Skip to main content
Логотип

21 снежня – каментарый да Евангелля на IV Нядзелю Адвэнту (Мц 1, 18–24)

6 1 1 3

Дар сэрца

Евангелле рыхтуе нас да свят Божага Нараджэння. На заключным этапе адвэнтавага шляху бачым св. Юзафа, які павінен дапамагчы нам падрыхтаваць свае сэрцы да прыйсця Збаўцы.

Анёл, які прыходзіць да Юзафа ў сне з важным пасланнем, перадае тры важныя звесткі таксама сучаснаму чалавеку. Найперш, ён гаворыць Юзафу: “Юзэфе, сыне Давіда” (Мц 1, 20). Гэта адзіны ў Новым Запавеце фрагмент, дзе да кагосьці іншага, акрамя Езуса, звяртаюцца з тытулам “Сыне Давіда”. Бог нагадвае Юзафу, што ён чалавек каралеўскага роду, што ў яго ёсць свая задача і місія. Мы, хрысціяне, таксама маем каралеўскае паходжанне. Наш Кароль – Езус Хрыстус. У гэтых словах Бог хоча нагадаць, што і мы паходзім ад Езуса, маем велізарную годнасць, якую трэба цаніць і шанаваць.

Далей анёл гаворыць Юзафу: “Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю…” (Мц 1, 20). Бог заахвочвае Юзафа пераадолець страх, які абмяжоўвае яго мысленне. Нас у жыцці страх таксама моцна паралізуе. Яго не трэба заглушаць; страх – гэта вораг, якога трэба перамагчы. Тады з’яўляюцца новыя перспектывы і можна зразумець у жыцці штосьці больш.

Так зрабіў Юзаф, які далей чуе: “[…] бо зачатае ў Ёй ёсць ад Святога Духа” (Мц 1, 20). Бог аб’яўляе Юзафу частку плану збаўлення. У гэтым плане ён павінен выконваць важную ролю, каб аказаць дапамогу Марыі і Езусу. Усе мы пакліканы дапамагаць Богу ў плане збаўлення, які працягвае здзяйсняцца. Бог хоча быць з людзьмі, таксама праз нашы рукі, час, грошы, размовы, малітву, усмешку… У кожнага з нас ёсць свая задача. Адвэнт заахвочвае прыняць нарэшце гэты выклік, а не ўцякаць ад яго.

Лічыцца, што найлепшыя і найцудоўнейшыя падарункі – тыя, якія дорацца ад усёй душы. Няхай нашай неабходнай падрыхтоўкай да сустрэчы з Богам будзе зрабіць для Яго штосьці асаблівае, ад чыстага сэрца!

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду