
Сёння нямала людзей маюць патрэбу ў падтрымцы, часам кавалку хлеба або добрым слове. Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас»” Гродзенскай дыяцэзіі рэалізуе шматлікія праекты, мэта якіх – аказанне дапамогі асобам, што па розных прычынах апынуліся ў няпростых жыццёвых абставінах.
У трэцюю нядзелю Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень “Карытас”. У гэты дзень ва ўсіх святынях нашай краіны вернікі складаюць ахвяраванні на ўтрыманне дабрачыннага каталіцкага таварыства і моляцца за тых, хто ўтварае гэтую арганізацыю і дапамагае ёй.
Якія дабрачынныя праекты рэалізуе “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі?
Наталля Вішнеўская, каардынатар праектаў
З найбольш маштабных праектаў можна выдзеліць будаўніцтва дома міласэрнасці для састарэлых у Сапоцкіне. Важны праект – сацыяльна-бытавы пункт для маламаёмных у Гродне. Гэта месца, дзе выдаецца гарачае харчаванне, можна скарыстацца душам, папраць адзенне. Кожны дзень на пункт за паслугамі звяртаецца ад 150 да 180 чалавек. У такім жа рэжыме працуюць сацыяльныя пункты дапамогі “Карытас” у Гродне і Іўі, дзе патрабуючых забяспечваюць адзеннем, абуткам, прадуктамі харчавання і іншымі рэчамі, неабходнымі для жыццядзейнасці.
На працягу доўгага часу рэалізуецца праект “Мабільная дапамога”. Гэта тэрміновая падтрымка прадуктамі харчавання першай неабходнасці пажылых і самотных асоб, малазабяспечаных сем’яў, якія пражываюць у аддаленых сельскіх раёнах.
У 2023 годзе стартаваў гуманітарны праект “Vibes для моладзі”. За гэты час 208 маладых людзей прайшлі навучанне на трэнінгах па прафарыентацыі і самавызначэнні. Так 62 асобы атрымалі дадатковую падрыхтоўку на прафесійных курсах, для 33 былі закуплены профінструменты. Многія працаўладкаваліся, сталі самазанятымі.
Трэба адзначыць, што за апошні год колькасць валанцёраў у “Карытас” павялічылася ўдвая. Мы стараемся з імі актыўна ўзаемадзейнічаць: запрашаем на рэкалекцыі, сустрэчы, разам праводзім дабрачынныя акцыі. Цешыць, што шмат неабыякавых людзей сёння гатовы ахвяраваць свой час, навыкі і сілы, каб жыццё іншага чалавека стала крыху лепшым.
Якія сацыяльна ўразлівыя групы насельніцтва падтрымлівае “Карытас”?
Яніна Даукшыс, загадчыца сацыяльнага пункта дапамогі
Сацыяльную дапамогу ў “Карытас” могуць атрымаць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, хворыя, бедныя, бяздомныя, беспрацоўныя, а таксама людзі, якія знаходзяцца ў складаным матэрыяльным і жыццёвым становішчы (напрыклад, самотныя, пенсіянеры, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і). Дапамога каталіцкага дабрачыннага таварыства аказваецца ўсім патрабуючым, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці.
Як Вы даведаліся пра “Карытас”? Якую дапамогу атрымалі ад дабрачыннага таварыства?
Аліна Лукуць, 57 гадоў
Пра “Карытас” я даведалася амаль 10 гадоў таму назад, калі цяжка захварэла мая мама. Вельмі былі патрэбны падгузнікі для ляжачых. І вось тады суседка параіла мне звярнуцца ў дабрачынную арганізацыю. Я была вельмі здзіўлена, што акрамя падгузнікаў у “Карытас” прапанавалі яшчэ і пялёнкі, крэсла для душа, спецыялізаваны ложак для цяжкахворага... Мне тады вельмі дапамаглі ў няпросты час.
Я шчыра ўдзячная за ветлівыя адносіны супрацоўнікаў, за іх стаўленне да людзей у патрэбе. Вялікі дзякуй усім за тую вялікую і неабходную работу, якую вы робіце!
Ірына Новік, 41 год
Я шматдзетная мама. Дзякуючы “Карытас”, я скарысталася магчымасцю атрымаць новую прафесію. У рамках гуманітарнага праекта “Vibes для моладзі” прайшла курсы “Кройкі і шыцця” і “Пашыў бялізны”.
Пасля завяршэння навучання мне дапамаглі набыць прафесійныя інструменты. Гэтая падтрымка стала вельмі значнай: я паверыла ў сябе, свае сілы і праз самарэалізацыю адкрыла перспектыву дадатковага заробку, атрымаўшы ўпэўненасць у больш стабільнай будучыні для маіх дзяцей.
Чаму варта займацца дабрачыннасцю?
Алена Гаўрыльчык, валанцёр
Ужо шмат гадоў я дапамагаю ў сталовай для бедных. Штодня бачу розных людзей з рознымі лёсамі. Адзін хоча, каб яму дапамаглі, у другога не атрымліваецца… І я разумею, што ўсяк у жыцці можа быць.
У самой быў перыяд, калі засталася без працы, з трыма дзецьмі-школьнікамі, муж хворы… Было цяжка, але нават не столькі матэрыяльна, колькі маральна. Прасіць дапамогі я саромелася: “Я ж маладая, магу працаваць. Проста так выйшла...”. Упэўнена, лепш дзесяць разоў даць, чым адзін раз прасіць. Гэта цяпер разумею, што звяртацца за дапамогай не сорамна.
Сёння, гледзячы на чаргу ў сталовай за супам, парой і задумаешся: “Госпадзе, каб толькі не апынуцца па той бок акенца…”. Усё ў жыцці можа здарыцца, і кожны можа аказацца на гэтым месцы. Лічу, што трэба дапамагаць тым, каму зараз цяжэй, уяўляючы, як людзям няпроста.
Ангеліна Целеш – валанцёр
Валанцёрства для мяне не проста занятак. Гэта асаблівая частка майго жыцця і месца, дзе адчуваю натхненне і магу служыць праз медыя і свае творчыя здольнасці. Я ўсё больш разумею, што кожнае неабыякавае сэрца хрысціяніна паклікана несці іншым досвед любові і дабрыні. І гэта не проста прыгожыя словы, гэта шлях, якім вядзе нас сам Хрыстос.
Мяне як маладую асобу асабліва кранаюць моманты, калі чалавек можа застацца адзін: без падтрымкі, без дапамогі, сам-насам з цяжкім захворваннем або сітуацыяй, якая здаецца безвыходнай. У такія хвіліны адчуваю, што Бог кліча мяне быць побач з такімі людзьмі – хоць бы праз маленькі ўчынак, праз прысутнасць і ўвагу.
Ці ж не да гэтага заклікае нас Збаўца? Ён сам паказаў прыклад служэння, якое не шукае ўзнагароды, а ідзе да таго, хто ў патрэбе. У Евангеллі чуем словы: “Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе” (Гал 5, 13–14).
Гэтыя словы вучаць бачыць у кожным чалавеку Хрыста. І калі я служу іншаму, я служу Госпаду. Калі мы прычыняемся да дабра, то яшчэ больш адкрываем сэрца, змяняем унутранае пачуццё і адчуваем, што Бог дзейнічае праз кожнага, нават калі, магчыма, гэтага не заўважаем.
У чым сутнасць сацыяльнага вучэння Касцёла?
Кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас»” Гродзенскай дыяцэзіі
Калі гаварыць пра сацыяльнае служэнне ўвогуле, то трэба сказаць, у першую чаргу, пра прынцып агульнага дабра. Найважнейшай матывацыяй для нас, людзей веры, з’яўляецца служэнне ў духу Евангелля, служэнне па словах і прыкладзе Езуса Хрыста. Менавіта ў такім кантэксце чалавек вучыцца рэалізоўваць сябе на шляху веры і ў духу міласэрнасці.
І тут я бы паўтарыў словы кардынала Анджэла Садана, што “сацыяльнае вучэнне мае таксама каштоўнасць як інструмент евангелізацыі, паколькі паказвае адносіны чалавечай асобы і грамадства ў святле Евангелля. Прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла, якія вынікаюць з натуральнага закону, пацвярджаюцца і ўмацоўваюцца згодна з верай Касцёла, Евангеллем Хрыста”. Гэта вельмі моцны аспект жыцця ў грамадстве, які паказвае прысутнасць Божага духу на зямлі праз чалавека.
Падтрымаць дыяцэзіяльны “Карытас” можна таксама праз сістэму “Разлік” (ЕРИП): Благотворительность, общественные объединения → Религиозные объединения → Каритас Гродненской епархии → Пожертвование.
Ангеліна Пакачайла





