Skip to main content
Логотип

Патрэбны валанцёры: збіраць актуальны расклад Імшаў

карта 2 чб

Каталіцкі валанцёрскі IT-праект Imsha.by займаецца абнаўленнем раскладаў св. Імшаў у касцёлах па ўсёй Беларусі. Хто і як можа дапамагчы ў гэтай справе? У чым сутнасць добраахвотніцкай працы? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да Юліі Коц-Вінча – дасведчанага валанцёра, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў заангажавана ў каталіцкі IT-праект.

– Юлія, што Вас прыцягнула да гэтай справы?

– Першапачаткова праект і сайт Imsha.by быў створаны і працаваў для горада Мінска, для яго парафій. Калі я была студэнткай, даволі часта ім карысталася.

Калі жывеш у невялікім гарадку ці вёсцы, то маеш адну Імшу ў дзень, пра што добра ведаеш. А вось у вялікім горадзе могуць быць некалькі парафій, і ты, скажам, хочаш пайсці ў касцёл у нейкі канкрэтны час. Тады гэта вельмі зручна, калі можна аператыўна даведацца, што і дзе будзе адбывацца.

Аднойчы я падумала, што было б цудоўна наведваць касцёлы не толькі ў Мінску, але і калі выязджаю кудысьці ў госці ці да сваякоў. Добра ведаць, у якія гадзіны Імша, каб мець магчымасць трапіць на сустрэчу з Езусам на Эўхарыстыі. Гэта, мусіць, і ёсць асноўная мэта стваральнікаў праекта Imsha.by – каб людзі больш набліжаліся да Хрыста, калі мы ўсе разам збіраемся на Эўхарыстыю.

Таму, калі я пачула, што праект становіцца больш маштабным, выходзіць за межы Мінска – а мы з мужам у той момант набылі дом у аграгарадку Калодзішчы, – вырашыла, што наша парафія таксама павінна прысутнічаць на сайце. Тым больш, што ў частцы новых раёнаў Мінска няма касцёлаў, і іх жыхары ездзяць у цэнтр, нашмат далей за нашу парафію. А маглі б “карыстацца” бліжэйшым касцёлам, каб ведалі аб яго раскладзе.

Калі я задумалася аб тым, што можна прыцягнуць у нашу святыню новых парафіян, пачала шукаць інфармацыю і стала валанцёрам Imsha.by, дадаўшы сваю парафію ў гэтую сістэму.

– Як выглядае працоўная руціна валанцёра?

– За кожную парафію на сайце ёсць адказны валанцёр, які сочыць, каб інфармацыя была актуальнай. Спачатку ён стварае старонку парафіі, дадае фотаздымак. Гэта займае не так шмат часу. Далей неабходна стварыць расклад Імшаў на бліжэйшы тыдзень.

Спярша можна дадаць рэгулярныя Імшы і праверыць, ці адлюстроўваюцца яны на старонцы. Са зменамі святароў часта змяняецца і расклад. За гэтым таксама неабходна сачыць у сваёй парафіі.

Асаблівай увагі патрабуюць святы і ўрачыстасці. У гэтыя дні трэба дадаць ці выдаліць гадзіны цэлебрацый св. Імшы. Насамрэч гэта займае не больш за хвіліну часу. Галоўнае для валанцёра – не забывацца пра такія змены. З пільнавання за раскладам і складаецца руціна.

Для аднаўлення рэгулярных Імшаў ёсць Telegram-бот. Ён дапамагае перанесці раcклад на будучы тыдзень, калі ўсё застаецца без змен. У гэтым і заключаецца асноўная місія праекта Imsha.by, якая палягае на тым, каб на сайце можна было знайці менавіта актуальную інфармацыю, каб чалавек пры жаданні мог гарантавана трапіць на Эўхарыстыю ў святыні, а не прыйсці і “пацалаваць клямку”, груба кажучы.

Асабліва гэта важна для такіх людзей, як, напрыклад, мая сям’я. Мы любім вандраваць і глядзець па дарозе касцёлы. Калі атрымліваецца, трапляем на св. Імшу ў якасці гасцей ці задаволены магчымасцю нават проста зайсці ўнутр святыні, каб укленчыць перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Таксама гэта важна для католікаў, якія ездзяць у іншыя месцы па працы. Сумны прыклад: 1 лістапада мой муж у камандзіроўцы не змог трапіць на Імшу, бо не ведаў дакладнага раскладу набажэнстваў у касцёле.

– Як святары ставяцца да гэтай ідэі?

– Асабіста я чула толькі пазітыўныя водгукі. Тыя святары, якім давялося распавядаць пра Imsha.by, ставіліся з цікаўнасцю і разуменнем да гэтай ініцыятывы.

Мяркую, што пробашч не можа адзін адказваць за расклад Імшаў ад парафіі на сайце, бо святары перыядычна змяняюцца. Адпаведна могуць змяняцца гадзіны цэлебрацыі Эўхарыстый. Ды і працы ў святароў у парафіі таксама хапае. Калі ініцыятыва зыходзіць ад верніка, то адзінае, што патрэбна ад пробашча, гэта згода на тое, што хтосьці з добра дасведчаных парафіян будзе штотыдзень перадаваць актуальную інфармацыю наконт Імшаў на наш сайт.

– Што было напачатку складана? Што б пачалі рабіць інакш, каб ведалі адразу?

– Насамрэч, усё адносна лёгка. Галоўнае – уважліва слухаць аб’явы на нядзельнай Імшы, каб пасля ўдакладніць расклад на сайце. На мой погляд, часам не хапае зваротнай сувязі, бо рэдка хто напіша і падзякуе, што, карыстаючыся сайтам, удала трапіў у касцёл. Можа скласціся ўражанне, што праца валанцёра не вельмі важная. Аднак расклад трэба абнаўляць штотыдзень, нават калі ўсё аднолькава, бо калі чалавек не трапіў на Імшу з прычыны памылкі на сайце – гэта правал.

Поспех праекта залежыць ад сумленнай працы валанцёраў.

Калі ў валанцёра ўзнікаюць пытанні, на гэты выпадак ёсць чаты ў Telegram – там аператыўна адкажуць. Каманда сабралася ўжо вялікая, уключаючы суполку ў Instagram, дзе людзі дзеляцца ідэямі, інфармацыяй, уражаннямі. Увогуле, планаў на праект вельмі шмат, і валанцёрам у будучыні будзе яшчэ цікавей. Напрыклад, ёсць мара дадаць на старонку парафіі інфармацыю аб актыўнасцях мясцовай супольнасці. Тады сайт стане яшчэ больш жывым і карысным.

– Што б Вы сказалі будучым валанцёрам?

– Я запрашаю ўсіх ахвотных далучацца да праекта – гэта зрабіць вельмі проста. Можна напісаць праз форму на сайце ці адкрыць кантакты і звярнуцца напрамую. Кожнаму знойдзецца месца: дапамагаць, тэхнічна падтрымліваць ці прапанаваць ідэю, якая абавязкова будзе разгледжана. Гэта асабліва важна, калі ваша парафія яшчэ не дададзена на мапу ці там ёсць толькі адзін валанцёр.

Будзе шыкоўна, калі мы разам створым анлайн-рэсурс усіх-усіх парафій у Беларусі: ад самых маленькіх да самых вялікіх. Вернікі атрымаюць доступ да вычарпальнай інфармацыі, дзе ў нашай краіне і ў якой гадзіне католікі, грэка-католікі сустракаюцца на літургіі.

Віктар Місан, сузаснавальнік і каардынатар праекта

Праект Imsha.by – гэта адзіная платформа ў свеце, якая на сістэматычнай, штодзённай аснове актуалізуе расклад св. Імшаў у парафіях. Мы вывучалі замежны досвед, але нідзе нічога падобнага не існуе.

З нашым IT-праектам супрацоўнічае каля 200 валанцёраў з розных куткоў Беларусі. Гэта вельмі шырокая аўдыторыя – католікі 12–70 гадоў, ад школьнікаў да пенсіянераў. Не абавязкова мець нейкія спецыяльныя веды, валодаць камп’ютэрнай граматнасцю, галоўнае – жаданне чалавека, наяўнасць смартфона і выхад у інтэрнэт. Мы тлумачым, прапануем валанцёрам неабходныя інструменты, каб усё было проста і зручна. У выніку гэта займае некалькі хвілін у тыдзень, але важна рабіць гэта на рэгулярнай аснове.

Большасць парафій, якія прадстаўлены ў сістэме, з вялікіх гарадоў – раённых, абласных. Цяпер наша ўвага больш скіравана на невялікія пасёлкі і вёскі. Яшчэ шмат парафій не далучыліся! Пры гэтым, аднаго валанцёра ад парафіі недастаткова – пажадана, каб іх было некалькі. Тады сістэма будзе працаваць больш дбайна і якасна.

Запрашаем цябе стаць валанцёрам ад сваёй парафіі на сайце Imsha.by. Наша мэта – гэта заўсёды актуальны расклад св. Імшаў у інтэрнэце. Калі маеш некалькі вольных хвілін на тыдзень і хочаш, каб іншыя людзі ведалі правільны распарадак цэлебрацый Эўхарыстыі ў вашай парафіі, чакаем цябе!

Размаўляў Святаслаў Вараб’ёў