Skip to main content
Логотип

Папа дае поўны адпуст з нагоды юбілею шэнштацкіх сясцёр

50520c9e07eddd70c837b656751e2e11 w640 h300 cp

У сувязі з 100-годдзем Шэнштацкага Інстытута Сясцёр Марыі папа Леў ХІV удзяліў асаблівую ласку юбілейнага адпусту на 2026 год.

Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй папам Львом ХІV паўнамоцтваў з нагоды святкавання юбілею заснавання Шэнштацкага Інстытута Сясцёр Марыі ласкава надала вернікам магчымасць атрымання поўнага адпусту (індульгенцыі) на звычайных умовах: споведзь, Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца.

Для гэтага неабходна наведаць касцёл або манаскую капліцу, якой апякуецца Інстытут, прыняць удзел у юбілейных малітвах або правесці там пэўны час на кантэпляцыі і малітве на Божую хвалу з просьбай аб супакоі і еднасці паміж народамі, а таксама аб пакананні сучасных памылак. У выпадку індывідуальнай малітвы належыць адмовіць “Ойча наш”, Сімвал веры і заклік да Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Супакою і Маці Міласэрнасці.

Пажылыя, хворыя і тыя, хто за імі даглядае, а таксама ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не ў стане выйсці з дому, могуць атрымаць поўны адпуст, калі з’яўляюцца вольнымі ад прывязанасці да якога-небудзь граху. Неабходна выканаць тры звычайныя ўмовы, духоўна далучыцца да ўрачыстых юбілейных святкаванняў, ахвяруючы міласэрнаму Богу свае малітвы, пакуты ці жыццёвыя нягоды.

Адпусты могуць быць ахвяраваныя таксама за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы.

З ласкі юбілейнага адпусту магчыма скарыстацца да 4 лістапада.

Шэнштацкі Інстытут Сясцёр Марыі – адна з супольнасцей Шэнштацкага руху, якая была заснавана ў Германіі ў 1926 годзе Слугой Божым а. Ёзафам Кэнтэніхам. У Беларусі шэнштацкія сёстры служаць з 1990 года, прысвячаючы сваё жыццё евангелізацыйнай і дабрачыннай працы.

На тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі прывілея адпусту звязана з наведваннем наступных святынь: касцёла Маці Божай Тройчы Цудоўнай або манаскай капліцы ў Мастах, а таксама манаскай капліцы ў доме сясцёр у Адамавічах.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі