
Узгадваючы якія падзеі 2025 года, вам хочацца з удзячнасцю звярнуцца да Бога? У чым адчувалі Яго асаблівую прысутнасць, дапамогу і любоў?
Пасля вельмі доўгага чакання я даведалася, што стану мамай. Гэта было неверагодна хвалююча. Адразу падумала: мае малітвы пачутыя і Бог вырашыў, што менавіта цяпер наша дачушка павінна прыйсці ў свет.
Цяжарнасць была няпростай, са складанымі перыядамі. І калі б не вера, што ўсё будзе добра, калі б не вялікі давер да Езуса і Марыі, я б не вытрымала. Роды прайшлі як мага лепш, у пасляродавы перыяд адчувала асаблівую прысутнасць Бога і Яго ласку. Таму, напэўна, як ні ў адзін іншы год, я зведала велізарную любоў Пана ў кожным дні 2025‑га…
Ганна Скерсь, Гродна
Вельмі ўдзячны Богу, які дапамагае кожны дзень! Ён даваў мне сілы ў гэтым годзе дасягнуць новых вышыняў у працы, пераадолець новыя вяршыні ў вучобе.
Дзякую проста за тое, што Ён ёсць і Ён блізка.
Сёлета я стаў загадчыкам рамонтнай механічнай майстэрні – гэтага чакаў вельмі доўга і зразумеў, што ўсяму свой час. Таксама я падаў дакументы для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову ў Мінску, пайду вучыцца на інжынера. Сустрэў новых сяброў.
Ілья Цівукоў, Сялявічы
Я хачу падзякаваць Богу за кожную пілігрымку ў гэтым годзе: Ліда–Тракелі і Ліда–Навагрудак, – за тое, што пазнаёмілася з добрымі і вясёлымі людзьмі. Адчувала прысутнасць Бога ў кожную хвіліну, у кожнай сустрэчы і падчас рэкалекцый.
Таксама дзякую Богу за тое, што на працягу гэтага года знайшла шмат братоў і сясцёр у Хрысце. Мы вядзём адзін аднаго да Неба, вучымся і пазнаём веру разам.
Анастасія Гольмант, Ліда
Асабліва хочацца выдзеліць два моманты гэтага года. Першае – гэта пешая пілігрымка Мінск–Будслаў. Я перажыла досвед маўклівай прысутнасці кожнага чалавека, а таксама дзеяння і духоўнай падтрымкі Маці Божай. Досвед, што вялікія рэчы і адкрыцці адбываюцца ў цішыні, глыбока ў сэрцы.
Другім момантам стаў з’езд маладых кансэкраваных асоб у Ліхэні, у Польшчы, які яшчэ больш адкрыў ува мне ўдзячнасць Богу за дар паклікання, за Яго бязмежную любоў і блізкую прысутнасць, а таксама заахвочванне маліцца за тых, хто шукае сваёй дарогі, каб быць шчаслівым.
С. Даніэля Рагацэвіч CSFN
Перш за ўсё, дзякую Богу за тое, што даў магчымасці і сілы, каб праводзіць новую евангелізацыю не толькі ў нашай парафіі, але і далёка за яе межамі – у Нароўлі, на Гомельшчыне. Дзякую Богу, што больш людзей становяцца актыўнымі ў веры, пачынаюць браць адказнасць за Касцёл, за парафію і служыць дзеля Божай хвалы.
Удзячны Богу за многія задумы і планы, якія былі здзейснены ў нашай парафіі: адкрыццё пад касцёлам св. Міхала Арханёла ў Навагрудку яшчэ адной крыпты, рэалізацыя шматлікіх культурна-духоўных мерапрыемстваў… Выпрабаванні таксама былі, але яны яшчэ больш узмацняюць і загартоўваюць духоўна.
Кс. Юрый Жэгарын
Падрыхтавала Вольга Сяліцкая





