўнае, у мяне з’явілася жывая вера ў нашага Госпада. Яна з’явілася не адразу, не ў адзін міг, але зараз я вельмі шчаслівая, бо люблю Бога, пакланяюся Яму, веру ў жыццё вечнае.
Дзякую Госпаду, што знайшоў мяне! Удзячная кс. Антонію,што навучыў і працягвае вучыць, як трэба любіць. Ён вельмі мудры настаўнік, яго словы пранікаюць у самае сэрца. Родныя трохі здзіўляліся зменам у маім жыцці, але цяпер рады за мяне. Слава Госпаду!
Зоя Косава, 70 гадоў
Глядзець шырэй
З часоў першых хрысціян і да сённяшняга дня доўжыцца традыцыя хрышчэння катэхуменаў (асоб, якія праходзяць падрыхтоўку да атрымання хросту або хрысціянскае ўтаямнічанне) у Вялікую суботу, на знак еднасці з Пасхай Хрыста. “Як Езус памёр і ўваскрос, гэтаксама і мы паміраем для граху, для былога жыцця і нараджаемся для новага”, – тлумачыць кс. Антоній. Пры гэтым святар зазначае, што калі з просьбай аб хросце звярнуцца задоўга да Вялікай суботы, то можна распачаць падрыхтоўку і раней здзейсніць хрышчэнне: “Гэта дазволена з увагі на духоўнае дабро чалавека. Я ў такіх выпадках гляджу на рэальнае прагненне асобы: наколькі для яе гэта важна. Здараецца таксама, што чалавек праз хваробу не можа чакаць да Пасхальнай вігіліі”.
Па словах святара, важна, што чалавек матывавана захацеў, каб Хрыстос быў яго Богам. “Праз рамкі, патрабаванні можна адвярнуць ад Касцёла. Тут трэба адчуць такі момант, звязаны са сталасцю асобы, каб паспрыяць ёй. Падтрымаць, каб далей хацела жыць жыццём Касцёла”, – сцвярджае кс. Антоній.
Заставацца побач
Пасля атрымання сакраманту хросту для новаахрышчанага будзе карысным пошук супольнасці, якая дапаможа яму ўмацоўвацца ў веры. “З прыходам звычайнага штодзённага жыцця можа не хапаць натхнення, радасці, якія прысутнічалі напачатку, – заўважае кс. Антоній. – У перажыванні такіх момантаў патрэбна сталасць веры, каб не кідацца з боку ў бок”.
Падтрымкай на духоўным шляху можа быць таксама святар, які ўдзяляў сакрамант хросту, альбо духоўны кіраўнік, які ведае кантэкст. “Трэба быць разам з новаахрышчанымі, цікавіцца, як жывуць, запрашаць на малітоўныя сустрэчы, – гаворыць кс. Антоній. – І калі чалавек жадае, то будзе адкрывацца, улівацца ў супольнасць. Вельмі важная яго ініцыятыва ў праяўленні сваёй веры”.
Кацярына Паўлоўская





