Skip to main content
Логотип

Адукацыя за мяжой як адказ на патрэбу ў кваліфікаваных кадрах

image2

У мінулым годзе кс. Андрэй Юхнік распачаў навучанне ў Папскім Універсітэце Святога Крыжа ў Рыме (Італія), які спецыялізуецца на выкладанні кананічнага права. Малады святар дзеліцца сваімі ўражаннямі ад вучобы ў Вечным горадзе, што ўжо адкрыў перад ім новыя гарызонты.

– Не так шмат святароў з нашай дыяцэзіі выязджаюць вучыцца ў Італію. Кс. Андрэй, распавядзіце, калі ласка, як Вы сталі замежным студэнтам?

– Гродзенская дыяцэзія мае розныя ўстановы – суд, тэалагічны каледж, – дзе патрэбныя кадры з павышанай кваліфікацыяй. Чаму менавіта я апынуўся на вучобе за мяжой? Па-першае, трэба дзякаваць Богу: Яго шляхі нікому не вядомыя, але заўсёды прыгожыя. Па-другое, трэба падзякаваць біскупу Уладзіміру Гуляю. Гэта была яго мара, каб хтосьці з мясцовых святароў паехаў атрымліваць адукацыю ў Рым. Ён пастараўся знайсці фінансавую падтрымку, а таксама людзей, якія дапамаглі аформіць усе неабходныя дакументы. Біскуп гаворыць, што існуе патрэба менавіта ў спецыялістах па кананічным праве. Мяне гэтая дысцыпліна цікавіла яшчэ ў семінарыі, хоць і падавалася нялёгкай.

– Навучанне ва ўніверсітэце праходзіць па-італьянску. Як Вам даецца адукацыя на іншаземнай мове?

– Я прайшоў паўгадавы падрыхтоўчы курс, каб мець хаця б базавы ўзровень валодання італьянскай мовай. Калі прыехаў у Рым, разумеў простую гаворку, але складана было выразіць сваю думку. Цяпер, праз чатыры месяцы навучання, мне ўжо лягчэй. Цяжка зразумець носьбітаў мовы, аднак, калі прафесар іншаземец, большасць з яго лекцыі засвойваю. Мне пашчасціла жыць у калегіуме ад універсітэта, дзе агульная мова для камунікацыі – італьянская. Гэта вельмі дапамагае.

Я ўжо здаў два экзамены. Падчас падрыхтоўкі да кожнага з іх карыстаўся штучным інтэлектам. Гэты інструмент выдатна дапамагае ў перакладзе, аналізе і сістэматызацыі. Таксама вучыўся па канспектах, якія рабіў на сваёй вельмі простай, але ўсё ж італьянскай мове. Спачатку вучыш, паўтараеш, а затым ідзеш маліцца.

– Вашы калегі і выкладчыкі – хто яны?

– Прафесары – гэта людзі, якія рэалізавалі сваё пакліканне як святара і навукоўца. Гэта фанаты сваёй справы, якія прысвяцілі навуцы палову свайго жыцця.

Абаранілі дактараты ў свецкіх і каталіцкіх навучальных установах. Ім сапраўды ёсць што пакінуць будучаму пакаленню.

Што тычыцца студэнтаў, большасць паходзяць з Мексікі, Эквадора, Венесуэлы, Гватэмалы, Чылі. Ёсць і з Індыі, Афрыкі. Еўрапейцаў вельмі мала. Таму тут адбываецца сутыкненне культур. Тое, што для нас – традыцыя, для іншых – часта невядомае.

Мне, напрыклад, вельмі не хапала раратняй св. Імшы. Калі бачыў відэа з яе ў Instagram, душа сагравалася. Але ніхто з лацінаамерыканскіх святароў пра яе ніколі не чуў. Іспанскія ксяндзы ведаюць пра Рараты, але не практыкуюць.

image1

– А як выглядаюць вашы супольныя духоўныя практыкі?

– У калегіуме мы маем дзве капліцы – для канцэлебрацыі св. Імшы, сем капліц – каб кожны з нас меў магчымасць адпраўляць літургію на роднай мове. Але я заўсёды стараюся ўстаць раней, каб трапіць на службу з субратамі а 6:45.

Збіраемся на супольную адарацыю, Ружанец, Брэвіярый. Раз на месяц маем дзень засяроджання. Але ўдзел у практыках не з’яўляецца абавязковым. Да нас ставяцца як да дарослых, свабодных людзей.

Падчас Юбілейнага года я асабіста любіў прыходзіць амаль кожную нядзелю на св. Імшу на плошчу св. Пятра, якую цэлебраваў Папа Рымскі. Для мяне гэта была і добрая нагода з кімсьці пазнаёміцца.

– Сапраўды, замежная адукацыя – гэта не толькі пра інтэлектуальнае развіццё ў межах універсітэта. У Рыме дастаткова выйсці на вуліцу – і сутыкаешся з неверагоднай разнастайнасцю вобразаў і меркаванняў. Як Вы лічыце, чаму для святара неабходна пашыраць таксама культурны і сацыяльны кругагляд?

– Калі я выязджаў сюды, адзін мудры старэйшы святар сказаў, што кананічнае права я змагу вывучыць і ў Польшчы, і што веды таксама будуць якасныя. Справа, насамрэч, не толькі ў вучобе. Справа ва ўзбагачэнні погляду на жыццё. Калі знаходзішся на адным месцы, табе здаецца, што гэтая “прастора” і ёсць увесь свет. І я ўпэўнены, што біскуп, калі адпраўляе святара вучыцца за мяжу, крыху далей таксама мае на ўвазе пазнанне разнастайнасці Касцёла.

Зразумела, разам з тым, у Рыме перасякаюцца шматлікія стаўленні да жыцця, якія не заўсёды, можа, згодныя з нашымі хрысціянскімі поглядамі. Але я лічу, што для развіцця святара, верніка варта “варыцца” не толькі ў правільным асяроддзі, але, перш за ўсё, у праўдзівым. У такім, якім з’яўляецца гэты свет, а не якім мы хочам яго бачыць. Спачатку трэба прызнаць рэальнасць атачэння і ўжо ад гэтага адштурхоўвацца, абвяшчаючы Езуса Хрыста.

Таму для мяне досвед вучобы ў Італіі – гэта, у першую чаргу, вялікі досвед пазнавання чалавека. Служэнне святара таксама ў тым і заключаецца: каб выходзіць, шукаць людзей, старацца зразумець іх і прыгажосць іх унутранага свету. І я спадзяюся пазней выкарыстоўваць такі досвед, каб лепш будаваць Божае Валадарства ў нашым лакальным Касцёле.

– А якую Вы бачыце перспектыву асабіста для сябе?

– Калі Пан Бог дазволіў прыехаць сюды, пэўна, мае план. А я карыстаюся дабрынёй Госпада і пакуль канцэнтруюся на тым, каб не ленавацца і старацца рабіць усё, каб плённа завяршыць вучобу.

Можа, нешта знойдзецца для мяне ў семінарыі або ў дыяцэзіяльным судзе – гэта справа далёкай будучыні. У любым выпадку я хачу падзяліцца тым, што назапашу, накіраваць у правільнае рэчышча. І не дай Божа задзерці свой нос.

Ангеліна Марцішэўская