
Апавяданне аб цудадзейным абразе, вакол якога існуе вялікая колькасць розных міфаў, паданняў і гісторый яго з’яўлення і праяўленых даброт у шчырай малітве, надалі невялікаму мястэчку Бялынічы параўнальную назву “Беларускі Чэнстахоў”.
Таямнічае з’яўленне
Гісторыя мае два пункты гледжання на паходжанне іконы Маці Божай Бялыніцкай – “праваслаўны” і “каталіцкі”. Сапраўды, з’яўленне ў старажытныя часы абразоў розных традыцый, жаданне канфесій “валодаць” вядомымі святынямі, нараджалі часам насамрэч міфалагічныя гісторыі. Але, калі мы глядзім у сутнасць паданняў, заўважаем, што сустрэча дзвюх хрысціянскіх традыцыйных культур хоць і нараджала разнастайныя гісторыі, але ніколі не прыніжала каштоўнасць самога абраза як крыніцы Божай ласкі і міласэрнасці.
Па адной з царкоўных версій, ікону прынеслі са старажытнага Кіева манахі ў часы разбурэння горада татарскімі войскамі хана Батыя. Па другой версіі, абраз выкралі з брамы праваслаўнага манастыра ў Оршы і перадалі яго ў кармэліцкі кляштар. Існуе і гісторыя аб тым, што ікону сапраўды перадалі з Оршы, але самі праваслаўныя манахі айцам кармэлітам у 1623 годзе праз канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегу. Звязана гэтая падзея была з актыўным распаўсюджваннем Царкоўнай Уніі.
Магчыма і тое, што манахі кармэліты, якія жылі і гаспадырылі ў заснаваным у 1621 годзе бялыніцкім кляштары, доўгі час марылі набыць прыгожы абраз Маці Божай. І вось у 1634 годзе да іх завітаў мастак-пілігрым, які напісаў слаўны абраз. Ён лічыўся настолькі прыгожым, што пазней гаварылі, нібы быў створаны анёлам.
Улічваючы гістарычныя звесткі і іканаграфічныя асаблівасці, спецыялісты лічаць, што ікона была напісана ў першай палове XVII стагоддзя. Дакладна вядома аб тым, што ў 1635 годзе яна знаходзілася ў бялыніцкім кармэліцкім кляштары, дзе адбылося задакументаванае ўскладанне на ікону аздоб маршалкам ВКЛ Крыштафам Завішам, які, акрамя таго, ахвяраваў для абраза вечную лампаду.
Выратавальніца фартэцыі
У 1660 годзе абраз апынуўся ў Ляхавіцкай фартэцыі, куды трапіў пры намаганні вывезці яго ў Кракаў з-за пагрозы вайны. І з гэтым звязана яшчэ адна цудоўная гісторыя. Яна распавядае, што запрэжаныя коні, на якіх перавозілася ікона, прыпыніліся каля фартэцыі і не жадалі ісці далей, пакуль камендант Міхал Юдзіцкі разам са святарамі не прынялі абраз на захоўванне.
Неўзабаве прыйшла вайна. Фартэцыя была акружана моцным маскоўскім войскам, якое доўгі час безвынікова намагалася яе ўзяць. Юдзіцкі даў загад і ўдзень, і ўначы маліцца перад цудадзейным абразом. На здзіўленне саміх штурмуючых фартэцыя не была пакорана і ўвайшла ў беларускую гісторыю як прыклад мужнасці і Божай дапамогі. А ікону Маці Божай Бялыніцкай з таго часу пачалі параўноўваць з іконай Чэнстахоўскай Багародзіцы.
Каранацыя
З пачатку XVIII стагоддзя фіксуюцца дакументальна аформленыя сведчанні аб аздараўленні хворых пасля малітваў перад бялыніцкай іконай. Ужо ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пачаўся працэс пацвярджэння цудадзейнасці іконы Маці Божай Бялыніцкай у сувязі з ініцыятывай яе каранацыі.
У 1755 годзе спецыяльна створаная камісія правяла апытанне сведкаў цудадзейнасці, і 8 верасня 1761 года адбылася ўрачыстасць каранацыі. Бялыніцкі абраз стаў другім каранаваным абразом на тэрыторыі ВКЛ (пасля Жыровіцкага).
Загадкавае знікненне
У 1832 годзе кляштар кармэлітаў быў ліквідаваны ўладамі, а ў 1876 годзе ўжо зачынены касцёл перайшоў ва ўладанне праваслаўнай царквы і быў пераасвечаны. І тут зноў з’яўляюцца таямніцы, суправаджаючыя лёс бялыніцкага абраза.
Праваслаўнае паданне сведчыць аб тым, што ў XIX стагоддзі ікона знаходзілася ў бялыніцкай царкве, і нават існуюць яе недакладныя апісанні. Афіцыйна лічыцца, што, страціўшы ў 20-х гадах XX стагоддзя аздобы, абраз трапіў у Магілёўскі абласны музей і знік у часы Другой сусветнай вайны. Але і тут паўстае шмат гісторый выратавання іконы. Ёсць нават сведчанне, што апошні пробашч парафіі Люцыян Гандлеўскі ўкрываў арыгінал іконы, які пазней апынуўся ў Польшчы, дзе і знаходзіцца сёння.
На працягу XVIII–XIX стагоддзяў па інітыятыве айцоў кармэлітаў быў зроблены шэраг спісаў іконы. Да нас дайшлі спісы з-пад Нясвіжа, Ліды, Мядзеля, Вільні.
Узгаданая святыня жыве і зараз праз малітву і ўдзячнасць за Божую ласку, якая не пакідае вернікаў, захоўваючы памяць на вякі.
Віктар Малежык





