
Невялікія свечкі каля абразоў па-святочнаму гарэлі на кандэлябрах. Шмат вернікаў сабралася на вячэрняй св. Імшы ў катэдральным касцёле ў Гродне. Тэлевізіёншчыкі здымалі, як скаўты заносяць у святыню Бэтлеемскі агонь, прывезены з самога Іерусаліма.
Крысціна і яе маці стаялі каля алтара Маці Божай і маліліся. Пасля заканчэння Імшы яны разам з іншымі вернікамі падышлі да галоўнага алтара, дзе гарэў Бэтлеемскі агонь. Крысціна асцярожна запаліла ад ліхтара сваю свечку і адчула, як асаблівае цяпло разлілося ў яе сэрцы.
Несучы лампадку, дзяўчынка разважала пра цуд, які аб’явіўся больш за дзве тысячы гадоў таму. Сам Бог у постаці Дзіцяці спусціўся з нябёсаў на зямлю. “Спявай і праслаўляй Вялікага Бога!” – падказвала сэрца.
Пры выхадзе на вуліцу ў твар хлынула марознае паветра. Аўтамабілі імчалі па трасе. Снег зіхацеў у святле фар. Крысціна беражліва несла лампадку, клапоцячыся, каб ветрык не пагасіў агеньчык.
Людзі з цікавасцю пазіралі на Крысціну. Раптам незнаёмы мужчына падышоў да дзяўчынкі і яе маці. Ён спытаў:
– Што гэта вы нясеце дадому? Навошта вам агонь?
– Гэта Бэтлеемскі агонь. Ён нагадвае, што Бог спусціўся на зямлю, каб быць з намі, людзьмі, – смела адказала дзяўчынка.
– Бога не існуе, – прабубніў мужчына.
– Калі Езус нарадзіўся, заззяла зорка. Яна абвяшчала, што ў гэты свет прыйшоў Збаўца. У Евангеллі запісаны шматлікія цуды, якія здзяйсняў Хрыстос. Гэта гаворыць пра тое, што Ён жыў сярод нас! Яшчэ Турынская плашчаніца прыпамінае, што Езус Хрыстус быў распяты на крыжы і ўваскрос... Бывайце. Няхай Бог дакранецца да Вашага сэрца, – упэўнена сказала дзяўчынка і пайшла далей з лампадкай. Яе вера ззяла, як агеньчык.
Падыходзячы дадому, Крысціна разам з мамай акуратна адчынілі дзверы і ўвайшлі ў пад’езд. Суседзі моўчкі глядзелі на дзяўчынку, якая несла лампадку. Яны думалі: “Вось вера, якая не гасне…”.
Прыйшоўшы дадому, Крысціна паставіла лампадку з агеньчыкам на стол – і ў пакоі адчулася незвычайная цішыня, якую не хацелася парушаць. У сэрцы дзяўчынкі гарэла нябачнае святло веры, падобнае на Бэтлеемскі агонь, які гарыць у цемры і асвятляе ўсё навокал.
Сапраўдная вера здольная асвятліць змрок, развеяць сумневы і недавер. Цуд, які аб’явіўся тады, жыве ў сэрцах вернікаў па сённяшні дзень!
Алена Запаснік





