
Служыць і дапамагаць
У хросце Езуса ў Ярдане ўдзельнічае ўся Святая Тройца: Бог Айцец, Сын Божы, Святы Дух. Бог Айцец – голас, які прамаўляе Слова: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3, 17). Сын Божы аб’яўляе пакору Бога, уваходзіць у супольнасць з грэшнікамі, прымае на сябе грахі чалавека, агаляецца. Дух Святы, які з’яўляецца Любоўю, “лётае паміж Айцом і Сынам” у выглядзе голуба, як бы “злучае” іх, робіць Адзіным.
Святая Тройца спадарожнічае таксама пачатку нашага духоўнага жыцця. Яна прысутнічае на сакраманце святога хросту. Бог Айцец прамаўляе тыя ж словы, якія прамовіў над Езусам, Сын Божы запрашае будаваць сяброўскія адносіны, а Святы Дух напаўняе Божай любоўю.
Хрост Езуса нагадвае наш уласны хрост. Гэтую найважнейшую падзею жыцця мы наогул перажываем несвядома, бо будучы дзецьмі яшчэ не можам вызнаць сваю веру. Тады важным з’яўляецца намер бацькоў, хросных і святара. Хрост робіць нас дзецьмі Бога Айца, сябрамі Езуса і дае любоў Святога Духа. Дае такім чынам удзел у боскім жыцці.
Хрост азначае смерць для граху: праз удзяленне хросту чалавеку адпускаюцца першародны грэх і ўсе іншыя грахі. Ён азначае таксама ўваход у новае жыццё ў Святой Тройцы. Аднак гэта не толькі прывілея, але і вялікі абавязак. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца пра заданне кожнага хрысціяніна: “Ахрышчаныя, адроджаныя (праз хрост) як Божыя сыны, абавязаны вызнаваць перад людзьмі веру, якую атрымалі ад Бога праз пасрэдніцтва Касцёла, і ўдзельнічаць у апостальскай і місіянерскай дзейнасці Божага народу” (KKK 1270).
Праз хрост мы становімся вучнямі Езуса, каб, як Ён, служыць і дапамагаць ісці да збаўлення іншым, асабліва бедным, тым, хто пакутуе, хто хворы духоўна, хто далёкі ад Бога, хто згубіўся. Мы пакліканы даваць сведчанне ў сваім асяроддзі: у сужэнстве, у сем’ях, на працы, у коле знаёмых, сяброў і інш.
Будзем жа памятаць, што быць хрысціянінам – значыць даваць сведчанне веры і мець адвагу гаварыць аб ёй, нават там, дзе ўсе супраць.
Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду





