
У першую нядзелю пасля Божага Нараджэння Каталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і. Сям’і ўнікальнай, бо ў ёй нарадзіўся Божы Сын, але і звычайнай, бо, як зазначыў папа Ян Павел II, усё, што датычыць кожнай чалавечай сям’і – яе прырода, абавязкі, цяжкасці, – было і ў жыцці Юзафа з Марыяй і Езусам.
Святая Сям’я з Назарэта, учыні таксама нашыя сем’і асяродкам еднасці i Вячэрнікам малітвы, праўдзівай школай Евангелля і маленькім хатнім Касцёлам!
Як жыццё Божай Сям’і з Назарэта, гэтак жа скрыта ад знешняга свету і штодзённасць многіх сем’яў. У іх таксама з дня ў дзень праяўляецца ўменне ціха любіць, вырашаць складаныя моманты, служыць адно аднаму, жывучы сваё “звычайнае” сямейнае жыццё. У гэтых чалавечых абавязках і сітуацыях таксама прысутны Бог: так, як было некалі ў Назарэце.
Натхнёныя тэксты, якія апісваюць асобныя падзеі з жыцця Марыі і Юзафа, прадстаўляюць іх сумесны шлях не як бесклапотны, а наадварот – поўны разнастайных выклікаў, сярод якіх яны таксама не ведалі, што рабіць, і патрабавалі Божай дапамогі. “Мяне ў добрым сэнсе слова здзіўляе св. Юзаф, – разважае Павел Бяленік, муж і тата траіх дзяцей. – Яго нарачоная зацяжарыла, Анёл сказаў застацца з Ёй. Потым былі пошукі прытулку ў Бэтлееме. Першыя дні пасля нараджэння Езуса сям’я правяла ў хляве. Затым трэба было ўцякаць у Егіпет… І ніводнае слова ў Евангеллі не паказвае, што Юзаф быў змучаны або раздражнёны абставінамі. Толькі ціхае і пакорнае служэнне Марыі і Езусу”. Марта Бяленік, жонка Паўла, бачыць ў Святой Сям’і “поўную адданасць волі Бога і суцэльны давер Яму”.
Павел і Марта Бяленікі ажаніліся 13 гадоў таму. Яны абодва паходзяць з каталіцкага рэлігійнага асяроддзя. Да шлюбу часта ўдзельнічалі ў арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў у душпастырстве, пілігрымак. “Мы мелі магчымасць убачыць адзін аднаго ў розных сітуацыях і з розных бакоў. Сумеснае вырашэнне праблем нам і сёння дапамагае, – дзеліцца Марта. – Пасля шлюбу таксама шмат рэчаў рабілі разам, часта банальных: прыгатаванне ежы, паход у краму, кіно, на шпацыр”. Павел узгадвае, што падчас дэкрэтнага водпуску жонкі стараўся кожны дзень прыехаць дадому на абед, каб правесці больш часу супольна.
Сужонкі дзеляцца, што агульныя каштоўнасці дапамаглі ім выбудаваць узаемны давер. “Мы веруючыя людзі, і для мяне гэта азначае пэўны ўзровень жыццёвых прынцыпаў, – тлумачыць Марта. – Вера аб’ядноўвае нас праз супольную малітву, дае магчымасць бачыць, як іншы чалавек перажывае свае адносіны з Богам і вучыцца ад яго. У гэтым шмат прыгажосці”.
Марта прызнаецца, што напачатку ёй было складана зразумець і прыняць, што хоць муж і католік, але на пэўныя рэчы можа мець свой погляд. “І гэта не штосьці дрэннае, проста ён думае па-іншаму. А дзяленне думкамі, пачуццямі без страху быць незразуметым – важны элемент будавання адносін у сям’і”, – гаворыць верніца.
Са з’яўленнем дзяцей галоўным выклікам для пары, як гэта бывае ў многіх, стала “поўная перабудова жыцця”. У сужэнстве гадуюцца трое дзяцей: Радаслаў, Эмілія і Эвеліна. Нягледзячы на клопаты і выклікі, вялікая радасць “трымаць за руку кагосьці, каго можна назваць сынам або дачкой, і разумець, што дзеці на 100% давяраюць табе і з табой адчуваюць сябе бяспечна”. Марта дадае, што сёння для іх як бацькоў асноўнай складанасцю з’яўляецца скіраванне да дзяцей адпаведных слоў у патрэбным моманце, каб растлумачыць, што ў сучасным свеце можна, а што – не; каб абараніць іх ад негатыўнага ўплыву.
У сям’і Бяленікаў ёсць свае традыцыі. У кастрычніку бацькі разам з дзецьмі разам ходзяць на ружанцовае набажэнства, у Адвэнт – на Рараты. Падчас Вялікага посту яны супольна ўдзельнічаюць у Крыжовым шляху. “Лета – гэта для нас пілігрымка ў Тракелі і ўрачыстасць св. Антонія ў францішканах (парафія Маці Божай Анёльскай у Гродне, якой апякуюцца айцы францішкане – заўв. аўт.). Такі рытм надае пэўную структуру нашым узаемным планам”, – тлумачыць Марта.
Нягледзячы на шматлікія сямейныя і працоўныя абавязкі, сужонкі стараюцца прысутнічаць у жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне, быць карыснымі хоць бы невялікай справай і пасвечаным часам. Як Павел дапамагае рукамі, Марта – у арганізацыі калядных прадстаўленняў і канікул з Богам. Як зазначаюць, для іх важна паказваць сваім дзецям – разам з патрэбай малітвы, удзелу ў нядзельнай св. Імшы – неабходнасць актыўнай пазіцыі кожнага верніка ў Касцёле.
Кацярына Паўлоўская





