
Калядная ноч заўсёды прыносіць асаблівае святло і цеплыню. Мелодыі рэлігійных песень, пах свежай елкі і словы сардэчных віншаванняў ствараюць асаблівую атмасферу, у якой кожны адчувае сябе часткай вялікай сям’і. Святкаванне Божага Нараджэння з’яўляецца жывой традыцыяй, якая аб’ядноўвае пакаленні, культуры і народы.
XVII стагоддзе: барочная пышнасць і выпрабаванні веры
У XVII стагоддзі каталіцкае Раство захоўвала строгую літургічную аснову. Цэнтрам святкавання з’яўлялася св. Імша апоўначы, якая збірала вернікаў у храме ў цішыні зімовай ночы.
Асаблівую ролю ў гэты час набылі батлейкі – сцэны нараджэння Хрыста, якія пераўтварыліся са сціплых інсталяцый у складаныя, дэталізаваныя сцэнічныя кампазіцыі. У Італіі і Іспаніі яны сталі надзвычай рэалістычнымі, з фігурамі ў натуральную велічыню, рухомымі механізмамі і музычным суправаджэннем. У Польшчы і іншых краінах Цэнтральнай Еўропы распаўсюджваліся калядныя народныя прадстаўленні, якія спалучалі рэлігійныя і культурныя элементы.
Разам з тым, у 1647 годзе парламент у Англіі аб’явіў забарону на святкаванне Раства, палічыўшы яго “язычніцкім”. Католікі ж, якія складалі большасць у грамадстве, працягвалі ціха святкаваць Каляды ў коле сям’і. У 1660 годзе свята рэабілітавалі.
XVIII стагоддзе: умацаванне традыцый і дух Асветніцтва
У XVIII стагоддзі Раство ў каталіцтве набыло больш устойлівыя формы. Батлейкі пашырыліся па ўсёй Еўропе, стаўшы неад’емнай часткай святочнай культуры. У гэты час яны ўжо былі не толькі ў храмах, але і ў дамах. У Францыі папулярнасць набіралі santons – маленькія гліняныя статуэткі персанажаў каляднай хатняй батлейкі.
У эпоху Асветніцтва свята ўсё больш набывае свецкі характар. У Германіі і Аўстрыі пашыраецца традыцыя калядных кірмашоў. Простыя дэкарацыі з вечназялёнай расліннасці і святочныя стравы надаюць святкаванню культурнае адценне, народнае, але духоўнае ядро – малітва і літургія – застаецца нязменным.
XIX стагоддзе: сямейнае свята і новыя сімвалы
У XIX стагоддзі Раство перажывае сапраўдную трансфармацыю. У каталіцкіх краінах пашыраецца традыцыя ўсталявання каляднай елкі, якая прыйшла з Германіі.
Яе ўпрыгожваюць свечкамі, яблыкамі, цукеркамі і пазней – шклянымі цацкамі.
Укараняецца звычай абмену падарункамі, з асаблівай увагай да дзяцей. Раство адзначаецца як свята сям’і, міласэрнасці і дабрачыннасці. У гэты час таксама шырока распаўсюджваюцца калядныя песні і гімны, якія спяваюцца як у храмах, так і ў дамах. У Польшчы і Літве замацоўваецца звычай дзялення аплаткай перад каляднай вячэрай.
Мода на калядныя паштоўкі прыйшла ў Еўропу з Францыі і Бельгіі
XX стагоддзе: масавая культура і глабалізацыя
У XX стагоддзі Раство пераўтварылася ў сусветны культурны феномен. Калядныя фільмы, паштоўкі, песні замацавалі атмасферу свята ў масавай культуры. З’явіліся агульнапрынятыя сімвалы – Санта-Клаус, елка, падарункі. Аднак Каталіцкі Касцёл працягваў падкрэсліваць духоўны сэнс свята.
Асаблівае значэнне набыла папская Імша на Божае Нараджэнне, якая трансліравалася з Ватыкана па радыё і тэлебачанні. Гэта дазваляла мільёнам вернікаў адчуць духоўную лучнасць са Святым Айцом і католікамі ўсяго свету.
У 1914 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, адбылося вядомае “каляднае перамір’е”: салдаты на фронце спынілі баявыя дзеянні, спявалі калядкі і абменьваліся падарункамі.
Кракаўская шопка з’яўляецца нацыянальным калядным сімвалам у Польшчы
XXI стагоддзе: лічбавае і міжкультурнае свята
Сёння Раство выпадае на эпоху інтэрнэту і глабалізацыі. Анлайн-трансляцыі Імшаў і калядных прадстаўленняў даюць магчымасць вернікам з усяго свету з’яднацца ў момант святкавання аднаго з найважнейшых хрысціянскіх свят. Сацыяльныя сеткі распаўсюджваюць калядныя пасланні Папы, біскупаў, пробашчаў парафій.
Святкаванне сучаснага Раства балансіруе ў рэчаіснасці паміж матэрыяльным і духоўным: з аднаго боку – масавая камерцыялізацыя свята (падарункі, яркія дэкарацыі і інш.), з другога – малітва, сямейная атмасфера і духоўная аснова. У XXI стагоддзі Каляды становяцца таксама кропкай дыялогу паміж канфесіямі і культурамі, сімвалам адзінства і надзеі.
Святкаванне Божага Нараджэння – гэта жывая гісторыя, якая адлюстроўвае духоўныя пошукі, культурныя ўплывы і чалавечую патрэбу ў святле і міры. Гэта таксама шлях, які паказвае, як вера і традыцыя могуць адаптавацца да часу, але заставацца нязменным сімвалам любові і еднасці.
Падрыхтавала Вольга Сяліцкая





