Skip to main content
Логотип

18 студзеня – каментарый да другога чытання на ІІ Звычайную нядзелю (1 Кар 1, 1–3)

6 1 1 3 1

Называцца святымі

Фрагмент з Першага ліста да Карынцянаў складаецца з дзвюх частак. Першая – пашыраны зварот апостала Паўла да адрасатаў: “Царкве Божай у Карынце, тым, хто асвячаны ў Хрысце Езусе, пакліканым святым разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Госпада нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага” (1 Кар 1, 2). Другая частка – бласлаўленне: “Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Госпада Езуса Хрыста” (1 Кар 1, 3).

Думаю, большасць з нас ведае, што ў часы апосталаў святымі называлі не тых, хто ў гераічнай ступені праявіў хрысціянскія цноты ў сваім жыцці ці смерці, а ўсіх хрысціян. Таму апостал Павел называе вернікаў Карынта пакліканымі святымі. У візантыйскай літургіі застаўся след ад гэтай традыцыі. Перад самым прычасцем (камуніяй) святар прагалошвае: “Святыя рэчы для святых”, – і такім чынам запрашае вернікаў (святых) прыняць Цела і Кроў Хрыста (святыя рэчы).

Ці годныя сучасныя хрысціяне называцца святымі? Нам, напэўна, далёка да дасканаласці сваіх братоў і сясцёр з першых стагоддзяў. Гісторыкі гавораць, што ў часы апосталаў паводзіны вучняў Хрыста таксама не заўсёды былі ідэальнымі. Але святымі яны называлі сябе не толькі таму, што жылі паводле запаведзяў. Святы – гэта той, хто прысвяціў, ахвяраваў сябе Богу і імкнецца да дасканаласці. “Што такое святасць? Гэта поўнае і безупыннае адданне сябе Богу і намаганні падабацца Яму думкаю і пажаданнем”, – піша св. Базыль Вялікі.

Ва ўсходняй традыцыі перад перамяненнем хлеба і віна ў Цела і Кроў Госпада гучыць бласлаўленне з іншага ліста апостала Паўла, сугучнае другой частцы дадзенага чытання: “Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста, любоў Бога Айца і супольнасць Святога Духа хай будуць з усімі вамі” (параўн. 2 Кар 13, 13). Святасць неадрыўна звязаная з Эўхарыстыяй. Прыняцце Цела Хрыста робіць нас удзельнікамі Святасці Збаўцы, і дзякуючы ласцы Божай робімся святымі ва ўсіх сэнсах: і ў сённяшнім – маральна дасканалымі і вернымі Хрысту, і ў старажытным – пасвечанымі Госпаду.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду