Skip to main content
Логотип

28 снежня – каментарый да другога чытання на свята Святой Сям’і (Клс 3, 12–21)

6 1 1 3

Повязь дасканаласці

Шмат гаворыцца пра тое, што ў наш час сям’я перажывае крызіс: людзі не хочуць звязваць сябе сталымі адносінамі з іншай асобай, не хочуць браць абавязкі па выхаванні дзяцей. У свеце, які развіваецца, мабыць, хочацца жыць і радавацца, а не адчуваць сябе камусьці ў чымсьці павіннымі.
Словы апостала Паўла сёння могуць здавацца нам, у пэўнай ступені, архаічнымі: “Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як належыць у Госпадзе. Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх. Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам вашым ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду” (Клс 3, 18–21). Ці не заклікае апостал да прыгнёту жанчын мужчынамі, а дзяцей – бацькамі?

Адказ на такія закіды ў бок хрысціян, якія даводзіцца раз-пораз чуць, знаходзім у тым самым чытанні: “А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці” (Клс 3, 14). Любоў – гэта ключ да разумення адносін у сям’і і сучаснага яе крызісу. Там, дзе ёсць любоў, муж не будзе прыгнятаць жонку (ці наадварот), бацькі не будуць маніпуляваць дзецьмі. А там, дзе любові няма, чалавек будзе імкнуцца жыць для сябе і не будзе аддаваць сябе іншай асобе – мужу, жонцы, дзецям. Пра сям’ю, у якой пануе любоў, цудоўна сказаў св. Ян Залатавусны: “Дзе мужчына, жанчына і дзеці ў згодзе і любові злучаныя сувяззю цноты, там паміж імі Хрыстос”.

Шлях любові – гэта вельмі складаны шлях. Нездарма ў візантыйскай традыцыі падчас шлюбу ў самы ўрачысты момант Тайны, калі на галовы маладых сужонкаў ускладаюць вянцы (кароны), гучыць спеў, які ўслаўляе мучанікаў: “Святыя мучанікі, што добра змагаліся і былі ўвенчаныя, маліцеся Госпаду, каб Ён спагадаў душам нашым”. Але прыслухаемся да парады апостала Паўла, які заклікае нас праходзіць гэты шлях “церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Госпад дараваў вам, так і вы” (параўн. Клс 3, 13).

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду